weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 16° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 12° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 16° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3197
1 долар 2.0052
100 рас.руб. 3.1516
31.01.2018 12:40 ,

Перад выхадам на лёд хакеісты выкручваюць з дзяснаў зубы

Масажыст "Дынама-Маладзечна" Віктар Каранеўскі выходзіць на лёд толькі падчас масавых катанняў.

– Віця, нешта пасля твайго масажу спіну зводзіць.– Віця, я разагнуцца не магу, зрабіў дык зрабіў масаж.

У дзверы пакоя для заточкі канькоў, дзе мы гутарым з трэнерам-масажыстам хакейнай каманды “Дынама-Маладзечна” Віктарам Каранеўскім, перыядычна заглядваюць задаволеныя хакеісты, усміхаюцца і “троляць” свайго калегу. 
– Не звяртайце ўвагі, – кажа Віктар, – гэта ў нас звычайная сітуацыя. Патроліць, пасмяяцца, “падчапіць” адзін аднаго. Мы ж вялікая сям’я, таму жарты ўспрымаем нармальна. 

– А крыўды здараюцца? 

– Хакей – гульня эмацыйная, вострая. Але мы беражом адзін аднаго, пасля паразы ў нас больш церпіць мэбля. Тады ўсё ляціць у розныя бакі, а паміж сабой мірымся. Хакеісты, бывае, выказваюць прэтэнзіі адзін да аднаго. Але на стале масажыста не павінна быць ніякіх крыўдаў. Толькі масаж, толькі разагрэў, толькі аднаўленне.

Віктар Каранеўскі працуе з хакеістамі “Дынама-Маладзечна” з моманту стварэння каманды, ужо чатыры гады. 

– Можна сказаць, збылася мая мара. Я заў­сёды марыў быць звязаным са спортам. Спартсмена не атрымалася з мяне, затое масажыст, так.

Віктар расказвае пра сваю працу і перавязвае на запясцях эластычны бінт.

– Выдаткі прафесіі. Нас яшчэ ва ўніверсітэце папярэджвалі, што праз пяць гадоў практыкі так ці інакш масаж дасць адбітак. У кагосьці пачынаюць балець плечы, у некага ногі, а ў мяне вось запаляюцца запясці. Канешне, не проста масажыраваць хакеістаў. Вы ж бачыце, якія яны здаровыя. У хакеіста адна нага, як дзве ў нармальнага чалавека. 

Масажыруе хакеістаў Віктар, як правіла, перад гульнёй, каб у спартсменаў разагрэліся мышцы. 

– Але трэнер-масажыст не толькі займаецца непасрэдна масажам. Я яшчэ сачу за пітным рэжымам гульцоў, за падрыхтоўкай да гульні, да трэніровак. Аказваю першую дапамогу, бо хакей – гэта заў­сёды ўдары, парэзы, вывіхі, рассячэнні. Аднаму шайба прыляцела, другі пальцы на руцэ зламаў. Прычым на трэніроўках траўмаў не меней, чым на гульнях. 

Ёсць у камандзе “Дынама-Маладзечна” і “шчасліўчыкі”, якім часцей за ўсё “прылятае”. 

– Напрыклад, Паша Печур, мы яго называем “жалезны чалавек”. Мяркуйце самі. Гулялі мы, здаецца, з Салігорскам.

Паша абараняў вароты, калі яму ў нагу трапіла шайба. Ён ад болю нават упаў на лёд і закрычаў. Але падняўся. І тут жа, у гэтае ж месца, зноў прылятае шайба.

Але Паша дагуляў гульню. Прыходзіць да мяне на масаж пасля, а ў яго задняя паверхня сцягна ўся чорная. 

А пасля была гульня з мінскім “Юнацтвам”. Нашы хакеісты на выездзе ў белай форме, гульню здымае тэлебачанне. І тут Пашу рассеклі падбародак. Кроў чырвонай манішкай залівае ўсю форму. Паша ідзе ў распранальню і просіць доктара заклеіць яму падбародак. Доктар нават больш на лёд Пашу выпускаць не хацеў. Але падбародак заклеілі, Паша мужна выйшаў на лёд і дагуляў тую гульню. “Жалезны чалавек”, не іначай. 

Форма ў хакеістаў такая, што адкрытай, бадай, толькі і застаецца ніжняя частка твару. 

– Таму і церпяць сківіцы і падбародкі. Але як гуляць па-іншаму? Толькі ў форме кінолага, на якога сабакі нападаюць, каб ні адной не закрытай часткі цела не было? 

Але, расказвае Віктар, хаця пра фірменныя ўсмешкі хакеістаў ведаюць усе, праблемы з зубамі далёка не самыя распаўсюджаныя.

– Многія хакеісты перад матчам проста выкручваюць свае штучныя зубы з дзясны. Гэта і больш бяспечна, і не так дорага, як пасля выпраўляць усмешку ў стаматолага. Адгуляюць і ўкручваюць назад. 

Адна з цяжкасцяў у працы масажыста якраз і заключаецца ў тым, што да кожнага гульца павінны быць індывідуальны падыход. 
– Яны ж усе траўмаваныя. Хтосьці больш, хтосьці менш, таму масаж трэба рабіць ведаючы, дзе што ў каго было пабітае або паламанае. Да таго ж, хтосьці любіць больш жорсткі масаж, каб іскры з вачэй сыпаліся, а для некага лёгкага сагравання перад гульнёй будзе дастаткова.

Перад гульнямі, кажа Віктар, у яго чарга ўсё ж не стаіць.

– Акрамя маіх рук, у нашых распранальнях ёсць спецыяльныя масажныя прыстасаванні. Хакеіст сам можа зрабіць сабе масаж або проста зрабіць расцяжку. 

На пытанне, ці думаў Віктар пра тое, каб змяніць месца працы, ён катэгарычна адказаў:
– Ні разу за чатыры гады, ні адной хвіліны не думаў. Тут жа ўсё: і адрэналін, і азарт, і адчуванне сябе часткай нечага вялікага, агульнага. Я, акрамя таго, што падчас матчаў выконваю свае прафесійныя абавязкі, яшчэ перажываю за каманду. Шчыра радуюся яе перамогам. І вельмі шкадую, калі нехта з хлопцаў перахо­дзіць у іншую каманду. Бо тут да кожнага прырастаеш душой. 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце