weather 23° Маладзечна
weather 23° Вілейка
weather 22° Смаргонь
weather 23° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 23° Мядзел
weather 22° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
25.03.2018 17:29 ,

БНР у гісторыі маёй сям’і. Піша Аляксандр Манцэвіч

Фота забяспечаныя аўтарам.

Брат майго дзеда яраслаўскі журналіст Павел Манцэвіч быў адным з вайсковых дзеячаў абвешчанай 100 гадоў таму Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пра адно са сведчанняў гэтаму згадвае сёлета ў публікацыі “Генералы БНР” у газеце “Наша слова” гісторык Леанід Лаўрэш.

Ён піша, што ў 1918 годзе на Румынскім фронце для нацыяналізацыі былых падраздзяленняў расійскай арміі была створаная “Нацыянальна-тэрытарыяльная дэмакратычная арганізацыя фронту”, у якую ўвайшлі камісары: ад УНР, армянскі, малдаўскі, польскі, мусульманскі, літоўскі, эстонскі, казачы, грузінскі, ад БНР (Павел Данатавіч Манцэвіч) і сібірскі. Гэта арганізацыя падрыхтавала загад аб нацыяналізацыі фронту, а камандуючы фронтам Шчарбакоў яго падпісаў.

Сялянскі сын

Кім быў камісар Румынскага фронту ад БНР Манцэвіч?

Павел нарадзіўся ў 1882 годзе і быў адным з васьмі дзяцей селяніна Даната Паўлавіча (1846 г.н) і Алены Паўлаўны (з Турчынскіх), з мястэчка Іказнь Ковенскай губерні паблізу Браслава. Данат у маладосці быў удзельнікам паўстання Каліноўскага.

Павел, а затым яго браты Іосіф і Флор прайшлі навуку ў Полацкай настаўніцкай семінарыі.

Апынуўшыся ў Віцебску, Павел стаў працаваць у “Віцебскіх губернскіх новостях”, быў, як піша даследчыца беларускага дарэвалюцыйнага друку Святлана Сарока, яе рэдактарам.

Праз нейкі час ён ужо жыве і працуе журналістам у Яраслаўлі. Не забываецца на сваіх бацькоў, братоў і сястру Юлю. У сямейным архіве захавалася фатаграфія Паўла, якую ён за год да пачатку Першай сусветнай вайны прысылае з Яраслаўля сваім бацькам у Іказнь.

Каля 1905 года. Мястэчка Іказнь каля Браслава. Будучы камісар Румынскага фронту Павел Манцэвіч сярод сваёй сям’і (другі рад, другі злева). Першы рад злева направа: бацька Данат, маці Алена, бабуля, невядомыя. Другі рад: Іосіф, Павел, Флор, Юлія.

Камісар Румынскага фронту

Перад вайной у жывых было двое братоў Паўла і сястра. І ўсе сыны Даната трапілі на фронт. Мой дзед Флор быў санітарам, Іосіф за баявыя заслугі быў удастоены трох ордэнаў, даслужыўся да штабс-капітана, быў намеснікам камандзіра палка. А Павел, як бачым, стаў ваенным камісарам Румынскага фронту ад БНР.

Леанід Лаўрэш заў­важае, што нацыяналізацыя арміі была наступнай. З пяхотных дывізій усе рускія салдаты звальняліся ў адпачынак, пасля якога павінны былі з’явіцца да воінскіх начальнікаў па месцы жыхарства для прызначэння ў рускія часці.

А салдаты іншых нацыянальнасцяў павінны былі з’явіцца ў свае нацыянальныя часці. 9 студзеня 1918 года загадам №1332 па фронце было абвешчана аб арганізацыі Беларускай Вайсковай Камісіі па арганізацыі беларускіх вайсковых часцей на Румынскім фронце. З гэтых часцей утварылася вайсковая сіла колькасцю звыш за 100 тысяч чалавек. Былі планы пераправіць гэтыя часці на Радзіму, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. Аднак зрабіць гэта стала немагчымым з-за дзеянняў румынскіх улад. Беларускія часці былі імі раззброеныя.

Беларуская армія ў Румыніі спыніла сваё існаванне.

1913 год. Павел Манцэвіч – рэдактар “Ярославскіх губернскіх новостей”.

Тэлеграма на фронт

Леанід Лаўрэш піша, што шматмільённая маёмасць Беларускай арміі (толькі коней больш за 2 000), грузавых i пасажырскіх аўтамабіляў (каля 800), баявых прыпасаў, уніформы, складоў, гармат, ручной зброі i іншага было здадзена ў дэпазіт Румынскаму ўраду.

Народны Сакратарыят БНР рабіў захады, каб на будучыню захаваць для сябе ўсю гэту маёмасць. На фронт ад Сакратарыяту БНР ляціць тэлеграма наступнага зместу

“Беларуская Народная Рэспубліка.

Народны Сэкрэтар’ят.

Беларускаму Камісару Румынскага фронту

П. Д. Манцэвічу.

7 красавіка 1918 г.

№175.

Знаходзячаяся, на быўшым Румынскім фронце, маетнасьць i аружжа раззброеных беларускіх i беларусізаваных вайсковых часьцей Народны Сэкрэтар’ят Б.Н.Р. мае на мэце выкарыстаць для арганізаваньня на тэрыторыі Беларусі нацыянальных войск, калі варункі пазволяць гэта зрабіць (пасьля зьняцьця акупацыі).

На аснове вышэйпададзенага i згодна пастанове Народнага Сэкрэтар’яту Беларускай Народнай Рэспублікі ад 3 красавіка г. г. даручаецца Вам паведаміць аб гэтым адпаведным органам Румынскага Ураду, на быўшым Румынскім фронце, на той прыпадак, каб вышэй­азначаная маетнасьць i аружжа, быўшых беларускіх часьцей, ня было перададзена іншым Урадам ці арганізаціям.

Старшыня Народнага Сэкрэтар’яту i Народны Сэкрэтар Зьнешніх Спраў Варонка.

Кіраўнік Справамі Народнага Сэкрэтар’яту

Л. Заяц.”

Лёс маёмасці арміі сёння невядомы.

Адваротны бок здымка. Цёплыя словы да бацькоў.

Раскіданыя лёсы

Павел Манцэвіч урэшце аказваецца ў савецкай Расіі, яго брат Іосіф – у Віцебску, Флор – на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у Іказні, побач з бацькамі. Першы час паміж імі яшчэ была сувязь, прыходзілі паштоўкі. Пасля яна амаль знікла.

Сямейныя расказы сцвярджаюць, што на ўсю сцяну у доме Паўла ў Яраслаўлі быў намаляваны яго радавод ад дзядоў-прадзедаў. Калі ж у канцы 30-х брата ­Іосіфа высылаюць на будаўніцтва Беламор-канала, Павел знішчае рысунак радавода. Дэманстрацыя радаводу станавілася смяротна небяспечнай.

Утрох браты ўжо ніколі не сустрэнуцца. Флор па даносе быў расстраляны немцамі ў 1941 годзе як дакладчык на Нацыянальным сходзе Заходняй Беларусі ў Беластоку ў 1939 годзе. Іосіфа высылаюць у Фергану, ён з цяжкасцю перажывае спачатку смерць жонкі, а затым гібель абодвух сыноў на фронце. Сям’я Паўла з часам аказваецца ў Горкім.

І сёння ў Ніжнім Ноў­гарадзе жывуць нашчадкі камісара Румынскага фронту ад БНР Паўла Данатавіча Манцэвіча. На жаль, нашы сувязі пасля столькіх гістарычных катаклізмаў неяк аціхлі, перарваліся. Засталіся толькі старыя фатаграфіі. Але я спадзяюся, што мы знойдзем адзін аднаго дзеля памяці аб тых, хто змагаўся за нашу свабоду.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце