weather -2° Маладзечна
weather -2° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -2° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -2° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
04.04.2018 09:00 ,

“Ахвяр гвалту, якія нічога не хочуць мяняць, мне не шкада”

Ілюстрацыйнае фота. Фота Creu.ru.

Ці можа жанчына зарабляць больш, а мужчына ісці ў дэкрэтны, ці ўсім патрэбны дзеці, хто нясе адказнасць за сям’ю і як жывецца жанчынам-кіраўнікам. На гэтыя пытанні мы шукалі адказы падчас круглага стала “Гендарная роўнасць у жыцці і ў законах”.

Тэму абмяркоўвалі намеснік загадчыка Маладзечанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Іна Мянцюк, дырэктар ПУП “АўтаЮніёнСэрвіс”, кандыдат у дэпутаты  Маладзечанскага раённага савета дэпутатаў 28-а склікання Кацярына Шытыка, а таксама фатограф Вольга Жарская. Мадэратар размовы – журналістка Аксана Ярашонак.

Што адбываецца ў сем’ях

Ярашонак: Якія тыповыя сцэнарыі сямейнага гвалту?

Жарская: З традыцыйным гвалтам я не сутыкалася. Для мяне гвалт у сям’і – гатаваць ежу, калі няма ніякага жадання. Тады нічога не атрымоўваецца! Мучаюся, усе мучаюцца, і ежа нясмачная. Прыгадваю тады рубрыку вашай газеты “Як зварыш – так і з’ясі”. Гвалт – падымацца ў 6-7 раніцы.

Мянцюк: З такімі сітуацыямі працуюць нашы псіхолагі. І дагэтуль ананімна – жанчынам цяжка прыйсці і адкрыцца. Ёсць жанчыны, якія церпяць у сям’і сэксуальны гвалт. Але гэта рэдкі выпадак. Больш распаўсюджана, калі мужчыны п’юць, і адбываецца сямейна-бытавы гвалт. Пакутуюць дзеці, уключаныя сваякі.

А вось ахвяры несямейнага згвалтавання – ні адна ў горадзе да нас не звярнулася па псіхалагічную дапамогу.

Жарская: Дапамога ахвяры павінна быць прафесійнай, плакаць у камізэльку недастаткова. Сябры выслухаюць, стане лягчэй, і ідзеш дамоў цярпець гвалт далей. Тут патрэбныя вельмі рашучыя крокі. Але зрабіць іх неабходна правільна і граматна, без лішніх стрэсаў для сям’і, асабліва для дзяцей. І без непатрэбных страт.

Фота Наталлі Тур.

Ярашонак: Ці сутыкаліся вы з гвалтам жанчыны да мужчыны?

Мянцюк: Напэўна, нават калі такое ёсць, яны не могуць прызнаць.

Ярашонак: Як вы ставіцеся да пазіцыі, што ахвяра згвалтавання сама вінаватая, таму што была нецвярозая і ў кароткай спадніцы?

Мянцюк: У згвалтаванні вінаваты гвалтаўнік, у грабяжы – злодзей. Як сябе паводзіць і выглядаць – права кожнага. А гвалт – дзеянне супраць волі ахвяры.

Шытыка: Нядаўна ўсе абмяркоўвалі Шурыгіну, “на донышке” каторая. Як жанчына пакажа суду, гэта быў сэкс ці гвалт, так і вырашаць. Вельмі страшна, калі трапляюцца маньякі. Але ёсць кампаніі, збіраюцца, усё было добраахвотна, а пасля проста маме страшна прызнацца.

Чаму жанчыны церпяць гвалт

Ярашонак: Які партрэт ахвяры гвалту?

Мянцюк: Пераважна гэта жанчыны, якія не могуць жыць без мужчыны. Калі жанчына незалежная, мае падтрымку ад блізкіх, то можа ад агрэсара сысці. Але большасць ахвяр не маюць спецыяльнасці, няўпэўненыя ў сабе, баяцца, што калі застануцца без мужчыны, то не змогуць пракарміць сям’ю.

Гэта непрадказальная з’ява, у любой сям’і можа адбыцца гвалт. Бывае, жанчына працуе на двух працах, корміць сям’ю, а муж, які, з майго пункту гледжання, нават яе не варты, дома праводзіць свае ахвярныя рытуалы.

