weather 25° Маладзечна
weather 25° Вілейка
weather 26° Смаргонь
weather 25° Ашмяны
weather 25° Валожын
weather 25° Мядзел
weather 26° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3066
1 долар 1.9725
100 рас.руб. 3.1678
21.03.2018 15:01 ,

“Не бойцеся паказваць смелых жанчын і мужчын, якія плачуць”: у рэдакцыі “РГ” шведская журналістка правяла семінар па гендарнай няроўнасці

Жазэфіна Якабсан разважае пра гендарную няроўнасць. Фота Аксаны Ярашонак.

Як асвятляць навіны, не прыніжаючы правы жанчын, і якія гендарныя праблемы існуюць у нашым грамадстве, распавяла эксперт шведскага медыяінстытута Fojo Жазэфіна Якабсан. У рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты” яна завітала 2 сакавіка.

– Каб іншапланецянін прыляцеў сёння на зямлю і набыў газету, ён нічога б не зразумеў з таго, што адбываецца ў свеце, – пачала сваё выступленне Жазэфіна. – На старонках любой газеты мужчын больш, чым жанчын. Гэта прытым, што ў свеце іх пароўну.

Шведскі медыяінстытут Fojo пастаянна даследуе сітуацыю з гендарам у СМІ. Сумесна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў і прэс-клубам такое даследаванне правялі і ў Беларусі.

Па словах Жазэфіны, некалькі апошніх гадоў ва ўсім свеце – уздым фемінізму – ідэалогіі, накіраванай на дасягненне роўнасці правоў жанчыны ва ўсіх сферах жыцця. І ўсё ж, згодна з дадзенымі даследавання, мужчыны па-ранейшаму атрымліваюць больш высокія заробкі, чым жанчыны. Хоць, па афіцыйных дадзеных, заробкі аднолькавыя.

У беларускай журналістыцы жанчын працуе больш, чым мужчын. Чаму? На думку Жазэфіны і згодна з даследаваннямі, журналістыка не з’яўляецца прэстыжнай працай з высокім заробкам.

Пры гэтым у большасці выданняў жанчыны пішуць на так званыя “лёгкія” тэмы: адукацыя, культура, экалогія, сям’я. “Цяжкія” тэмы – спорт, палітыку, эканоміку – кіраўнікі часцей давяраюць калегам-мужчынам.

У СМІ жанчыну прадстаўляюць як жонку, маці, захавальніцу сям’і. Яна вельмі рэдка выступае ў якасці эксперта па нейкім пытанні. Па даследаваннях медыяінстытута Fojo, чатыры з пяці экспертаў – звычайна мужчыны.

У Швецыі, распавяла Жазэфіна, у мову журналістаў увялі нейтральны займеннік, які не паказвае канкрэтна на пол героя публікацыі. Гэта нешта паміж “ён” і “яна”.

У жанчыны па-ранейшаму менш магчымасцей займаць высокую пасаду. Бо формула “праца+сям’я” часта перашкаджае кар’ернаму росту. У адпачынак па доглядзе за дзіцем закон дазваляе ісці і бацьку, і бабулі. Аднак такія выпадкі адзінкавыя.

Гендарная дыскрымінацыя забароненая заканадаўча. Аднак жанчына, уладкоўваючыся на працу, часта можа пачуць пытанні працадаўцы пра тое, колькі ў яе дзяцей і ці плануе яна нараджаць яшчэ.

– Такія пытанні працадаўца не мае права задаваць жанчыне, – перакананая Жазэфіна. – Але жанчына чуе іх і ў Беларусі, і ў Швецыі.

Тое, што жанчына на роўных правах з мужчынамі павінная ўдзельнічаць у палітычным жыцці, перакананыя эксперты з ААН. Яны лічаць, што калі жанчын часцей далучаць да мірных перамоў, то ў свеце менш ваявалі б. Па словах Жазэфіны, у Швецыі аднолькавая колькасць мужчын і жанчын у палітыцы. Але ў СМІ ўсё роўна больш прадстаўленыя мужчыны. У Беларусі і Расіі жанчын у палітыцы куды менш. Вядома, менш і ў прэсе.

Ці абароненыя жанчыны ў Швецыі заканадаўча? Так. Ва ўсялякім разе, там жанчына не баіцца тэлефанаваць у міліцыю, калі яе збівае муж. Бо дзіця не паставяць у сацыяльна-небяспечнае становішча, як гэта робяць у Беларусі.

Аднак частыя выпадкі, калі паліцыя не верыць жанчынам. Асабліва ў выпадках сэксуальнага гвалту. Напрыклад, у судзе жанчыне-ахвяры могуць задаваць пытанні “ці былі вы п’яныя?”, “ці была на вас кароткая спадніца?”’

– Не бойцеся паказваць смелых жанчын і мужчын, якія плачуць. Выкарыстоўвайце фотаздымкі мужчын падчас рэкламы кухоннага посуду, – пажадала журналістам Жазэфіна.

Крыху лічбаў у тэму паводле даследаванняў інстытута Fojo

22% жанчын-журналістак лічаць, што маюць добрыя магчымасці кар’ернага росту.

60% жанчын-журналістак прызнаюць, што працадаўца дапамагаў ім пасля таго, як яны выйшлі з дэкрэтнага адпачынку.

25% жаночых і 75% мужчынскіх фотаздымкаў выкарыстоўваюць на сваіх старонках беларускія СМІ.

31% на 69% складае гэты паказчык у шведскіх СМІ.

153 месца ў свеце займаюць беларускія СМІ па свабодзе прэсы

31 месца займаюць нашы СМІ ў свеце па гендарнай няроўнасці.

А як з гендарам у “РГ”?

У “Рэгіянальнай газеце” працуе восем чалавек. Два з іх – мужчыны. Як бачым, фраза Жазэфіны пра тое, што ў журналістыцы больш жанчын, пацвярджаецца на прыкладзе нашай рэдакцыі.

За люты на старонках нашай газеты 90 разоў на фотаздымках сустрэліся мужчыны і 61 раз – жанчыны. Гераінямі буйных публікацый за гэты месяц жанчыны былі 16 разоў, мужчыны – 22.

Даведка “РГ”

Гендарная роўнасць – канцэпцыя, якая імкнецца да дасягнення мэты роўнасці ў правах паміж мужчынамі і жанчынамі.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце