weather -2° Маладзечна
weather -2° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -2° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -2° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
07.04.2018 18:12 ,

Пенсіянеры ў Маладзечне майстравалі велікодныя ўпрыгажэнні

Майстар-класы “Велікодныя цуды” для членаў клуба “Мудры ўзрост” прайшлі ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” 31 сакавіка, напярэдадні хрысціянскага свята.

Майстар-класы “Велікодныя цуды” для членаў клуба “Мудры ўзрост” прайшлі ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” 31 сакавіка, напярэдадні хрысціянскага свята.

Метадыст цэнтра творчасці Таццяна Рамановіч запрасіла гасцей у выставачную залу, дзе прадстаўленыя лепшыя работы навучэнцаў. У цэнтры ўвагі была экспазіцыя вырабаў удзельнікаў раённага конкурсу “Велікодныя цуды”.

– Вялікдзень – адзін з самых светлых і добрых святаў, – расказвае метадыст. – Традыцыі нашых продкаў адраджаюцца з новай сілай: людзі сталі ўпрыгожваць свае дамы, рыхтаваць падарункі блізкім.

Вянкі, кошыкі з яйкамі, паштоўкі, вербачкі, сувеніры – працы ў розных тэхніках і накірунках здзіўлялі творчым падыходам і фантазіяй юных умельцаў. Натхнёныя ўбачаным, удзельнікі сустрэчы адправіліся на майстар-класы, дзе, узброіўшыся нажніцамі, клеем і паперай, прыняліся за выраб сувеніраў пад кіраўніцтвам педагогаў і навучэнцаў цэнтра творчасці.

Стараючыся не адставаць ад хлопчыкаў і дзяўчынак, дарослыя склейвалі кошыкі для яек, упрыгожвалі паштоўкі.

Пажылыя людзі ўжо не першы раз наведваюць цэнтр творчасці “Маладзік”. Падобныя сустрэчы арганізуе клуб “Мудры ўзрост” пры раённым тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва, створаны для арганізацыі вольнага часу пенсіянераў. Кіраўнік клуба Алена Камісарук распавяла, што для яго ўдзельнікаў праводзяць разнастайныя сустрэчы, экскурсіі, святы:

– Нядаўна мы былі на экскурсіі ў РАУС, плануем наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Сярод членаў клуба ёсць людзі, для якіх 11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў – не проста дата ў календары. Каб ушанаваць памяць тых, хто сутыкнуўся з жахамі вайны, арганізуем наведванне мемарыяльнага комплексу “Шталаг-342”. Хутка пачне працу трэнінгавая група для пажылых людзей, накіраваная на асобасны рост кожнага ўдзельніка і актывізацыю ўнутраных рэсурсаў у пераадоленні крызісных сітуацый.

Людміла Кандрашына ў клубе “Мудры ўзрост” чатыры гады. Самым цікавым і карысным для жанчыны аказалася асваенне камп’ютара, цяпер яна ўпэўнена адчувае сябе ў інтэрнэце, мае кантакты ў сацыяльных сетках, карыстаецца скайпам.

– Наш калектыў вельмі дружны, як сям’я, – дзеліцца ўражаннямі Людміла. – У нас былі аздараўленчыя мерапрыемствы, працавалі з трэнерам па фізкультуры больш за паўтара года. Ад сённяшняга мерапрыемства проста ў захапленні. Паштоўку, якую зрабіла, падару дачцэ.

Мікалай Кот.

Сваё прызначэнне знойдзе і выраб Мікалая Ката. Карзінку дапоўніць уручную размаляванымі яйкамі і хоча прадставіць на конкурсе “Саюза палякаў на Беларусі”, прысвечанага каталіцкаму Вялікадню.

Мікалай усё жыццё працаваў у калгасе, а яшчэ амаль 50 гадоў піша ў газеты. Дома захоўвае тры альбомы з публікацыямі ў мясцовых выданнях.

Нядаўна мужчына адсвяткаваў 70-годдзе, у гонар якога атрымаў фотаапарат ад старшыні “Саюза палякаў на Беларусі”, памятныя фатаграфіі ад клуба “Мудры ўзрост”.

Каб наведваць заняткі клуба, Кот прыязджае ў Маладзечна з Маркава. Па горадзе перасоўваецца выключна пешшу і імкнецца харчавацца правільна, як яго вучылі на спецыяльных сустрэчах “Мудрага ўзросту”.

Фота Таццяны Рамановіч.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце