weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
19.03.2018 14:48 , AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

“Я не хачу гэта слухаць! Я не хачу гэтага чуць!!!” У Маладзечне адбылася прэм’ера спектакля па матывах кнігі Святланы Алексіевіч “Час Сэканд Хэнд”

Фота Наталлі ТУР

У суботу, 17 сакавіка, мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драматычнага тэатра Валер Анісенка, прадставіў на суд маладзечанскай публікі спектакль, які ён сам назваў дакументальнай драмай.

У аснову сюжэта лягла кніга Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч “Час Сэканд Хэнд”.

– У камунізма быў вар’яцкі план– перарабіць “старога” чалавека… І гэта атрымалася … можа быць, адзінае, што атрымалася. За семдзесят з лішнім гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып – homo soveticus. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, бок аб бок пражыла шмат гадоў. Ён – гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, таму што homo soveticus – гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі … Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, гаворым на розных мовах, але нас ні з кім не пераблытаеш. Пазнаеш адразу!  – спектакль пачынаецца словамі самой Святланы Алексіевіч, якія рэжысёр уклаў у вусны Алены Рахмангулавай.

Промаху са спектаклем быць не магло, бо ў пастаноўцы Валер Анісенка задзейнічаў амаль усю трупу тэатра.

Аляксей Карпец, Дзяніс Фешчанка, Барыс Донін, Эмілія Ларыёнава, Ірына Кляпацкая, Ірына Камышава, Людміла Рошчына, Павел Святоха, Сяргей Карзей, Таццяна Карпец, Валер Бабкін і Кацярына Панедька.  Іх героі пачынаюць гаварыць, а перад табой паўстаюць карціны з таго Савецкага Саюза, пра які не раз даводзілася чуць ад мамы ці бабулі, бачыць па тэлебачанні ці чытаць у кнігах.

Усё вось так, натуральна, ад першай асобы. І пра Высоцкага, і пра Гагарына, і пра 1993 год і пра 1937.

І пра тое, што Савецкі Саюз самая жорсткая, бесчалавечая краіна, і пра тое, што самая светлая. Пра тое, што, акрамя чэргаў, нічога не было, затое была Радзіма. І песні былі самыя лепшыя, і святы самыя сапраўдныя.

Былі ў спектаклі моманты, пасля каторых услед за гераіняй Ірыны Кляпацкай хацела ўсклікнуць: Замаўчыце! Я не хачу чуць пра тое, як у Арменіі забівалі жанчын, жалезнымі прутамі выкалупвалі з жывата дзіця, якое яшчэ не нарадзілася. Пра тое, што дзеці ў сталінскіх лагерах баяліся станавіцца дарослымі, бо, калі ім спаўнялася пяць гадоў, іх адпраўлялі ў дзіцячыя дамы.

– Там нас вучылі, – гаворыць гераіня Эміліі Ларыёнавай, – што нам трэба любіць Сталіна і Радзіму. Што Радзіма – наша маці. А мы ўсе пыталіся: “А де  МАЯ мама? Мама…”

Хаця некаторыя героі і гаварылі, што ў Саюзе было добра, у спектаклі гэтага не відаць. Нават сцэны з парадаў з лозунгамі, песня пра “кипучую, могучую”,  усё адно не пакідалі пачуцця шчасця, хутчэй безвыходнасці, радасці па графіку, па календару, радасці скрозь сціснутыя зубы.

Сачыла за рэакцыяй гледачоў у зале. Некаторыя плакалі, некаторыя падпявалі акцёрам камуністычныя песні, некаторыя проста не маглі зразумець, іронія гэта ці праўда, калі герой Сяргея Карзея казаў пра тое, што краіна або павінна быць вялікай, або проста не павінна існаваць.

Падчас спектакля не апладзіравалі. Не хацелася перашкаджаць тым, хто са сцэны дзяліўся самым патаемным.

Ды і хіба мы апладзіравалі б на кухні, калі нам расказвалі бы пра тое, што вялікай радасцю былі талоны на шкарпэткі?

“Акцёры сёння нікому непатрэбныя”

Валер Анісенка расказаў, што, калі спектакль правільна “заквашаны”, ён “паспявае” да 8-10 паказу.

– Канешне, не ўсё атрымалася ў ідэале, але я вельмі задаволены працай трупы. Акцёрская гульня  цяпер нікому непатрэбная, тэатр стаў дакументальным, на сцэне трэба існаваць. Рыхтаваўся спектакль так. Я сказаў акцёрам: “Чытайце раман. І самі выбірайце сабе сюжэт, у якім вы будзеце існаваць”. Прайшлі скрозь слёзы, непаразуменне. Некаторыя адмовіліся ад удзелу, але тыя, хто змог існаваць у гэтым спектаклі, вартыя самых лепшых словаў пахвалы.

На пытанне, ці запрашаў рэжысёр на прэм’еру Святлан Алексіевіч, Валер Анісенка адказаў:

– Мы з ёй знаёмыя з часу, калі я ставіў яе “Чарнобыльскую малітву”. Але цяпер не змог датэлефанавацца да Святланы, магчыма, яна была за мяжой. Але, думаю, пісьменніца яшчэ ўбачыць на свае ўласныя вочы пастаноўку нашага тэатра.  Вось тады і спытаемся, як ёй.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце