weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
15.03.2018 15:14 , AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Мікалай Мятліцкі: “Я паўтара месяца не мог адказаць гульцам на пытанне, ці будзем мы ў першай лізе”

Мікалай Мятліцкі( злева) на трэніроўцы. Фота Наталлі ТУР.

Да пачатку футбольнага сезона застаецца ўсё менш часу. А для футбольнай каманды з Чысці новы сезон – гэта яшчэ новы досвед, бо каманда ўпершыню гуляе ў першай лізе чэмпіянату краіны.

Як праходзіць падрыхтоўка да сезона, мы пагутарылі з галоўным трэнерам каманды Дзянісам Мятліцкім, а пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкнулася каманда падчас падрых­тоў­кі, – з яе дырэктарам Мікалаем Мятліцкім.

У нядзелю на чысцінскім стадыёне шматлюдна і горача ў літаральным сэнсе, бо штучны газон на полі ўжо зялёны.

Пакуль футбалісты размінаюцца перад па­чаткам трэніроўкі, Дзяніс Мятліцкі расказаў, што напярэдадні сезона ён не задаволены колькасцю спарынгаў.

– Іх адсутнасць – гэта тое, што напружвае больш за ўсё. Надвор’е сёлета такое, што на спарынгах хутчэй можна атрымаць траўму, чым убачыць перспектыўнага гульца.

Так адбылося з гульнёй у Смалявічах, куды каманда з Чысці не паехала якраз з-за надвор’я.

– Я запытаўся ў свайго футбаліста, што праходзіць прагляд у Смалявічах, ці можна там гуляць. На што той адказаў, што падчас трэніроўкі на слізкім полі паслізнуўся і два дні амаль не мог хадзіць. Таму толку ад такіх спарынгаў мала. А інфармацыі па новых хлопцах ой, як не хапае.

Пры гэтым, расказвае Дзяніс Мятліцкі, 70% мінулагодняй каманды “Чысць” ім удалося захаваць.

– Канешне, былі тыя, хто выбраў работу, так сказаць, стабільнасць. Шмат людзей тэлефануюць,  просяць іх паглядзець. Да канца гэтага тыдня мы заключым кантракты з тымі гульцамі, якія нам падышлі. Прозвішчы пакуль называць не буду. Скажу толькі, што нам патрэбныя дасведчаныя гульцы. На гэтым тыдні плануюць  прыехаць на прагляд Сяргей Кошаль і Ігар Макараў.

Трэніруюцца цяпер у Чысці і чатыры гульцы з ФК “Маладзечна-ДЮСШ-4”. Гэта Юры Бугай, Ігар Талькоўскі, Антон Талстой і Арцём Грыб.

А між тым, жараб’ёўка першага круга першай лігі адбылася ўжо 14 сакавіка.

На якім этапе падрыхтоўкі да атрымання ліцэнзіі знаходзіцца клуб, адказаў яго дырэктар Мікалай Мятліцкі.

– Былі цяжкасці, але гаварыць пра гэта не хачу, бо мы поўныя аптымізму. Так, працы яшчэ шмат наперадзе, але паступова выконваем.

“Мы адваявалі права быць у першай лізе па спартыўным прынцыпе”

Мікалай Мятліцкі называе пераход ад аматарскай другой лігі да прафесійнай першай балючым.

– Мы самі не ведалі, што так шмат трэба папер, – кажа дырэктар і паказвае на стол, дзе складзеныя горамі неабходныя дакументы. Нам вельмі дапамагае з падрыхтоўкай ФК “Смаргонь”. Для іх гэта не ў навіну, таму пад­каз­ваюць нам, як дакументы афармляць, ды і ўвогуле даюць парады.

Цяжкім было пытанне і з атрыманнем спонсарскай падтрымкі.

– Нарэшце дамовіліся з Радашкавіцкім керамічным заводам, пагутарылі з “Аквадзівам”. “Аквадзіў” пага­дзіўся падтрымаць моладзевую каманду, якой у нас будзе займацца Аляксандр Гармаза.

Мікалай Мятліцкі прызнаўся, што ніколі яшчэ ў яго жыцці не было столькі сустрэч, столькі перажыванняў.

–  Сустрэліся з Сяргеем Румасам, старшынёй асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. Напрыканцы сустрэчы я ўсё ж адважыўся і задаў яму пытанне: “Мы трэніруемся ўжо паўтара месяца.  Што мне сказаць хлопцам, якія ў распранальні кожны раз пытаюцца: ну што?”. Сяргей Румас адказаў:  “Можаце так і перадаць хлопцам, што камандзе ў першай лізе быць”.

Аднак усё ж падрыхтоўку да сезона нельга назваць бязвоблачнай.

– Не схаваю, што на мясцовым узроўні мы трапілі на сцяну непаразумення. Да Мікалая Шрымфа не маглі доўга дабіцца, бо ён то на лыжні, то яшчэ чым заняты.

Мы ж разумеем, што выхадам у першую лігу падкінулі праблем.

Але ж сам старшыня выканкама Аляксандр Яхнавец на ўзнагароджанні сказаў, што дапаможам. Дык чаму мы, каманда, якая заваявала права гуляць у першай лізе па спартыўным прынцыпе, вымушаная з такімі цяжкасцямі адваёўваць гэта права?

Тым часам у Маладзечне

Што будзе з камандай “Маладзечна-ДЮСШ-4” – не ведаем да сёння. Па словах Мікалая Шрымфа, каманду трэніруе Валер Вятроў, але ці стане ён галоўным трэнерам, пакуль невядома.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце