weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 16° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 12° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 16° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3197
1 долар 2.0052
100 рас.руб. 3.1516
05.03.2018 12:15 ,

“Яна ляжала на зямлі і цалавала”. Што расказваюць пра род Бароўскіх, з чыіх фота адкрылі выставу ў Вілейцы

Фота прадастаўлена Катажынай Атвіноўскай.

Фотарэпартаж з адкрыцця можна паглядзець па спасылцы.

Старшыня вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў Дзяніс Канецкі ўпэўнены, што атрыманыя здымкі Вілейшчыны першай паловы 20 стагоддзя былі марай любога краязнаўцы.

Год таму краязнаўца спрабаваў перапісвацца са спадчынніцай роду Сафіяй Бароўскай, што жыла ў Польшчы. Але жанчына ўжо пайшла з жыцця, а ў перапіску ўступіла дачка Катажына Атвіноўская.

Фотакарткі паказваюць вельмі розныя бакі тагачаснага жыцця. Мы бачым сямейныя партрэты, варажбу ў салоне, паляванне, як панскія і сялянскія дзеці разам гушкаюцца на арэлях і як Казімір Бароўскі кантралюе сплаў лесу па Віліі. Уборы, прычоскі і інтэр’еры хаваюць дэталі, пра якія можна разважаць і ўяўляць, як і чым жылі гэтыя людзі.

Былы дырэктар музея Сяргей Ганчар падзяліўся тым, што даведаўся падчас вывучэння шляхетных родаў Вілейшчыны.

Ніколі не адасаблялі сябе ад простых людзей, былі гатовыя дапамагчы. А галоўнае, што былі сапраўднымі гаспадарамі на зямлі, укаранялі ўсе навінкі сельскай гаспадаркі. І з ручной дойкі мелі такі аб’ём малака, які і цяпер не заўсёды дасягаюць з адмысловай апаратурай.

Ганчар распавёў пра цёплыя водгукі “пра паноў” прабабулі віляйчанкі Святланы Макарэвіч, якая працавала ў Бароў­скіх пакаёўкай. Мы папрасілі жанчыну падрабязней расказаць гэту гісторыю.

Прабабуля Марыля Ясюкевіч жыла пры панскім двары ў Юнцавічах. Яе муж служыў у стражніцы ў Альковічах, але яго лёс пасля 1939 года невядомы.

– Часта расказвала, што хаця і служылі, але заўсёды ў сям’і былі і ­адзетыя, і накормленыя. На Каляды паны ставілі для ўсіх ёлку, падарункі дарылі і дзецям служак. А пасля саветаў жылі кутам – адна сям’я займала кут у доме. Збіралі мерзлую бульбу. Яшчэ пры панах дачка Марылі, мая бабка Ядзя, добра вучылася і спявала, дык Бароўскія хацелі адправіць на навуку ў Варшаву.

Аднак лёс Ядзі склаўся інакш пасля 1939 года. Яна рана выйшла замуж, у канцы вайны муж разам з іншымі салдатамі апынуўся ў Польшчы. Ядзя засталася адна з двума дзецьмі. Хаця муж клікаў да сябе, не пусцілі. Каб больш зарабляць, часта здавала кроў і стала ганаровым донарам, працавала свінаркай, была дэпутатам Вярхоўнага Савета, атрымала ордэн Леніна.

Здымак з сямейнага архіва Бароўскіх. Злева Зоф’я з лукавецкіх Бароўскіх (мама Сафіі Бароўскай, што цалавала зямлю ў Юнцавічах, і бабуля Катажыны, што даслала фотаздымкі Канецкаму), невядомы, Казімір Бароўскі і Міхаіл (з шапкай), яго брат Аляксандр з Юнцавічаў, двое невядомых.

Святлана памятае, як аднойчы Сафія Бароўская прыязджала на Вілейшчыну:

– Ішла туды, дзе быў маёнтак у Юнцавічах, пасля пачала бегчы, хоць і ў сталым веку. Як убачыла месца, дзе стаяў маёнтак, упала, ляжала на гэтай зямлі і цалавала. Узяла жменьку ў хустку, каб завезці ў Польшчу.

Пасля прагляду здымкаў героі ўяўляюцца вельмі блізкімі. Адчуць гэта на сабе можна ў выставачнай зале да 7 сакавіка.

Архіўныя фотаздымкі прадстаўленыя Катажынай Атвіноўскай.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце