weather 12° Маладзечна
weather 12° Вілейка
weather 14° Смаргонь
weather 12° Ашмяны
weather 13° Валожын
weather 12° Мядзел
weather 14° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.5041
1 долар 2.0256
100 рас.руб. 3.2925
02.04.2018 21:00 , AЎТАР(Ы): Паводле Радыё Свабода

«Гэта мая Радзіма, і яе трэба называць правільна». Цымбалістка са Смаргоні Насця Ванеева – пра выступ на расійскім тэлешоў

Насця Ванеева. Фота svaboda.org.

11-гадовая цымбалістка са Смаргоні не вельмі задаволеная сваёй нечаканай папулярнасцю. Пра гэта і не толькі яна распавяла карэспандэнтам Свабоды.

Насця Ванеева стала вядомай на ўсю Беларусь 1 красавіка, калі расейскі Першы канал паказаў яе выступ у адным з тэлешоў. Вядучы Максім Галкін прадставіў Насцю як музыку з «Белоруссии», але тая запярэчыла. «Правільна казаць „з Беларусі“», — сказала яму дзяўчынка.

«Цымбалы — вельмі прыгожы інструмент, — кажа Насця Свабодзе. — Прыгожы, звонкі. Такі беларускі проста».

Дзяўчынка займаецца музыкай пяць гадоў. Ходзіць у клас цымбалаў смаргонскай музычнай школы імя Агінскага. Там нас сустракаюць словамі пра тое, што ад самага ранку няма адбою ад журналістаў.

«Нават у Канадзе бачылі пра нашу Насцю», — кажа настаўніца музыкі Вольга Анатолеўна.

Насьця разам са сваёй настаўніцай
Насця разам са сваёй настаўніцай

​Насця неаднойчы ўдзельнічала ў конкурсах, аднак знакамітай прачнулася 2 красавіка. Не столькі праз валоданне сваім інструментам, колькі праз размову на роўных з расейскай зоркай Максімам Галкіным.

«Прыехалі туды, там рэпетыцыі, здымкі. Я хвалявалася, — кажа Насця пра свой візіт у Маскву на Першы канал. — Але потым неяк дала рады і ўжо не хвалявалася. Я часта выступаю… А гэты момант з Галкіным… Я не спрачалася з ім, проста падправіла. Каб правільна называў краіну, у якой я жыву».

Насця кажа, што на цымбалах грае самую розную музыку. Любіць і народныя мелодыі, і класіку. Больш за іншае ёй падабаецца граць польку. Да сваёй нечаканай папулярнасці Насця ставіцца неадназначна.

«Я бачыла ў інтэрнэце ролік, — кажа яна. — Але стаўлюся да гэтага па-рознаму. Мне не вельмі падабаецца гэты шум. Падабаецца, што пішуць пра тое, як я граю. А вось наконт таго, што я яго паправіла, — не вельмі. Я не хацела рабіць на гэтым акцэнт. Хацела толькі, каб мяне правільна аб’явілі. Увогуле не думала, што гэты момант пакажуць… Я тут нарадзілася, гэта мая Радзіма, і яе павінны правільна называць».

Прывезеная з Масквы ўзнагарода
Прывезеная з Масквы ўзнагарода

Ад Галкіна ў Насці Ванеевай таксама засталіся неадназначныя ўражанні.

«У прынцыпе, ён нядрэнны, — кажа беларуска. — Аднак вельмі шмат жартаваў і перабіваў мяне… Потым пагадзіўся, што правільна гаварыць «Беларусь».

Насця не ведае, ці звяжа сваё жыццё з музыкай. «Яшчэ так шмат усяго», — кажа яна. Але калі працягне займацца, то хацела б граць на цымбалах. У канцы красавіка паедзе ў Мінск на чарговы конкурс, дзе спадзяецца заняць першае месца.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце