weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 12° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.45
1 долар 2.0788
100 рас.руб. 3.1389
15.03.2018 11:28 ,

“Калі б нарадзілася раней, закахалася б у Багдановіча”. У Маладзечне правялі сустрэчу з пісьменніцай Марыяй Шэбанец

Маша распавядае, як трэба заходзіць у музей Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне.

6 сакавіка ў філіяле бібліятэкі, што па Будаўнікоў, 24, правялі сустрэчу з паэткай і празаікам Марыяй Шэбанец.

Свой расповед пісьменніца пачала не з біяграфіі, а з верша “Манькаўшчына”. Твор пра аднайменную вёску крыху ў жартаўлівай форме нібы растлумачыў імя пісьменніцы, яе любоў да вёскі і да Беларусі ўвогуле.

Публіка.

Вясковай тэматыцы прысвечаная паэма Марыі “Страчаная краіна”. “Чытаць яе ўсю не буду, не палохайцеся,” – супакоіла паэтка тых нешматлікіх навучэнцаў адной з сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, што сабраліся на сустрэчу. У аўтарскім выкананні гледачы пачулі ўрывак з паэмы.

Па словах Марыі, сустрэчу яна прысвяціла барацьбе з дэпрэсіяй. На яе думку, вельмі дзейсны сродак такой барацьбы – гэта творчасць. І няважна якая. Хтосьці напіша верш, хтосьці намалюе карціну, а хтосьці спячэ смачны пірог.

Сваім гледачам Марыя распавядала пра тое, як змагаецца з часам і як любіць адзіноту. Ёй, шматдзетнай маме, нялёгка знайсці хвілінку адзіноты для сябе. Таму вершы Марыя піша “па-за часам”: у чэргах, у аўтобусах, на прыпынках. А адзіноце паэтка складае оды.

Падарунак ад бібліятэкі

Што натхняе Марыю на творчасць? Сны, пачуцці і людзі. Творчасцю Максіма Багдановіча Марыя захапілася яшчэ ў школе. Пазней напісала верш, прысвечаны паэту. Верш трапіў да паэткі ў Анапу, тая пераклала яго на рускую мову. А мясцовы кампазітар напісаў музыку. Цяпер пра нашага Багдановіча спяваюць у Расіі.

Са школьнага жыцця Марыя прыгадала яшчэ і тое, што аднакласнікі не любілі яе – дзяўчынку, што ўвесь час пыталася ў настаўніцы: “Ну, калі ж ужо мы будзем пісаць сачыненне?”

Яшчэ адна асоба, лёс якой лёг у твор Марыі, – Міхал Клеафас Агінскі. Аўтарка пафантазіравала і ўявіла, як бы адчуў сябе колішні ўладальнік Маладзечна, глянуўшы праз стагоддзі на сучасны горад.

Вершы Марыі перапляталіся з яе расповедамі пра сябе, пра тое, як пішуцца вершы і проза. Апошнім часам аўтарка пачала актыўна праяўляць сябе менавіта ў прозе:

– Днямі атрымала свой першы ў жыцці ганарар – 30 рублёў за апавяданне, надрукаванае ў адной з дзяржаўных газет, – пахвалілася Марыя.

На сустрэчы было шмат музыкі. Маша сціпла папярэдзіла, што іграе на самых простых гітарных акордах. Але музыку да ўласных вершаў піша сама.

Кветкі ад гледача і сябра.

Як загадку для гледачоў Марыя выканала песню ад імя аднаго фальклорнага персанажа. А публіка павінна была здагадацца, чыімі ж вуснамі спявае Марыя.

Персанаж той быў Русалка. Але загадку Марыі ніхто з навучэнцаў не разгадаў. Ды і самі яны не пажадалі задаць шчырай і таленавітай аўтарцы ніводнага пытання. Можа, арганізатарам варта запрашаць на падобныя сустрэчы больш зацікаўленую публіку?

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце