У Ашмянах усе надпісы з назвамі вуліц будуць рабіць па-беларуску

Фота з сайта osh.by
Здавалася б, што тут дзіўнага – у Беларусі жывём! Камусьці гэтыя назвы сагрэлі душу, а хтосьці і ўвагі на іх не звярнуў. Большасці з нас звыкла, калі надпісы на шыльдах і ўказальніках падаюцца на рускай ці нават замежнай мовах.
Сумневу наконт таго, на якой мове падаваць напісанне назваў вуліц, у кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі не ўзнікла: толькі на беларускай. Камунальнікі маюць рацыю: такі падыход пазбавіць блытаніны. Аднак толькі ў тым выпадку, калі мы напачатку будзем падаваць найменні на беларускай мове. Напрыклад, з’явіўся новы мікрараён, і вуліцы ў ім назвалі па-беларуску.
Нам не трэба вынаходзіць веласіпед, а рабіць так, як і ва ўсім свеце – назвы даваць на роднай мове, а на любую іншую перадаваць спосабам транслітарацыі.
Гэта значыць, палітарна. Калі гэта руская мова, то, згодна з арфаграфіяй рускай мовы: вуліца Шпалерная – улица Шпалерная, вуліца Вялікі Гасцінец – улица Великий Гостинец, Францыска Скарыны – Франциска Скорины, Крынічная – Криничная.
Менавіта такі прынцып прыменены ў шасцітомным выданні “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь”.
Канешне, тыя назвы, якія з’явіліся раней, ужо так і будуць у нейкім сэнсе недарэчнасцю, але ж новыя мы можам прывесці ў належны парадак, каб не блытаць турыстаў, і каб яны ведалі, што ў свеце сярод мноства моваў ёсць беларуская.
Аліна САНЮК, osh.by