Калі звяртаецца ахвяра сямейна-бытавога гвалту, мы адсяляем яе ў крызісны пакой, далучаецца міліцыя. Адрас пакоя засакрэчаны.

Бывае, жанчына ў крызісным пакоі, ёй знайшлі новую працу, куды пераехаць, усё гатова, але ёй раптам стала шкада мужа. Вяртаецца, у іх зноў сям’я. Толькі адзінкі карыстаюцца паслугамі крызіснага пакоя.

Звярнуцца ў Маладзечанскі тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання інвалідаў можна па адрасе: Маладзечна, Таўлая, 4. Ці па тэлефонах: (80176) 77-21-50, 74-66-20.

Шытыка: Мне такіх жанчын не шкада. Яны самі выбралі свой шлях. Я часта з такімі сутыкалася. Скардзяцца, жаляцца. Прапаную дапамагчы з працай, грашыма – адмаўляюцца.

Іна Мянцюк.

Мянцюк: Яны кахаюць сваіх мужоў. Спачатку ўсё добра, пасля пачынаецца непрыемнае, але яны па-ранейшаму любяць.

Шытыка: Сябе я таксама люблю.

Мянцюк: Яна лічыць, што муж без яе прападзе.

Шытыка: Ну, і хай сабе. Можна многае перажыць – крызісы, матэрыяльныя складанасці. Мы з мужам увогуле пачыналі – ён кіроўца, я медсястра. Я заўсёды падтрымлівала. Але калі б справа дайшла да збівання, гэта бачылі б дзеці – я ніколі б не засталася. Я люблю сябе, люблю дзяцей. І не важна, кім бы я працавала на той момант.

Мянцюк: Я ведаю адну сям’ю, здавалася ўзорнай. Тата і мама – два інтэлігентныя чалавекі, дзіця ў садок разам прывялі, разам забралі. Пасля сустракаю гэту жанчыну – кажа, з сям’і сышоў муж. Не магла паверыць. Праз нейкі час зноў сустрэліся, кажа, муж вярнуўся. Сам? Не, яна пайшла туды, да іншай жанчыны, сказала: “Збірай чамаданы, няма чаго гадаваць чужых дзяцей, свае дома не гадаваныя”.

Чаго жанчыны баяцца

Ярашонак: Тое, што ў крызісны пакой звяртаецца мала жанчын – можа, яны баяцца?

Жарская: Страх застацца адной, без грошай, жылля, калі няма куды пайсці. Страх, што адносіны з боку крыўдзіцеля стануць яшчэ горшымі, пагрозы расправай. Баяцца з-за пагроз, стэрэатыпаў і грамадскага меркавання. Вельмі складана зрабіць крок, расказаць усё, звярнуцца па дапамогу. Страшна застацца непачутым і незразумелым. Але зрабіць гэта трэба, перасіліць сябе, амбіцыі, правілы, страхі і сорам.

Мянцюк: Па дапамогу псіхолага пераважна звяртаюцца жанчыны, у якіх не ўсё так крытычна. Калі жанчына сябе паважае, яна не дазволіць так да сябе ставіцца. А сем’і, дзе здараецца гвалт, звычайна ўжо стаяць у сацыяльна небяспечным становішчы, і звычайна і ў мужа, і ў жонкі аднолькавы лад жыцця.

Кацярына Шытыка.

Шытыка: Напэўна, такую сітуацыю могуць змяніць толькі дзеці.

Мянцюк: Не ўсім патрэбныя дзеці. Некаторыя іх нават не наведваюць у прытулку. А іншыя гатовы змагацца дзеля дзяцей.

Некаторыя жанчыны, калі выклікаюць на мужа міліцыю, спадзяюцца, што яго пакараюць і ён адразу стане лепшым. Але ён не стане лепшым. Неразумна на гэта спадзявацца.

Жанчыны вельмі баяцца, што пра іх праблему ўсе будуць ведаць. Ім хочацца, каб іх сям’я выглядала ідэальнай. Баяцца, што скажуць, нібы б’е, таму што яна нешта робіць няправільна.

Шытыка: І яшчэ сваякі могуць казаць: нічога, мы ўсё жыццё пражылі, не разводзіліся, а табе чаго. І так закладаецца ў выхаванне дзяўчынкі, што трэба маўчаць і жыць, як усе жывуць.

Мянцюк: У нас была шматдзетная мама, якая вяла асацыяльны лад жыцця, дзяцей то аддавалі ў СПЦ, то вярталі. Яе дачка рана нарадзіла, і складваецца ўсё гэтак жа. Звычайна дзеці жывуць так, як жылі бацькі.

Мы вучым дзяцей, што трэба нечага дасягнуць, зарэкамендаваць сябе, паважліва ставіцца да іншых. У такіх сем’ях гэтага няма – мне ўсе павінны, дзяржава мне абавязаная.

Жанчынам не хапае смеласці і самапавагі

Ярашонак: Якіх ведаў не хапае жанчынам, каб абараніць сябе?

Жарская: Не хапае любові і павагі да сябе. Калі ёсць цвёрдае жаданне цярпець і быць ахвярай – гэта адно. Іншае – палюбіць сябе і зрабіць правільны крок. Кажуць, што калі чалавек цярпіць, значыць, яму гэта зручна, значыць, яшчэ можа цярпець. Жорстка, але гэта праўда.

Мянцюк: Напэўна, нашым жанчынам не хапае смеласці, а не ведаў. Веды цяпер атрымаць не праблема. Другая праблема – лянота заступіцца за самога сябе. А калі хто хоча штосьці змяніць, то ўсё ў яго руках.

Ярашонак: Ці дастаткова дасканалае заканадаўства ў адносінах да жанчыны? Калі на бацькоўскім сходзе выступае міліцыянер і кажа: не цярпіце, калі муж б’е – тэлефануйце. А на наступным выступае сацпедагог і кажа: “Мамы, добра падумайце, ці званіць у міліцыю. Ну, пасварыліся з мужам – чаго не бывае. А пасля аднаго званка сям’ю паставяць у сацыяльна-небяспечнае становішча”.

Мянцюк: Тое, што ставяць на ўлік – зразумела. Калі чалавек пазваніў, то ясна, што гэта быў не разавы выпадак. А за дзіцем трэба назіраць.

Таму што калі ён ці яна растуць пры пастаянных скандалах, гэта адбіваецца на вучобе і здароўі, стэрэатыпе паводзінаў.

Шытыка: Замест таго, каб прызнаваць праблемы і вырашаць іх, жанчыны баяцца, што скажуць людзі, калі раптам даведаюцца, што сям’ю паставілі на ўлік.

Вольга Жарская.

Мянцюк: Мы адказваем за сваіх дзяцей, пакуль жывём. Мне 45 год, а мая мама штодзень цікавіцца, як я.

Шытыка: Усё залежыць ад жанчыны. І дабрабыт, і адносіны.

Ярашонак: А ад мужчыны?

Шытыка: Яго асноўная роля – здабытчык. Падключацца да выхавання дзяцей. Мне падаецца, жанчыны могуць узваліць на сябе нашмат больш, не кожны мужчына зможа цягнуць і работу, і сям’ю, і дзяцей.

Жанчына-лідар – сцерва?

Ярашонак: Што вы скажаце пра стэрэатыпы, што жанчына-лідар – гэта мужчына “ў спадніцы”, не можа зарабляць больш за мужчын і што жанчына-кіраўнік менш кампетэнтная за калегу-мужчыну?

Шытыка: Жанчына-лідар ніколі не будзе “мужчынам у спадніцы”. Таму што і ў бізнесе, і ў сям’і яна ў першую чаргу ўключае сэрца. Імкнецца давесці сваю справу, як і сваё дзіця, да канчатковай мэты.

Незалежна ад таго, чым яна займаецца, жанчына заўсёды застаецца жанчынай.

Ярашонак: А наконт таго, што жанчына ў сям’і не можа зарабляць больш?

Шытыка: Калі гэта задавальняе і жанчыну, і мужчыну, то чаму не. Магчымы варыянт, калі мужчына займаецца гаспадаркай. Напрыклад, са здароўем нешта, і можа быць толькі дома.

Любая мудрая жанчына можа падтрымаць свайго мужа – дапамагчы знайсці новую прафесію, выбраць курсы ці дапамагчы адкрыць бізнес.

Жанчына – гэта шыя. Як паверне – так і будзе. Ад жанчыны залежыць вельмі многае. І калі яна будзе зарабляць больш, думаю, нічога кепскага ў гэтым няма.

Ярашонак: У сваім досведзе кіраўніцтва вы сутыкаліся з тым, што вас успрымалі неяк не так, як мужчыну-кіраўніка?

Шытыка: Я кірую шэсць год. Калі я заняла пасаду, была маладзейшая, і, напэўна, не ўсе ўспрымалі сур’ёзна. Некаторыя казалі: “Эй, дзяўчына, ідзі сюды”. Гэта аўтасэрвіс, і часам, калі трэба, апранаю спецадзенне, магу і з анучай у руках, і з гаечным ключом. І не заўсёды выглядаю, як дырэктар.

Сваёй значнасці дабіваешся ўчынкамі, дзеяннямі. Нашы кліенты пераважна мужчыны, як і нашы пастаўшчыкі, 16 супрацоўнікаў. Усмешка, узаемаразуменне – мой стыль кіраўніцтва даволі ліберальны. Я як матуля для калектыву. Напэўна, перавага жанчыны-дырэктара ў тым, што яна акрамя прафесійных якасцяў цікавіцца і асабістым жыццём. Таму калегі мне давяраюць.

А калі казаць пра кампетэнтнасць, то ў некаторых тэхнічных пытаннях я магу быць недастаткова кампетэнтнай, хаця ведаю тэхналагічныя працэсы ад шынамантажу да замены ГРМ. Але ёсць навучаныя спецыялісты – мой намеснік, майстар-прыёмшчык, слесары. Мая функцыя – наладзіць усю гэту сістэму, каб усё працавала без збою.

Ярашонак: Іна, вы таксама жанчына-кіраўнік. Што думаеце пра жанчын-лідараў?

Мянцюк: У нас з Кацярынай розныя умовы. На шчасце, што ў нас “у руля” стаіць дырэктар-мужчына. Таму што жанчыны крыху па-іншаму ўспрымаюць кіраўніка-жанчыну.

Калі нейкае валявое рашэнне прыме мужчына-дырэктар, гэта будзе гучаць як яго воля і мужнасць. Калі ж такое рашэнне прыме жанчына-кіраўнік, то будуць пагаворваць пра тое, што праскокваюць ноткі сцервы.

Галоўнае, каб чалавек разумеў, чым займаецца, і быў на сваім месцы.

Палітыка – не для жанчын?

Ярашонак: Ці пагаджаецеся вы з меркаваннем, што палітыка – справа мужчын?

Мянцюк: Я з гэтым хутчэй пагаджуся. У нас, жанчын, нават мысленне іншае. Ёсць прыклады, тая ж Кацярына Вялікая, Індзіра Гандзі. Але палітыка бліжэй мужчынам.

Шытыка: Жанчыне-палітыку цяжэй. Даводзіцца такі цярністы шлях праходзіць. Бліжэйшы сучасны прыклад – прэзідэнт Літвы. Яна ведае пяць моў, вельмі адукаваная, чорны пояс па каратэ. А сям’і ў яе няма. Напэўна, яна сябе рэалізуе ў кар’еры, цяжкавата сумяшчаць і палітычную сферу, і сям’ю.

Моцная жанчына-лідар будзе паспяваць усё, нават займацца палітыкай.

Ярашонак: Кацярына, вашы падначаленыя пераважна мужчыны, але ёсць і жанчыны. Калі да вас прыходзіць жанчына ўладкоўвацца на працу, вы задаяце пытанні пра тое, колькі ў яе дзяцей, ці плануе яна яшчэ нараджаць, ці замужам?

Шытыка: Я шукала бухгалтара. Месяц таму прыйшла 25-гадовая жанчына з вышэйшай адукацыяй, толькі выйшла з дэкрэтнага. Сказала, не выключана, што з’явіцца і другое дзіця. Як жанчына жанчыну я не магла яе не падтрымаць.

Магчыма, для мяне гэта не вялікая праблема, таму што сама ведаю бухгалтэрыю, змагу яе замяніць. Тым больш, што бальнічныя і дэкрэтныя аплачвае не працадаўца. А вось слесара я замяніць не змагла б. Хаця наўрад ці прыйдзе жанчына з такой прафесіяй.

Машына – жаночая справа?

Ярашонак: Пры падрыхтоўцы да стала я правяла апытанне сярод знаёмых, дзе яны сутыкаліся з парушэннем правоў жанчын. Многія скардзіліся, што мужчыны ўспрымаюць жанчыну за рулём, як катастрофу.

Мянцюк: Катэгарычна нязгодная. У мяне больш за 15 год стажу кіроўцы.

Жанчыны кіруюць машынай значна больш акуратна. У іх няма жадання пахваліцца перад пасажырамі хуткасцю.

На жаль, часам сустракаюцца п’яныя жанчыны-вадзіцелі. Але адказны чалавек будзе адказным і за рулём аўтамабіля.

Шытыка: Я рэдка ваджу. У мяне двое дзяцей, і сесці за руль, везці іх – такую адказнасць узяць на сябе я не магу. Але жанчыны дакладна не горш кіруюць.

Тата ў дэкрэтным

Ярашонак: Ці падтрымліваеце вы стэрэатып, што ў дэкрэтны павінна ісці мама, з ёй дзіцяці лепш?

Мянцюк: Мая дачка, прыгадваючы дзяцінства, расказвае, як тата чытаў, насіў на руках. Дзеці павінны аб’ядноўваць сям’ю. І калі тата не ўдзельнічае ў выхаванні, то, вяртаючыся з працы, бачаць ускудлачаную жонку, дзіця, якое вечна раве, – такому бацьку прасцей сысці.

Лепш за ўсё, каб у дэкрэтным пароўну былі і мама, і тата. Сапраўды, зусім маленькаму немаўляці больш трэба мама. А ад паўтара да трох год цалкам можа спраўляцца бацька з выхаваннем, развіццём светапогляду.

Жанчыны пераважна зарабляюць меней, таму ў дэкрэт часцей ідуць яны.

Шытыка: Тут большую ролю адыгрывае матэрыяльны бок. Калі жанчына зарабляе больш, у дэкрэтны павінны ісці мужчына.

У брата трое дзетак, жонка была ў дэкрэтным. Ён звольніўся, і пачаліся канфлікты. А яе запрашалі на працу, яна добра зарабляе, але катэгарычна адмовілася. І толькі горш зрабіла сям’і. Хаця ён выдатна ладзіў з дзецьмі, даглядаў іх. Урэшце прыйшлі да таго, што яна выйшла на працу. І ў сям’і лад, і грошы былі.

Ярашонак: У немцаў ёсць старая прыказка, што жанчына – гэта дзеці, кухня і царква. Ці ёсць ў сучасным беларускім грамадстве нешта падобнае?

Мянцюк: Мы працуем са шматдзетнымі сем’ямі. Ёсць мамы, якія лічаць, што яны не павінны працаваць. Яна сябе прысвяціла дому і мужу. І яе гэта задавальняе. Бываюць сем’і, дзе мае працуе і займае адказную пасаду. І таксама спраўляюцца, і ў доме ўтульнасць. Калі жанчына разумее, што гатовая на нешта большае, чым кухня і дзеці, то будзе рухацца наперад. Калі ж вырашыла, што няма нічога даражэй за сям’ю, гэта таксама правільна.

Варыць суп і чакаць з працы?

Ярашонак: Вы згодныя быць адказнай за сям’ю больш за мужчыну?

Шытыка: Адназначна.

Мянцюк: Я так і раблю.

Шытыка: Калі святкавалі 8 Сакавіка, муж падняў тост і сказаў: “Я цябе паважаю за тое, што ты самадастатковая, паспяховая, мне з табой лёгка і цікава”. Ён не думае пра многія праблемы, ведае, што ўсё вырашу.

А калі ў сяброў жонкі сядзяць і крыжыкам вышываюць, глядзяць “Дом-2” і больш ні ў ва што не ўнікаюць, то бедныя іх мужчыны. Мы з маім раўнапраўныя партнёры ў сям’і, бізнесе, сябры.

Калі побач жанчына, якая задавальняе ва ўсіх ролях, ён не бегае і не шукае нешта іншае. А вось такія, што сядзяць дома, няўпэўненыя, ім нічога не трэба, супу наварыла, чакае мужа з работы. Ці цвярозы прыйдзе, ці п’яны – такія і атрымліваюць гвалт.

Ярашонак: Але ж супу наварыць таксама трэба.

Шытыка: Вару. Але ці гэтым абмяжоўвацца – выбар кожнага. Жыццё адно.

Даведка “РГ”. ГРМ – газаразмеркавальны механізм для кіравання газавымі патокамі ў цыліндры рухавіка ўнутранага згарання.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце