weather 12° Маладзечна
weather 12° Вілейка
weather 14° Смаргонь
weather 12° Ашмяны
weather 13° Валожын
weather 12° Мядзел
weather 14° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.5041
1 долар 2.0256
100 рас.руб. 3.2925
02.04.2018 11:26 , AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

З чаго смяяліся беларусы 300 гадоў таму, і што выклікае іх усмешку цяпер?

Юры Пацюпа. Фота Наталлі ТУР

Смех – гэта адзіная зброя чалавека ў барацьбе і з ворагамі, і з сабой. Так лічыць паэт Юры Пацюпа, з якім мы напярэдадні Дня смеху пагутарылі пра тое, з чаго смяяліся беларусы 300 год таму і сёння. Чаму анекдоты хутка становяцца незразумелымі, з чаго беларус ніколі не засмяяецца і чаму беларусаў так смяшаць анекдоты пра азадак

Юры Пацюпа, акрамя таго, што паэт, з’яўляецца навуковым супрацоўнікам аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў НАН Беларусі, і гумар – гэта яго тэма. Юры калісьці пісаў пра рэтраспектыву беларускага гумару і з задавальненнем падзяліўся сваім досведам.

Смех – ахавальны бар’ер для дыялектаў

– Натуральна, беларусы маглі смяяцца амаль з чаго заў­годна. У першую чаргу, канешне ж, з сябе. Аб’ектамі жартаў станавіліся паны, папы, суседзі. Пры чым, суседзі як з суседняй вёскі, так і з суседняй краіны.

Смех быў ахавальным бар’­ерам для дыялетаў, лічыць Юры Пацюпа.

– Дык і мянушкі ж прыдумвалі тым, чыя манера гаварыць адрознівалася ад манеры жыхароў той ці іншай вёскі. Напрыклад, сакунамі называлі тых, хто прамаўляў словы на са: смяяўса.

Беларусаў можна назваць смяшлівым народам, кажа паэт. Пра што кажуць і шматлікія гумарыстычныя літаратурныя творы, першыя з якіх адносяцца да 17 стагоддзя.

– У першую чаргу варта назваць два ананімныя творы 17 стагоддзя. Гэта “Прамова Мялешкі” і “Ліст да Абуховіча”.

“Прамову Мялешкі” раней лічылі творам сатырычным, таму што было меркаванне, што нейкі Мялешка сапраўды выступаў на сойме, дзе крытыкаваў новую моду, новыя з’явы. А потым высветлілася, што твор чыста парадыйны.

– У літаратуры ёсць паняцце “карнавальны смех”. Гэта смех, які не высмейвае кагосьці, смех не скіраваны, а такі агульны. Як мастацтва клоўна. Клоўн жа не смяецца з кагосьці канкрэтна, клоўн стварае смешную сітуацыю. Вось такі “карнавальны смех” характэрны для беларускай, украінскай культуры. І захаваўся са старажытнасці і амаль да сённяшняга дня. “Прамова да Мялешкі” – гэта прыклад “карнавальнага” гумару. “Ліст да Абуховіча” – гэта больш ужо сатыра.

Юры Пацюпа

У 18 стагоддзі – “фішкай” становяцца “звярыныя гратэскі” .

– Іх параўноўваюць часам з байкамі, але нічога добрага з гэтага не выходзіць. Яны апісваюць жыццё чалавека ў двухсэнсоўным выгля­дзе. Прывяду вам прыклад:

– Стукнула, грукнула ў лесе.

Што ж нам новага прынесе?

Упаў камарэц з дуба,

Шукаючы галуба.

Упаў на каранішча,

Стоўк сабе каленішча,

Да праляцела там муха

Да камаровага вуха.

Гукаючы яму: ­

–  Мілы камару,

Жаль мне цябе непамалу,

Што для тога галуба

Упаў з тоўстага дуба.

Ці вось такі верш:

Расказаў князь баравік, сежучы пад сасною,

Всем грыбам ісці на вайну, всем ісці да бою.

Адказаў яму казляк: – Я хоць добры юнак,

Да самапала не маю, застануся ў гаю.

Адказалі апенькі: – Мы грыбы слабенькі,

Мы ў полі не зраслі, да пры дзераве скіслі.

Адказалі ім рыжкі: – Мы не баравыя шышкі,

Нашто ж нам шышак насіці, калі не ўмемося біці.…

Адважыўся мухамор, да згінуў жа, як камар,

Ляжыш, грыбе, без духа, што парваўся, як муха.

Прыпісваюцца гэтыя “звярыныя гратэскі” паэту Дамініку Рудніцкаму.

– Але я мяркую, што ён запісваў народныя вершыкі і гумарэскі. Таму што нават у сваіх кнігах ён не пазначаў такія творы як свае.

Яшчэ адзін прадстаўнік гумару 18 стагоддзя – пісьменнік Караль Жэра. Многія ведаюць яго кніжку “Торба смеху”. У ёй пісьменнік піша кароткія анекдатычныя гісторыі ў прозе.

Прыклад такога анекдота:

– У адну карчму заехаў на начлег пан Свінярскі і пачаў клікаць, каб яму адчынілі. Але яму гаспадар карчмы сказаў, што ўжо не было месца.

– Што ж тут, тузін д’яблаў, за паны спыніліся? – гнеўна пытае пан Свінярскі.

– Спыніліся тут паны Быкоўскі і Бараноўскі, – адказвае яму гаспадар.

– Але ж, Божа міласцівы, – запярэчыў пан Свінярскі, – няўжо ў такім слаўным і пекным хляве не знойдзецца месца і для Свінярскага?

19 стагоддзе – гэта росквіт бурлескных твораў: “Энеіда навыварат”, “Тарас на Парнасе”. Усе мы памятаем смех аўтара, калі ён паказаў, як багіні мылі порткі багам у начоўках.

– У іншых творах 19 стагоддзя, напрыклад, “Імяніннае віншаванне”, высмейваюцца рэчы зусім не смешныя. Такія радкі: “Смерць сядзела ў куточку і грызла сваю сарочку”…

Ёсць вельмі цікавыя моманты гумару і ў Францішка Багушэвіча. Гэта яго песні.

Аж смяялася сарока,

Як з’арала баба гоні;

Заяц спудзіўся ад вока,

Ад гарбы падохлі коні.

Аж лісіцы забрахалі,

Як мужык грачыху рваў,

Воўкі полудзень забралі,

Як ён першы сноп вязаў.

Баба люльку кура ў хаце,

А мужык пярэ кашулі,

Конь пасецца на лапаце,

А на вербе растуць дулі.

Ой, на прыпечку ў балоце

Лавіў рыбку гаспадар,

А пры выгане на плоце

Хаваў грошы аліндар. Ой, нявестка цешчу любе,

А сын бацьку шанаваў,

На сабакі заяц трубе,

Вінны доўг сам аддаваў!

– Як бачыце, у гэтым вершы ўсё наадварот. Цікава, што падобны верш я бачыў ў ісландскага паэта 17 стагоддзя.

У 20 стагоддзі, да таго, як з’віўся Крапіва, славутым гумарыстам быў Альберт Паўловіч. Паўловіч пісаў гумарэскі, зарыфмаваныя народныя творы.

У аснове аднаго з такіх твораў народны анекдот пра бабулю, якая прыйшла ў царкву. І стала ставіць свечкі ўсім абразам. Калі засталіся дзве свечкі, успомніла, што не паставіла Святому Мікіту. На абразе Мікіта “быў заняты, збароў чорта, нечым яго пора” . Адну свечку паставіла святому, другую “лепіць” чорту. Бабы ў царкве пачалі сварыцца: “Што ж ты робіш, то ж нячыста сіла!” На што бабуля адказала: “Не судзіце людзі, з нас ніхто не знае добра, дзе па смерці будзе, ці ў небе, ці ў пекле скажуць пекаваці. Мець прыяцеля трэ ўсюды, каб нам мог спрыяці”.

Гумар у літаратуры 20 стагоддзя і гумар сучасны варты, канешне, асобнай публікацыі. Тут можна назваць імёны Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча.

Сучасны гумар – пярэсты, разнастайны.

– Цяпер папулярныя пародыі, эпіграмы. Гумар стаў сцёбным, жорсткім. Ён высмейвае ўсё татальна, не пакідае нічога жывога. Гумар такі можна сустрэць і ў літаратуры, і ў анекдотах.

Пра анекдоты папулярныя і не

– Сюжэты нават сучасных анекдотаў пра нейкіх зорак, палітыкаў можна знайсці яшчэ ў антычнасці.

Тэмы паўтараюцца, а вось героі анекдотаў мяняюцца вельмі хутка.

Мы прыгадалі з Юрасём Пацюпам анекдоты пра чукчу, Чапаева, Леніна.

– Нават анекдоты пра Вовачку цяпер зніклі. Канешне, мы ж ведаем, што пад тым Вовачкам меўся на ўвазе Ленін. Але ўсё ж. Незразумелыя сёння анекдоты пра новых рускіх. Затое, ёсць тэмы, якія набіраюць папулярнасць. Анекдоты пра немца і рускага, пра яўрэеў, пра бландзінак.

Яшчэ адна тэматыка анекдотаў, якія заўсёды карысталіся папулярнасцю, гэта анекдоты на сэксуальную тэматыку.

– Ведаеце, што цікава? Што толькі для традыцыйнай беларускай культуры характэрныя анекдоты на анальна-фекальную тэматыку. І хто яго ведае, чаму беларусам смешныя анекдоты пра ср**у і г****о!

– Гумар, смех, разважае Юры Пацюпа, – увогуле цікавая з’ява. Чаму, напрыклад, ні адна з жывых істот не можа смяяцца, а чалавек можа? Некаторыя навукоўцы, і я таксама за імі, лічаць, што смех і ўсмешка – першапачаткова была пагрозай ворагу. Было ж заўважана, што калі ўсё ідэальна, то тады няма месца смеху. Смяёмся мы там, дзе ёсць заганы, недахопы. Каштоўнасць смеху ў тым, што праз яго мы бачым сваю недасканаласць, праз смех мы даруем людзям іх недахопы, ставімся больш паблажліва. Не асуджаем яго, а разумеем. Калі мы смешныя, мы добрыя.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце