weather -2° Маладзечна
weather -2° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -2° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -2° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
06.04.2018 08:22 ,

«Пакуль не лічу сябе вінаватай»: маці, у якой забралі дзевяць дзяцей, прыйшла ў рэдакцыю «РГ», каб распавесці, што здарылася ў сям’і

Зоя і яе муж Сяргей хочуць, каб дзеці выраслі добрымі людзьмі. На фота Аксаны Ярашонак - Зоя К. у рэдэкцыі "РГ".

Рашэннем камісіі па справах непаўналетніх у Маладзечанскім раёне ў шматдзетнай сям’і К.  забралі ўсіх дзевяць дзяцей за тое, што бацькі збівалі іх за правіннасці.

Працэдура адабрання праходзіла 27 сакавіка. Рэзананс гісторыя атрымала за некалькі дзён. Па парадзе сяброўкі Людмілы Буркевіч, шматдзетная маці, Зоя К., вырашыла распавесці пра сітуацыю “Рэгіянальнай газеце”.

Калі адабралі дзяцей, Зоя выйшла на працу ў Маладзечне. Цяпер кожную раніцу яна едзе з Радашкавічаў на маршрутцы ў горад, дзе на швейным прадпрыемстве працуе канструктарам. Адсюль у 2004 годзе яна сышла ў першы дэкрэтны. Гутарым з Зояй раніцай, пакуль яшчэ не пачаўся яе працоўны дзень.

Адразу спрабавалі выхоўваць размовамі

– У нас з мужам дзевяць дзяцей: Вячаслаў, Караліна, Елісей, Злата, Суламіта, Эмануіл, двайняты Евангеліна і Лучазара і сямімесячная Эмілія, –  распавядае Зоя. –  Да пэўнага часу праблем з паводзінамі дзяцей не было.  Але апошнія пару год мы пачалі заўважаць, што старэйшыя, 14-гадовы Вячаслаў і 12-гадовая Караліна, сталі падманваць, грубіць, не слухацца. Вячаслаў стаў прагульваць музычную школу, дзе займаўся па класу кларнета.

Па словах маці, адразу ў сям’і спрабавалі выхоўваць гутаркамі. Але вынікаў не было. Тады сталі караць рамянём. Муж, Сяргей, падтрымліваў Зою: лічыў, што не варта дараваць дзецям іх правіннасці, каб у далейшым яны выраслі добрымі людзьмі.

– За што каралі дзяцей рамянём?

– Вячаслава за тое, што прагульваў школу, падманваў нас. У яго прыватнай перапісцы ў інтэрнэце знайшла нецэнзурныя словы. Апошні раз у куртцы сына мы знайшлі спаленую газету. Казалі, што гульні з агнём небяспечныя. Сын адказаў нам груба, сказаў: “Я так хачу”. За гэта пакаралі. Дачку Караліну таксама каралі за падман, за тое, што неяк пайшла ў магазін і вельмі надоўга затрымалася.

Менавіта выпадак фізічнага пакарання 19 сакавіка стаў прычынай таго, што сям’ёй зацікавіліся сацыяльныя службы і міліцыя. Да гэтага, па словах Зоі, са школай ніякіх праблем не было: дзеці здольныя, вучыліся нядрэнна, мама нават мала дапамагала ім рабіць дамашняе заданне.

21 сакавіка на руцэ ў Вячаслава педагогі ў школе заўважылі сіняк. Па словах мамы, 19 сакавіка хлопца пакаралі за выпадак з паленай газетай і за грубасць, білі па мяккім месцы, але хлопчык падставіў руку. Таму сіняк атрымаўся на руцэ. Вячаслаў распавёў настаўнікам, што дома яго б’юць.

– Усюды пішуць пра тое, што магло адбыцца калектыўнае самазабойства, пра тое, што я разам з дзецьмі на Вялікдзень або ў Вербніцу абяцала сысці да Бога, – прыгадвае Зоя нядаўнія публікацыі і запісы ў дакументах камісіі па справах непаўналетніх. – Такіх размоў і блізка не было.Ведаючы Вячаслава, магу меркаваць, што ён нафантазіраваў. Хлопчык быў здольны да гэтага.

Зоя: грошай заўсёды хапала

Цяпер шэсць старэйшых дзяцей у школе-інтэрнаце ў Радашкавічах, трое малодшых – у дзіцячай бальніцы ў Маладзечне.

Пакуль бацькі не могуць наведваць дзяцей у інтэрнаце. Чакаюць дазволу Маладзечанскага аддзела адукацыі. У бальніцу да малодшых дзяўчынак Зоя ходзіць. Але Эмілію грудным малаком карміць там не дазваляюць, даюць дзіцячую сумесь.

Шматдзетная сям’я мае ў Радашкавічах дзве кватэры: чатырохпакаёвую і аднапакаёвую у доме побач. У аднапакаёўцы цяпер жыве маці Сяргея. Свякроў, па словах Зоі, дапамагае. У кватэры заўсёды парадак, дзеці дагледжаныя.

У матэрыяльных дабротах, кажа Зоя, сям’я не мела патрэбы. Мама кожны месяц атрымлівала 1100 на траіх малодшых дзяцей. Заробак таты, што працуе на чыгунцы, каля 1000. Паўгода сям’я атрымлівала адрасную дапамогу больш за 600 рублёў кожны месяц. Як шматдзетныя, карысталіся льготамі па аплаце камунальных паслуг.

Пакуль бацькі не лічаць сябе вінаватымі

Пытаюся ў Зоі, як рэагуюць на гэтую сітуацыю людзі ў невялічкіх Радашкавічах, як гісторыю жанчыны ўспрынялі на працы.

– Многія кажуць, прызнайце, што вы самі вінаватыя ва ўсім, – распавядае Зоя. – А мы з мужам пакуль не лічым сябе вінаватымі. Некаторыя ўзрушаюцца, што з бацькамі-алкаголікамі столькі недагледжаных дзяцей жыве і іх не забіраюць. А ў нас, у сям’і, дзе бацькі ніколі не пілі, дзе ў кватэры заўсёды чыста, забралі дзяцей.

Пакуль са старэйшымі Зоя размаўляе па тэлефоне. Дзеці кажуць, што хацелі б дамоў. А старэйшы Вячаслаў адпраўляе эсэмэскі, у якіх піша, што любіць маму і просіць прабачэння.

За Зояй і Сяргеем цяпер асаблівы нагляд. Сочаць, каб на працы не было ніякіх праблем: прагулаў, спазненняў. Муж і жонка павінныя прайсці медагляд, у тым ліку псіхолага, псіхіятра.

– Мы падпісалі паперу, што не будзем больш фізічна караць дзяцей, – кажа Зоя. – Вельмі хочацца, каб яны вярнуліся дамоў.

Дырэктар школы-інтэрната ў Радашкавічах: старэйшыя прывыклі, малодшыя – пакуль не

Як распавёў дырэктар Радашкавіцкай школы-інтэрната Ігар Дзятлоўскі, цяпер дзеці адаптуюцца ў інтэрнаце. Старэйшыя наведваюць школу. Калі трэба, педагогі дастаўляюць іх у музычную школу.

– Малодшая дзяўчына адаптуецца цяжэй. Вядома, адарвалі ад мамы, – кажа Ігар Міхайлавіч. – Да дзяцей бацькоў пусцім, калі будзе на гэта адпаведны дазвол аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама.

Па словах дырэктара, усе дзеці прыехалі ў інтэрнат дагледжаныя, чыстыя. У гэтым плане да бацькоў прэтэнзій няма.

Афіцыйны прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама: у дваіх старэйшых дзяцей былі сінякі

Паводле афіцыйнага каментара прадстаўніка УУС Мінаблвыканкама Яўгена Сачака,  22 сакавіка ў Маладзечанскі РАУС паступіла інфармацыя з Радашкавіцкай сярэдняй школы аб тым, што ў хлопчыка 2004 года нараджэння знайшлі кровападцёкі. У гэты ж дзень у школу прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Апыталі дзіця, а таксама яго малодшых сясцёр і брата.

Усіх даставілі ў Маладзечанскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз для высвятлення паходжання траўмаў. Сінякі былі толькі ў дваіх старэйшых. Па стане на 26 сакавіка падрыхтавалі заключэнне, што ў дзяцей ёсць цялесныя пашкоджанні, не пацягнуўшыя кароткачасовага расстройства здароўя. З апытання старэйшага высветлілася, што бацькі пакаралі яго за нейкую правіннасць рамянём.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх: у сям’і была пагроза жыццю дзяцей

Камісія па справах непаўналетніх Маладзечанскага раёна прыняла рашэнне забраць дзевяць дзяцей з сям’і К.

Па словах намесніка старшыні камісіі Вольгі Клепаковай рашэнне прынялі, бо была пагроза дзіцячаму здароўю і жыццю.

– Згодна з Дэкрэтам №18, дзяцей забралі на паўгода, – кажа Вольга Паўлаўна. – У гэтыя шэсць месяцаў мы будзем працаваць з сям’ёй. На працягу двух тыдняў з моманту адабрання складаецца План абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, які зацвярджае старшыня райвыканкама. Калі за гэтыя шэсць месяцаў знікнуць прычыны, з-за якіх прызналі, што дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, іх вернуць у біялагічную сям’ю. Калі ж прычыны застануцца, па рашэннi камiсii аддзел адукацыі спорту і турызму будзе хадатайнічаць перад судом аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

План работы з сям’ёй К. пакуль у распрацоўцы.

Ні да ладу жыцця сям’і, ні да жыллёвых умоў у камісіі ніякіх пытанняў няма.

Акцэнт у плане, хутчэй за ўсё, зробяць на псіхалагічную дапамогу. Спецыялісты-псіхолагі папрацуюць і з дзецьмі, і з бацькамі. Кожны месяц бацькоў будуць выклікаць на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, сачыць, як выконваюцца пункты плана. Сёння вызначаюць парадак зносін дзяцей з бацькамі. Маме і тату дазволяць бачыць дзяцей, размаўляць з імi ў прысутнасці педагога з інтэрната.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце