weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
05.04.2018 14:22 , AЎТАР(Ы): Вера БУЯКЕВІЧ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-садка №8 Смаргоні

У Смаргоні справілі Камаедзіцу, каб мядзведзь сонца адпусціў. Што гэта за свята?

Надзвычай весела і задорна прайшло святкаванне беларускага народнага свята Камаедзіца ў яслях-садку 28 сакавіка.

Яно прысвечанае сустрэчы вясны, абуджэнню прыроды, нараджэнню новага лета, ушанаванню мядзведзя. Лічылася, што мядзведзь прачынаецца на другі дзень пасля Камаедзіцы. Якраз у гэты час ён сапраўды прачынаўся ад спячкі і зусім як увесь свет і разам з ім чалавек скідваў са сваіх плячэй зімовыя путы.

Менавіта гэтай лясной істоце ў старажытныя часы надаваліся незвычайныя ўласцівасці, яму пакланяліся. Каб заручыцца спагадлівасцю мядзведзя, у лес яму насілі пачастункі – гарохавую кашу, якая часта зліпалася ў камы.

Гэтыя камы, верагодна, і далі назву ўсяму святу “камаедзіца” – “камы есці”.

Гэта свята на пэўны час было забытае, здраджанае. Але паступова пра яго ўспомнілі і з радасцю зноў сталі адзначаць. Знаёміць дзяцей з народнай абрадавасцю беларусаў стала добрай традыцыяй у яслях-садзе. Камаедзіца зацікавіла музычнага кіраўніка Алену Варанкову, якая і стала натхняльнікам адраджэння свята.

Адзначалі яго ў ранейшыя часы ў першы тыдзень пасля вясенняга  раўнадзенства. У некаторых крыніцах апісана, што адзначалі 24 сакавіка перад Дабравешчаннем. У нашым садку абуджаць мядзведзя ад зімовага сну ў святочна ўбранай музычнай зале сабраліся выхаванцы старэйшых груп 28 сакавіка.

Галоўным удзельнікам свята, канешне, стаў мядзведзь. Свавольны, вясёлы лясны жыхар танцаваў разам з дзецьмі, спяваў жыццесцвярджальныя песні пра Смаргонскі край, пра Беларусь, пагуляў з імі ў беларускія народныя гульні “Гарлачык” ды “Дзіравы капялюш”.

Выхаванцы пад музычнае суправаджэнне паківаліся з боку ў бок, каб мядзведзю лягчэй прачыналася, каб быў ён лагодны ды шкоды людзям не рабіў.

Падчас правядзення свята дзеці адгадвалі загадкі, звязаныя з жыццядзейнасцю мядзведзя, назіралі за сваім “абуджаным” добрым лясным госцем, частавалі яго рознымі стравамі, што былі на стале, упрыгожаным тканым абрусам.

Дзеці з вялікім захапленнем уключаюцца ў такія святы. Спадзяёмся, што адроджанае свята Камаедзіца моцна ўжывецца ў сэрцах выхаванцаў.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце