weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 18° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 18° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3066
1 долар 1.9725
100 рас.руб. 3.1678
09.04.2018 12:20 ,

«Пасля турмы сістэма прымушае вярнуцца на зону». Чаму вызваленыя не баяцца новага зняволення

Летась на Маладзечаншчыну прыехала амаль 300 чалавек, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення свабоды. З чым былыя заключаныя вяртаюцца, як наладжваюць сваё жыццё і што перашкаджае іх адаптацыі?

Маладзечанец Ягор (імя змененае па просьбе героя) вярнуўся з турмы ў мінулым годзе. Мы папрасілі яго распавесці, што трэба чалавеку, які вызваліўся з турмы, каб адаптавацца ў грамадстве і застацца на свабодзе.

– Такое адчуванне, што калі чалавек вызваліўся, то органы хочуць як мага хутчэй вярнуць яго назад у турму. Нібы калі аднойчы пераступіў рысу закона, значыць, будзе пераступаць пастаянна. І ператвараешся ў матэрыял для зарабляння зорачак.

У некаторых краінах, седзячы ў турме, можна зарабіць грошы. І выйсці з добрым капіталам, якога хапае, каб пачаць новае жыццё. А ў мяне зарплаты за працу ў турме па разліковаму рахунку адзін месяц дзве капейкі, другі – тры. Калі нехта лічыць, што за адсідку ў турме могуць зарабіць, каб пагасіць іск, так дакладна не атрымаецца.

Хто не мае прафесіі, у турме можа атрымаць, напрыклад, спецыяльнасць сталяра, вадзіцеля, трактарыста. Можна вучыць замежныя мовы. Фармальна прафесія будзе.

Калі выходзіш, даюць грошы на білет, каб даехаць дадому. Мне далі менш за пяць рублёў, каб даехаць з Магілёва. Былі яшчэ грошы, якія даслала мама.

Тое, што турма можа выправіць – ёй можна напужаць толькі таго, хто там не быў. Калі чалавек адбыў тэрмін, ужо турмы не баіцца.

Калі датэрмінова вызваляюць, трэба хадзіць адзначацца ў інспекцыю. Правяраюць дома, і чалавек адчувае сябе несвабодна.

Нават калі адбыў тэрмін да канца, дзяржаве ўжо нічога не павінны, сваё цалкам адбыў, усё роўна ставяць на ўлік. Падаўжаюць нагляды, калі, напрыклад, не начаваў дома. Як малое дзіця – тры разы дома не начаваў – усё, можаш год атрымаць.

Трэба быць ідэальным арыштантам, каб выйсці на свабоду без нагляду. Нагляд як даюць. Пакуль у турме, фіксуюць парушэнне рэжыму. Напрыклад, у турме ў тваёй рэчавай сумцы на складзе былі няўлічаныя рэчы. За гэта – парушэнне. Прасцей нават рэчавай сумкі не мець, таму што пры праверцы знайшлі няўлічаную шкарпэтку – усё, парушэнне. Нават калі проста вымову дадуць у турме, за гэта могуць даць паўгода нагляду па выхадзе.

Турма накіроўвае райаддзелу міліцыі, які нагляд прызначылі. Чалавек вызваліўся, а кудысьці схадзіць можна, толькі каб у 21 гадзіну быць дома. Выпраўленчая інспекцыя сочыць, як вызвалены выконвае нагляд. Могуць тры разы за ноч прыехаць праверыць, а табе ў шэсць раніцы на працу ўставаць.

Чым дапамагаюць вызваленым

Ёсць такія, каго на волі ніхто не чакае. Некаторыя звяртаюцца ў касцёл, там прапануюць гуманітарную дапамогу – адзенне і 30 кілаграмаў прадуктаў – крупы, кансервы. З жыллём таксама дапамагаюць.

У вызваленых ёсць перавага ў працаўладкаванні. Рабочае месца на біржы фармальна знойдуць, нават калі для звычайных шукальнікаў вакансій няма.

Атрымаць можна самую брудную працу. Хаця з біржы і даюць накіраванне, працадаўцы знаходзяць прычыны, каб адмовіць. Таму што ніхто не хоча звязвацца з інспекцыяй. Гэта пастаянныя праверкі, а якому кіраўніку такое трэба.

А чаму куртка добрая? Скраў?

У табе бачаць патэнцыйнага злачынцу, нават калі ты нічога не здзейсніў. Ідзеш адзначацца, табе кажуць – а чаму ў цябе такая куртка добрая, ці не скрадзеная? Калі лічыце, што я злачынца – знайдзіце, у чым, дакажыце і пасадзіце, а не фантазіруйце. А чаму я павінны быць апрануты горш за вас, я ж таксама ўжо свабодны чалавек, мне далі пашпарт, я грамадзянін, а не асуджаны.

Калі чалавек вызваліўся, няма блізкіх, якія могуць дапамагчы, то пражыць за 300 рублёў заробку нерэальна. Некаторым даводзіцца ісці красці проста каб паесці. Нават калі дапамогуць гуманітаркай, пастаянна ж дапамагаць не будуць, трэба самому станавіцца на ногі.

Завесці сям’ю зусім няпроста. Знайсці добрую жанчыну – гэта шанцаванне.

Сеў раз – сядзеш яшчэ

І для грамадства, і для працадаўцы важна, за што чалавек быў асуджаны. Калі за крадзеж – то ў магазін грузчыкам не бяруць. Хаця чаго баяцца дырэктару магазіна? Скрадзе – зловяць і пасадзяць.

Такое грамадства – раз зрабіў памылку, значыць, будзеш памыляцца заўсёды. Ведаю, што некалькі чалавек пабылі на волі – і праз некалькі месяцаў зноў парушылі закон. Адзін хацеў выпіць, другі паесці.

Не трэба клеймаваць людзей, якія вызваліся. Усе розныя. А прадузятасць да былых асуджаных больш за ўсё замінае адаптацыі.

Мала такіх, хто ідзе на злачынства проста таму, што так захацеў. З кім я знаёмы, усе вяртаюцца назад. Колькі там бедалаг сядзіць за палку кілбасы.

Міліцыя: хто хоча атрымаць працу – знойдзе

Пра тое, як вызваленым дапамагаюць адаптавацца, расказаў начальнік крымінальна-выканальнай інспекцыі Маладзечанскага РАУС Юры Петрашэўскі.

Рэцэдываў стала менш

За два месяцы гэтага года з месцаў пазбаўлення свабоды ў Маладзечанскі раён вызваліліся 39 чалавек. За мінулы год вызваліліся 293 чалавекі.

Летась 49% злачынстваў у раёне ўчынілі людзі, якія раней мелі судзімасць. У абсалютных лічбах за тры месяцы бягучага года зафіксавалі 108 злачынстваў рэцыдывістаў, летась за такі ж перыяд было на 33 злачынствы больш.

— Рэцэдываў стала менш. На гэта ўплывае шэраг фактараў – сацыяльна-эканамічныя прычыны, прафілактычная работа, якую мы праводзім. Выклікаем у інспекцыю, наведваем іх дома. Дапамагаем з працаўладкаваннем.

Чым дапамагаюць

Міліцыя ставіць на ўлік людзей, што маюць судзімасць. Кантралюе і накіроўвае ва ўстановы, якія прапануюць розныя віды дапамогі. Гуманітарную, псіхалагічную і кансультацыйную дапамогу можна атрымаць у Цэнтры сацыяльнага забеспячэння насельніцтва.

Калі вызвалены страціў сацыяльна карысныя сувязі, ён можа скарыстацца пунктам часовага знаходжання. Камісія ў выканкаме разглядае заяву, калі ёсць прычыны, па якіх ён не мае жылля, то для яго адаптацыі даюць ложка-месца ў гэтым пункце. Паралельна такога чалавека падтрымліваюць у працаўладкаванні.

Працаўладкоўваючы вызваленага, улічваюць кваліфікацыю, спецыяльнасць, паказчыкі па здароўі. Цэнтр занятасці прапануе навучанне новай спецыяльнасці за кошт дзяржавы. У мінулым годзе пунктам часовага знаходжання скарысталіся чатыры чалавекі. Гэта людзі, якія страцілі сацыяльна карысныя сувязі – напрыклад, згарэў дом. Чатырох чалавек з такой катэгорыі працаўладкавалі.

Працаваць хочуць не ўсе

– Калі чалавек захоча працаўладкавацца, работу ён знойдзе. Але такое жаданне бывае не ва ўсіх. Калі вызвалены чалавек не ўладкаваўся, значыць, проста не хоча. Некаторыя шукаюць лёгкую нажыву, іншыя – неафіцыйную падпрацоўку, дзе няма рэжыму працы. Прычына рэцыдываў у асабістых якасцях, нежаданні выправіцца, нежаданні весці законапаслухмяны лад жыцця. Хаця мы іх пастаянна папярэджваем, запрашаем на прафілактычныя мерапрыемствы. Калі чалавек хоча адаптавацца ў грамадстве, у першую чаргу патрэбнае жаданне. Захоча – і сям’ю створыць, і працу знойдзе, калі трэба адвучыцца, і жыллё адшукае.

Нагляд – гэта для вызваленых мінус, каментуе начальнік міліцыі. А для грамадства – плюс:

– Калі пастаянна пад кантролем, менш спакусы ўчыніць нешта супрацьпраўнае.

Ад 9 да 15 красавіка Маладзечанскі райаддзел міліцыі будзе праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Нагляд”. Падчас яго міліцыянеры будуць узмоцнена кантраляваць людзей, якія маюць судзімасць.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце