weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 9° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 8° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 9° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4702
1 долар 2.0035
100 рас.руб. 3.2694
07.04.2018 16:39 , AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Маладзечанец які працуе на Камчатцы: «Ем ікру лыжкамі і вітаюся з мядзведзямі»

Павел Стужынскі працуе вадалазам на Камчатцы

Ад Маладзечна да Петрапаўлаўска-Камчацкага больш за сем тысяч кіламетраў.

Там няма ні трас, ні чыгункі. Нас раздзяляюць дзевяць гадзін. І аб’ядноўвае адзін маладзечанец, Павел Стужынскі, які аднойчы рызыкнуў і перабраўся туды на працу.

Што я забыўся на краі Зямлі?

Гэта самае частае пытанне, якое задаюць Паў­лу яго сябры.

Насамрэч, ад знаёмых сваіх знаёмых Павел яшчэ ў 2013 годзе пачуў, што на Камчатку патрабуюцца вадалазы.

– Я тады працаваў у МНС. Пакуль быў у адпачынку, злётаў на Камчатку на месяц, паглядзеў. Пасля мяне ў 2015 годзе запрасілі. Тады я не адважыўся, а калі ў 2017 паўтарылі прапанову, я вырашыў: эх, была не была. Звольніўся з МНС і пераехаў сюды. А не так даўно перавёз сюды жонку і дачку.

Павел працуе ў прыватнай фірме вадалазам.

– Работы выконваем розныя: суднапад’ём, паглыбленне дна, пад­водная зварка і рэзка, абслугоўванне караблёў, рамонт і будаўніцтва пірсаў. У плане рэалізацыі сябе як прафесіянала тут вялікая перспектыва, у Беларусі спектр работ не такі шырокі, хочацца ўдасканальвацца і пазнаваць новае.

Пакет кефіру на Камчатцы каштуе шэсць беларускіх рублёў

Праца вадалаза складаная і цяжкая, таму лагічна было запытацца ў Паўла, ці заграбае ён грошы лапатай?

– На гэты конт на Камчатцы ёсць барадаты анекдот. Сын піша ліст маці: “Мама, тут, на Камчатцы, грошы грабуць лапатай, вышлі, калі ласка, 700 рублёў на лапату”.

На самой справе, кажа Павел,  тое, што на Далёкім Усходзе зарабляюць шмат – гэта стэрэатып.

Сярэдні заробак па краі  прыкладна 70 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 2 400 беларускіх рублёў).

–  Мой заробак  вышэй за сярэдні. Для Беларусі гэта сума добрая, але тут вельмі дарагое жыццё. Каб зняць аднапакаёвую кватэру, трэба выкласці  каля 25 тысяч рублёў (прыкладна 800 беларускіх), прадукты даражэйшыя ў два-тры разы, малочка дарагая неверагодна, пакет кефіру на нашы грошы каштуе шэсць беларускіх рублёў. Інтэрнэт з тэлебачаннем у месяц абы­дзецца ў чатыры-пяць тысяч расійскіх (170 беларускіх).

Затое кілаграм ікры каштуе танней, чым кошт за інтэрнэт.

– Але тут яе лыжкамі не ядуць. Выбар вялікі, цана на рынку каля трох тысяч рублёў за кілаграм (100 беларускіх рублёў).  У каго ёсць выхад у мора, хто мае лодку або працуе на караблі, той можа дазволіць сабе такія далікатэсы часцей. Мая прафесія мне таксама гэта дазваляе, часам лаўлю крабаў, марскіх вожыкаў.

Калі марскіх вожыкаў Павел ловіць, то з марскімі львамі – “супрацоўнічае”.

Па горадзе ходзяць мядзведзі, а ў моры плаваюць марскія львы

– Сівучы іх называюць, яны занесеныя ў Чырвоную кнігу, іх у свеце зусім мала. Вельмі цікавыя і цікаўныя жывёлы. У даўжыню да трох метраў і важаць каля тоны. Апошнім часам часта даводзіцца сустракацца з імі пад вадой, яны любяць назіраць, як я працую. Але нечаканая сустрэча з імі палохае. Сівучы не агрэсіўныя, калі не праяўляць агрэсіі да іх і не замахвацца на іх тэрыторыю.

Увогуле, прызнаецца Павел, прырода Камчаткі – гэта іншы свет.

– Камчатка – гэта край, дзе прырода пакуль перамагае чалавека. Гэта вельмі цікавае месца, можна шмат пра яго гаварыць. Тут ёсць стэла “Тут пачынаецца Расія”, гэта тая Расія, пра якую пішуць і гавораць: тут ходзяць мя­дзведзі па горадзе. Я не перабольшваю. Бывае, выходзяць прама ў горад, а на лецішчах у людзей дык увогуле звычайная рэч. Цяпер спяць, бо на Камчатцы яшчэ зіма. А летам, калі ў лесе поўна ягад, можна ўбачыць дзіўную карціну – мядзведзяў, якія пасуцца на палянах як свойскія жывёлы. Камчацкія мядзве­дзі да людзей не агрэсіўныя. Яны “вегетарыянцы”. Тут у моры шмат рыбы, так што мішкі пад’еўшыя і шчаслівыя.  Лісы ходзяць па гора­дзе як бадзяжныя сабакі ў нас.

А яшчэ снегу за зіму тут выпадае столькі, як у два росты чалавека.

– Тут ты не камчадал (так называюць жыхароў Камчаткі), калі ў цябе не круты праварульны “Лэнд-Крузер” з коламі па грудзі. А яшчэ тут у мінус 30 можна лашчыцца ў гарачай тэрмальнай крыніцы, якая сілкуецца энергіяй вулкана. І  практычна з кожнага пункта горада бачныя тры дзейсныя вулканы. Усяго іх тут такіх 29.

Павел расказвае, што сам яшчэ не прывык да такіх дзівосаў, а што тычыцца яго сям’і – жонкі Сняжаны і дачкі Кіры, – дык для іх жыццё на Камчатцы – гэта вялікая прыгода і экскурсія ў касмічны свет.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце