weather 12° Маладзечна
weather 12° Вілейка
weather 14° Смаргонь
weather 12° Ашмяны
weather 13° Валожын
weather 12° Мядзел
weather 14° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.5041
1 долар 2.0256
100 рас.руб. 3.2925
10.04.2018 08:38 , AЎТАР(Ы): Аксана Ярашонак

Моладзь плануе размаляваць горад: летам у Вілейцы могуць зладзіць праект «Будуем утульную радзіму»

Андрэй Лохач (у цэнтры) з актывистамі ва Украіне. Фота забяспечанае Андрэем Лохачам.

Акуратныя дамы і кватэры, яркія, па-сучаснаму размаляваныя двары, прыгожыя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Такой бачаць Вілейку арганізатары моладзевага сацыяльнага праекта “Будуем утульную радзіму”. Распачаць ініцыятыву плануюць у горадзе ўжо гэтым летам.

Менеджар праекта Андрэй Лохач распавёў карэспандэнту “Рэгіянальнай газеты” пра тое, што будзе ўяўляць сабой праект:

– У невялікі горад з’язджаюцца маладыя людзі-валанцёры ад 18 гадоў. Удзельнічае моладзь з усёй Беларусі, а па магчымасці, некалькі чалавек з суседніх краін. Цягам двух тыдняў яны займаюцца добраўпарадкаваннем горада. Па-першае, дапамагаюць рамантаваць кватэры і дамы малазабяспечаным, шматдзетным сем’ям, сем’ям, у якіх няма аднаго з бацькоў.

Па-другое, валанцёры добраўпарадкуюць месцы масавага адпачынку – дзіцячыя пляцоўкі, месцы для заняткаў спортам.

Такія малюнкі называюць мураламі. Фота Podrobnosti.ua.

І па-трэцяе, моладзь у прамым сэнсе зробіць горад больш яркім – размалюе вуліцы графіці і мураламі – буйнымі абстрактнымі малюнкамі на сцяне. Гэта можа быць трафарэтны малюнак, постэр і ўсё іншае, на што здольная фантазія мастака.

Безумоўна, такая дзейнасць немагчымая без узгаднення з мясцовымі ўладамі. Таму актывісты ўжо гутарылі з прадстаўнікамі Вілейскага райвыканкама. Цяпер актывісты чакаюць афіцыйнага адказу. Калі яго атрымаюць, правядуць круглы стол з супрацоўнікамі райвыканкама, ЖКГ і сацыяльнымі службамі.

Працаваць дзеля таго, каб моладзь не з’язджала з маленькіх гарадоў

– Працу ў адным горадзе мы плануем на ліпень, у другім – на жнівень, – дзеліцца Андрэй. – У Вілейцы ў ліпені святкуюць дзень горада і тут, у выканкаме, нам сказалі, што было б добра, каб наша дзейнасць прыпала менавіта на гэты час.

Па словах Андрэя, усё добраўпарадкаванне будзе рабіцца пад наглядам мастакоў і архітэктараў. Калі атрымаецца, то мясцовых, калі не, то спецыялістаў будуць прывозіць  сабой з Мінска.

На думку арганізатараў, іх дзейнасць будзе актуальнай сёння, бо ў Вілейцы ёсць праблемы, вядомыя многім невялікім гарадам. Першая праблема – наяўнасць у грамадстве сацыяльна незабяспечанай альбо малазабяспечанай часткі, якая жыве ў дрэнных умовах і атрымлівае невялікія заробкі. Людзі не могуць палепшыць свае ўмовы жыцця. Наступствам можа стаць павелічэнне сацыяльнай напружанасці і падзенне агульнага ўзроўню жыцця, і як вынік, адток моладзі за мяжу.

Эмблема праекта. vk.com.

Другая праблема – малая колькасць моладзевых актывістаў, якія б стваралі ініцыятывы не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ва ўсіх гарадах. Усё больш людзей, асабліва моладзі, імкнецца пераехаць са сваіх гарадоў і мястэчак у сталіцу на сталай аснове. Таму развіццё мясцовых супольнасцяў з’яўляецца неабходным для падтрымкі жыцця ў рэгіёнах.

На праект натхніла Украіна

– На такі праект мы натхніліся, калі гасцявалі ва Украіне,  – распавядае Андрэй.   – Там маладыя людзі працуюць так ужо некалькі год. У іх багаты досвед.

На тыдзень у Вілейку прыедуць каля 30 валанцёраў, на другі тыдзень – яшчэ столькі ж. Працоўны дзень маладых людзей будзе выглядаць так. Прыкладна ад сямі-васьмі гадзін раніцы і да абеду яны будуць займацца сацыяльна карыснай працай.

Пасля абеду – плануюць культурніцкую праграму. Гэта выязныя падарожжы, экскурсіі па горадзе, семінары, трэнінгі, лекцыі, на якія запросяць грамадскіх актывістаў з Мінска. У канцы кожнага дня – абавязковыя пасядзелкі ля вогнішча з песнямі пад гітару і размовамі пра тое, як прайшоў дзень:

– Я назіраў за ўсім гэтым працэсам ва Украіне, – прыгадвае Андрэй. – Сумесная праца і такія размовы вельмі аб’ядноўваюць людзей.

У канцы кожнага тыдня арганізатары будуць ладзіць канцэрт з удзелам музычных гуртоў. Першапачаткова планавалі толькі сталічных, а пасля даведаліся, што і ў Вілейцы ёсць цікавыя музыкі.

Спадзяёмся, што беларус дапаможа беларусу

Як валанцёры будуць вырашаць фінансавыя праблемы?

– У красавіку мы зарэгіструемся як грамадская арганізацыя, будзем рэкламаваць сваю дзейнасць. Сёння ў нас ужо ёсць суполкі ў сацыяльных сетках, – тлумачыць Андрэй. – Як сябры грамадскай арганізацыі мы будзем плаціць унёскі. Звернемся да вілейскіх і мінскіх прадпрымальнікаў. Ужо даведаліся, што ў Слуцку можна дамовіцца з маршрутчыкамі, каб тыя, калі трэба, бясплатна падвозілі нашых валанцёраў. Магчыма, атрымаецца дамовіцца і ў Вілейцы. Многія будаўнічыя крамы могуць даць значныя зніжкі, калі даведаюцца, што матэрыялы набываюць для сацыяльнага праекта. Хацелася б, каб менавіта беларусы дапамаглі беларусам. Калі ж гэтага не хопіць, будзем падавацца на замежныя гранты.

У хуткім часе правядуць краўнфандынгавую кампанію у інтэрнэце. Сабраныя грошы таксама пойдуць на сацыяльна значную дзейнасць.

Праект, па словах Андрэя, доўгатэрміновы, разлічаны неменш на чатыры-пяць гадоў. Сёлета актывісты плануюць працаваць у Вілейцы і Слуцку. На наступны год, калі ўсё атрымаецца, можна будзе ахапіць больш гарадоў, працаваць па ўсёй рэспубліцы.

Ад мая актывісты пачнуць шукаць валанцёраў. У кожным горадзе будзе мясцовы куратар – актыўны малады мясцовы жыхар. Цяпер арганізатары якраз у пошуках такіх актывістаў. Калі вы хацелі б паўдзельнічаць у праекце, можа па сацыяльных сетках звязацца з Андрэем Лохачам або Віталем Лучыновічам.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце