weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -4° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -5° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4033
1 долар 2.1241
100 рас.руб. 3.1913
07.03.2018 14:19 ,

Адкуль у Беларусі ўсплёск коклюшу, як пазбегнуць рэакцый на прышчэпкі і якія лепш выбіраць, расказвае педыятр

Фота Зоі Хруцкай.

Што неабходна ведаць пра прышчэпкі: ад чаго, калі і якія рабіць

Прышчэпкі робяць выключна ад інфекцыйных хвароб. Але далёка не ад усіх, а толькі ад складаных, небяспечных, здольных выклікаць цяжкія ўскладненні. І ад інфекцый, на якія адначасова хварэе мноства людзей – напрыклад, ад грыпу.

Дзяцей, перш за ўсё, прышчэпліваюць ад так званых дзіцячых інфекцый – коклюшу, дыфтэрыі, краснухі, адру, эпідпаратыту, поліяміэліту і іншых. Таксама ад тых хвароб, якія могуць напаткаць у любым узросце – туберкулёзу, віруснага гепатыту, слупняку.

Апошнім часам бацькі пачалі ўсё часцей прасіць адказаць на пытанні, якія тычацца вакцынацыі дзяцей першых двух гадоў жыцця. Тлумачым самыя актуальныя моманты ў гэтай публікацыі.

Так як вакцыны “АКДС” не было ад кастрычніка 2017 года, было прыпыненае правядзенне рэвакцынацыі паўтарагадовым дзецям. 21 лютага “АКДС” паступіла ў дзіцячую паліклініку, і мы запрашаем усіх дзяцей, хто не паспеў атрымаць рэвакцынацыю ў гэтым узросце. Вакцыны дастаткова, каб прышчапіць усіх дзяцей, якім яна патрэбная.

“АКДС” – прышчэпка расійскай вытворчасці, расшыфроўваецца як “адсарбаваная коклюшна-дыфтэрыйна-слупняковая».

Чым адметная вакцына “Эўпента”

Растлумачым асаблівасці новай вакцыны карэйскага вытворцы “Эўпента”. Яна ёсць ва ўсіх структурных падраздзяленнях Маладзечанскай ЦРБ.

Вакцына “Эўпента” – камбінаваная пяцікампанентная прышчэпка для прафілактыкі дыфтэрыі, коклюшу, слупняку, гепатыту В і гемафільнай інфекцыі. Яе можна выкарыстоўваць для вакцынацыі дзяцей да года, калі ў бягучым месяцы плануюцца прышчэпкі супраць коклюшу, дыфтэрыі, слупняку і віруснага гепатыту В.

Вакцынацыю супраць поліяміэліту дзіця атрымае асобна вакцынай “Імавакс”. Гэта пераважна тычыцца дзяцей пяці месяцаў, калі яны прышчэпленыя строга па календары прафілактычных прышчэпак Беларусі.

У тры і чатыры месяцы дзяцей трэба прышчэпліваць супраць коклюшу, дыфтэрыі, слупняку і поліяміэліту. Для вакцынацыі гэтых узроставых груп будуць выкарыстоўваць “АКДС” і “Імавакс”.

Маленькай маладзечанцы Анюце Бартош 9 месяцаў. Яе мама Кацярына лічыць, што прышчэпкі абараняюць дзяўчынку і дазваляюць засяроджвацца на цікавых і важных рэчах. Напрыклад, вучыцца хадзіць.

Суцэльнаклетачныя і бясклетачныя вакцыны

Бацькі часта пытаюцца, чым адрозніваецца суцэльнаклетачная вакцына ад бясклетачнай.

Бясклетачныя дзеці пераносяць нашмат лягчэй.

Такія вакцыны практычна не даюць тэмпературных рэакцый пасля ўвя­дзення, а таксама мясцовых рэакцый на месцы ўвядзення вакцыны – пачырваненняў, ацёкаў і ўшчыльненняў.

Да бясклетачных вакцын адносяцца:

— “Інфанрыкс” (супраць коклюшу, дыфтэрыі, слупняку);

— “Тэтраксім” (супраць коклюшу, дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту);

— “Пентаксім” (супраць коклюшу, дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту і гемафільнай інфекцыі).

Вакцыны “Інфанрыкс” і “Пентаксім” выкарыстоўваюць толькі на платнай аснове. Цана першай каля 40 рублёў, другой – каля 80.

Вакцыны “АКДС” і “Эўпента” – суцэльнаклетачныя.

Чаму не прышчэпліваць дзяцей небяспечна

Бацькам варта разумець, што каляндар прафілактычных прышчэпак складзены не проста так. Некаторыя лічаць прышчэпкі непатрэбнымі і адмаўляюцца ад іх правя­дзення.

З-за адмоў ад прышчэпак у Беларусі пачалі рэгістраваць захворванні на коклюш, на яго хварэюць і ў Маладзечанскім раёне. У першую чаргу хварэюць непрышчэпленыя дзеткі, ад якіх могуць заражацца школьнікі. Таму што імунітэт супраць коклюшу да гэтага ўзросту згасае, паколькі апошні раз супраць яго ў Беларусі прышчэпліваюць у паў­тара года.

Вельмі важна, каб прышчэпкі былі ўсеагульнымі. Вялікае значэнне для эпідэміялагічнай сітуацыі мае калектыўны імунітэт.

Калі 95-97% насельніцтва прышчэпленае, тады інфекцыйныя захворванні і не рэгіструюцца. Калі ж працэнт прышчэпленых дзяцей зніжаецца, падымаюць галаву інфекцыі, якія можна папярэдзіць дзіцячай прышчэпкай.

Адна шматдзетная мама ў Маладзечанскім раёне не прышчапіла малодшае дзіця ўвогуле, а старэйшых спачатку вакцынавала, пасля адмовілася. Малодшы падчапіў коклюш, хварэў цяжка. Перажыўшы складанае захворванне малодшага, мама прыйшла ў паліклініку даведацца, якіх прышчэпак не хапае старэйшым дзецям.

Некаторыя бацькі баяцца прышчэпак з-за ад’ювантаў і кансервантаў, якія ўваходзяць у склад вакцын. Але гэтыя рэчывы ў прышчэпках у такой мінімальнай колькасці, што не могуць нанесці шкоды дзецям, а ад інфекцый абароняць.

Параўноўваючы пабочныя эфекты на антыбіётыкі, якімі прыходзіцца лячыць непрышчэпленых дзяцей ад таго ж коклюшу, то становіцца зразумела, што вакцынацыя – лепшы варыянт.

Фота Зоі Хруцкай.

Як лягчэй перанесці прышчэпку

Ёсць агульныя рэкамендацыі, якія дапамагаюць арганізму справіцца з нагрузкай пасля правядзення прышчэпкі.

1. Не эксперыментуйце з ежай

Гэта вельмі сур’ёзнае патрабаванне – не давайце напярэдадні прышчэпкі і некалькі дзён пасля яе новыя прадукты, каб не справакаваць алергію.

Калі дзіця толькі на грудным малацэ, маме напярэдадні і некалькі дзён пасля вакцыны таксама трэба прытрымлівацца гэтага правіла. Важна не ўводзіць новыя прыкормы або дакормы ў гэты перыяд, не мяняць адну сумесь на іншую.

2. Не перакормлівайце дзіця

Чым меншая нагрузка на сістэму стрававання, тым лягчэй пераносіцца прышчэпка.

Нельга прымушаць дзіця есці. Толькі калі сам папросіць.

3. Трымайцеся падалей ад інфекцый

Каб не правакаваць дадатковую нагрузку на імунітэт, за 3-4 дні да прышчэпкі абмяжуйце кантакты дзіцяці з іншымі людзьмі, у тым ліку дзецьмі. Лепш не гуляць у вялікім натоўпе, пазбягаць шматлюдных мерапрыемстваў, крам, грамадскага транспарту.

Ад правільнай падрыхтоўкі дзіцяці да правядзення прышчэпкі залежыць стан яго здароўя і самаадчуванне пасля вакцынацыі.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце