weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
08.04.2018 07:55 ,

Беларуская мачанка з блінамі ў немцаў пайшла на “ўра!”: ураджэнец Вілейшчыны Уладзімір Папковіч – пра паездку ў Германію пачатку 1990-х

Уладзімір Папковіч (першы злева) у Браўнфельсе ў нямецкіх сяброў.

Яшчэ падчас першай паездкі ў Германію пісьменнік і перакладчык Уладзімір Папковіч зразумеў: немцы любяць сваю малую радзіму і паказваюць гэту любоў розным чынам.

Які б маленькі гарадок альбо вёска ні былі, яны адлюстраваныя ў маляўнічым альбоме, дзе неабавязкова гераічнае мінулае і не менш гераічная сучаснасць, як найчасцей у нас, дзе маляўнічасці мала, а слоў пра тое, якія мы прыгожыя – шмат.

У альбоме “На многіх шляхах… Айторф” амаль адны пейзажныя, але вельмі маляўнічыя фатаграфіі розных прыгожых мясцін. Маленькая прадмова, на паўстаронкі, і цудоўныя выявы роднага краю. Толькі некалькі цытатаў двух пісьменнікаў – Германа Гесэ і Петэра Хандтке.

У 1990-я дамафоны былі дзівам дзіўным

Падчас падарожжа ў 1991 годзе для сваіх сяброў Урсулы і Клаўса Хайнэкэ піьменнік прывёз з сабой літаратурны часопіс “Нёман”, дзе былі па-руску надрукаваныя нататкі пра мінулагодні прыезд у Германію з групай студэнтаў і выкладчыкаў. На рускай мове не кожны немец зразумее, таму Уладзімір Антонавіч перакладаў вусна на магнітную стужку на нямецкую мову.

Помніцца пісьменніку вячэра ў сям’і Герстэр. Вялікі дом, сабака, электронная пішучая машынка. І тое, што сёння ў нас у кожным пад’ездзе – дамафон – тады, у 1990-я, было дзівам. Дзверы аўтаматычна адчыняюцца! Уключаецца святло!

Пра Карла Маркса і дзядзьку Карла

У адзін з дзён падарожжа наведалі Трыр.

–  Што я ведаў пра Трыр? Вельмі шмат: Карл Маркс нарадзіўся ў горадзе Трыры 5 мая 1818 года. І яшчэ: у 50 гадоў Карл Маркс пачаў вывучаць рускую мову, – дзеліцца пісьменнік.

У Урсулы Хайнэке ў Трыры жыў дзядзя Карл, якога яна так і называла “Onkel Karl“ –Дзядзька Карл нарадзіўся ў 1902 годзе, значыць, тады, у 1991-м,  яму ішоў 90-ты.  Яго сын Рудольф быў пастарам у кляштары.

Мемарыяльная дошка на музеі Маркса ў Трыры. Фота za7verst.ru.

– Дзядзька Карл пахваліў мяне за тое, што мне вядомы горад Трыр і што я ведаю біяграфію Карла Маркса, – прыгадвае Папковіч. – Але Трыр зведаў куды больш важныя падзеі. Горад заснавалі яшчэ старажытныя рымляне. Кляштар і царква святога Матэя стаяць цяпер на месцы рымскіх раннехрысцянскіх пахаванняў.

Пад кіраўніцтвам дзядзькі Карла госці агледзелі Трыр. Вось Порта Нігра – Чорныя вароты, рэшткі магутнага збудавання часоў Рымскай імперыі. А вось не меней старажытны сабор, гісторыя якога ўзыходзіць да  гадоў вялікага перасялення народаў.

У фантастычнай бібліятэцы ў Вецлары.

Самыя старыя часткі дома адносяцца да чацвертага стагоддзя нашай эры.Ёсць у Трыры і вуліца знакамітага ўраджэнца – Карла Маркса. Яны нібы з’яўляецца працягам старога Рымскага моста. На гэтай вуліцы знаходзіцца і музей. Наведнікаў за год бывае да сарака тысяч. Асабліва шмат з былой ГДР і іншых сацыялістычных краін.

–  Мы хадзілі, разглядалі дакументы, вывучалі біяграфію аўтара “Капітала”, –  прыгадвае падзеі 30-гадовай даўніны мой субяседнік. –  Адыходзячы ўжо, пытаюся ў адміністратаркі: “А шмат у Трыры камуністаў?” “Я ніводнага не ведаю”, смяецца жанчына.

Гэта не столькі музей жыцця і творчасці Карла Маркса, лічыць Уладзімір Антонавіч, колькі біяграфія самога дома, бо збудаваны ён у 1727 годзе.

Пасля наведвання музея пісьменнік запытаў у дзядзькі Карла, што было няправільна ў тэорыі Карла Маркса? Дзядзька не пагадзіўся, што ў тэорыі Карла Маркса было штосьці няправільна. Ён лічыў яго вялікім філосафам і эканамістам.

Дзядзька Карл аказаўся паэтам. Ён падарыў калегу з Беларусі тры тамы сваіх вершаў, выдадзеныя прыватна з вельмі добрымі малюнкамі-ілюстрацыямі ягонай знаёмай мастачкі. А яшчэ  на развітанне з Трырам і дзядзям Карлам Уладзімір Папковіч ўзяў у яго інтэрв’ю.

Распавядаў пра Беларусь, яе гісторыю і мову

У гарадку Айторфе пісьменніка запрасілі выступіць на сходзе сяброў краязнаўчага таварыства.

– Мне здаецца, што ў Германіі няма ніводнага чалавека, які б не быў сябрам якога-небудзь таварыства, – жартуе Уладзімір Антонавіч.

На сустрэчу прайшло чалавек каля 30. Немцам беларускі пісьменнік распавядаў пра загадкавую краіну Беларусь, яе жыхароў, сталіцу, гісторыю, мову, а таксама чытаў свае беларускія вершы ва ўласным перакладзе на нямецкую.

Выкладчык Уладзімір Папковіч са студэнтамі на занятках нямецкай мовай.

Па назіраннях майго субяседніка, немцаў, якія перажылі нацызм, палохаюць словы “нацыянальная самасвядомасць”.

У Боне пісьменнік і выкладчык не мог не зазірнуць у кнігарню.

– У велізарнай, у некалькі паверхаў, кніжнай краме, знайшоў усё, што шукаў для заняткаў са студэнтамі, – згадвае Уладзімір Антонавіч.

А вечарамі нямецкіх гаспадароў жонка майго субяседніка Ларыса частавала беларускімі стравамі. Немцы тады асабліва ўпадабалі мачанку з блінамі.

Здымкі забяспечаныя Уладзімірам Папковічам.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце