weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 16° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 12° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 16° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3197
1 долар 2.0052
100 рас.руб. 3.1516
11.03.2018 09:24 ,

Зрываць тканіну бяспамяцтва і адкрываць імёны продкаў: у Вілейцы адчынілі выставу мастака Эдуарда Мацюшонка

Барыс Цітовіч: Эдуард Мацюшонак даў нам усім адкрыты ўрок.

10 сакавіка ў выставачнай зале імя Сілівановіча ў Вілейцы адкрылі выставу мастака Эдуарда Мацюшонка.

Выставу пад назвай «Дома» мастак прысвяціў уласнаму юбілею.

– Добры дзень, паважаныя і родныя мае людзі, – пачаў адкрыццё выставы Эдуард Уладзіміравіч.

Пра карціну бацькі распавядае Уладзімір Мацюшонак.

А пасля раслумачыў, што значыць для яго паняцце «Дома». Гэта месца, дзе закапаныя пупавіны, дзе жылі бацькі, бабуля і дзядуля. Гэта зямля – гарады, імёны, постаці, што паўплывалі на светапогляд.

Для Эдуарда Мацюшонка адной з такіх асоб стаў мастак Язэп Драздовіч. Ён быў частым госцем у хаце дзеда мастака, бо сябраваў з ім.

Пачыналася экспазіцыя з сімвалічных рэчаў: старога люстэрка, якое нібы захоўвае адлюстраванні ўсіх, хто глядзеўся ў яго; ключа ад таго самага куфара, у якім у бацькоўскім доме мастака захоўваліся важныя рэчы. Была тут і карціна «Бацькам прысвячаецца».

Яшчэ крыху — і Сяргей Ганчар скіне тканіну бяспамяцтва з карціны «Гаспадар».

На наступным палатне –  помнік 16 стагоддзя, касцёл у Задарожжы на Глыбоччыне. Тут хрысцілі дзеяча беларускага адраджэння Вацлава Ластоўскага, пазней – Эдуарда Мацюшонка. Гісторыю касцёла на імпрэзе распавёў сын мастака Уладзімір Мацюшонак.

Запытайце сёння ў Абадоўцах пра пана Багдановіча

А пасля ў літаральным сэнсе на выставе зрывалі тканіну бяспамяцтва. Тканіну з першай карціны зняў гісторык Сяргей Ганчар. Твор называецца «Гаспадар».  Яго Эдуард Мацюшонак прысвяціў абадоўскаму пану Мечыславу Багдановічу. Тут і партрэт самога пана, і сядзібны дом, і гаспадарчы двор, і родавая капліца, і помнік паўстанцам Каліноўскага, пабудаваны на сродкі пана ў Ільі і разбураны ў 1950-ых.

– Запытайце сёння ў старых мясцовых жыхароў пра пана Багдановіча. Ніхто не скажа пра яго дрэннага, – распавядаў Сяргей Мікалаевіч. – Згадаюць, што пан быў выдатным гаспадаром, клапаціўся пра сялян, мог даць у сям’ю карову або каня са сваёй стайні.

Карціна «Гаспадар», прысвечаная пану Багдановічу.

У Абадоўцах была сыраварня, сыры з якой экспартавалі ў Еўропу. Хоць па дакументах Багдановічы былі палякамі, яны заўсёды размаўлялі па-беларуску, у тым ліку і паўсядзённа ў сям’і.  У 1939 пан мусіў кінуць усё і збегчы ў Польшчу, аднак да апошняга ўзгадваў Абадоўцы.

«Не мы, дык нашы косткі здабудуць незалежнасць»

Наступная карціна – і злятае яшчэ адзін кавалак тканіны. Яго зрывае навуковы супрацоўнік музея Віктар Тонкавіч. Карціна называецца «Непакароныя». Яна прысвечаная Сэрвачы і роду Козелаў-Паклеўскіх.

А выставачная зала аказалася маленькай.

Браты Козел-Паклеўскія вядомыя, як кіраўнікі паўстання Каліноўскага. Ян быў у цэнтральным кіраўніцтве, а Вінцэнт кіраўніком Вілейскага уезда. Атрад Козела-Паклеўскага разбілі ля вёскі Уладыкі. Тут жа, у брацкай магіле, пахавалі братоў Міхаіла і Вінцэнта. Па некаторых звестках, бацька Козелаў-Паклеўскіх перазахаваў сыноў у Сэрвачы.

Нескароныя Козел-Паклеўскія.

Кажуць, апошнімі словамі Вінцэнта перад смерцю былі «Не мы, дык нашы косткі здабудуць незалежнасць.»

Старыя людзі распавядалі, што калі пачалася Вялікая Айчынная і ў вёсцы з’явіліся немцы, яны вылілі ўвесь спірт, што захоўваўся ў панскім бровары Козел-Паклеўскіх, у раку. А мужыкі з вёдрамі падбягалі да рэчкі і чэрпалі «гарэлку».

Палац у Сэрвачы падчас вайны ўзарвалі партызаны.

А вы ведалі, як пан Любанскі звязаны з «Буддэталямі»?

Карціну  «Любанскія-Любань» прадставіла старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава. Яна распавяла, што сёння на месцы палаца Любанскіх у Любані знаходзіцца цэх, дзе разліваюць мінеральную ваду. І што менавіта Аляксандр Любанскі адкрыў у 1905 годзе ў Вілейцы першае прадпрыемства. Сёння гэта завод «Буддэталі». Як распавёў на выставе дырэктар прадпрыемства Сяргей Жук, імя Любанскі Аляксандр Іванавіч – сёння ў брэндзе «ViLARIO».

Аўтограф майстра.

Калі ж уся тканіна бяпамяцтва апынулася на падлозе, пачаліся пажаданні, кветкі і падарункі ад сяброў і калег.

– Сёння Эдуард Мацюшонак даў усім нам адкрыты ўрок памяці, – адзначыў у сваім выступленні мастак, гісторык, заснавальнік музея ў Заброддзі Барыс Цітовіч.

Пра карціну «Асоба і час», прысвечаную Храптовічам, распавёў віляйчанін Янка Жук.

Віншаванні ад землякоў з Глыбокага.

Кветак на імпрэзе было шмат.

Мастака віншуе жонка Алена.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце