weather -2° Маладзечна
weather -2° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather -2° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -2° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
12.04.2018 10:00 ,

У Рэчыцы дактароў пакаралі «хатняй хіміяй» за смерць мужчыны пасля ангіны

Анатоль Кавалевіч з дачкой. Фота з сямейнага архіва.

40-гадовы жыхар Рэчыцы Анатоль Кавалевіч памёр у маі 2016 году ў шпіталі пасля таго, як трапіў туды з ангінай. Удава мусіла два гады даводзіць: у смерці Анатоля вінаватыя дактары, а не трагічная выпадковасць, як сцвярджалі медыкі ды іх начальства, піша Радыё Свабода.

11 красавіка суд Рэчыцкага раёна вынес абвінаваўчы прысуд у крымінальнай справе. Маладыя дактары — кардыёлаг Тацяна Краўчанка і тэрапеўт Кацярына Шабетнік — прызнаныя вінаватымі паводле часткі 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэксу ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, якое мела вынікам смерць пацыента.

Кожную пакаралі абмежаваннем волі на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. На пяць гадоў ім забаронена займацца дзейнасцю, звязанаю з медыцынай. З дактароў спагналі 60 тысяч рублёў маральнай шкоды на карысць пацярпелай Ганны Кавалевіч. Жанчына адна гадуе траіх непаўналетніх дзяцей.

Скардзіўся на боль у горле, прасіў дапамогі, лекары ігнаравалі

Жыхар Рэчыцы захварэў 20 мая 2016 года. Ён раней меў праблемы з горлам, прайшоў праз апэрацыю, таму неадкладна звярнуўся ў паліклініку. Адтуль з дыягназам «фалікулярная ангіна» Анатоля шпіталізавалі ў інфекцыйнае аддзяленне раённай больніцы.

Пацыенту было блага, ён скардзіўся медыкам на невыносны боль у горле, на адчуванне, што «там нешта захрасла». Дзяжурны доктар агледзела хворага, але «нічога такога» не знайшла. Хворы звяртаўся на пост да медсястры, сам хадзіў шукаць медыкаў у прыёмны пакой, прасіў выклікаць вузкага спецыяліста — оталарынголага ці хірурга.

Оталарынголаг не прыйшоў, затое да хворага з невядомай мэтай выклікалі псіхіятра. Тым часам у жыхара Рэчыцы пачаліся ўскладненьні танзіліту, затым стэноз — звужэнне гартані. Ён памёр ад лёгачна-сардэчнай недастатковасці.

Тэрапеўт Кацярына Шыбетнік (на першым пляне) і прадстаўніца бальніцы. Фота svaboda.org.

Шпіталь правяралі пракуратура, Следчы камітэт, рэгіянальнае ўпраўленне аховы здароўя. Апошнія не знайшлі парушэнняў у дзеяннях дактароў. СК тройчы ўзнаўляў і спыняў крымінальную справу «праз адсутнасць складу злачынства».

Вынікі праверкі Міністэрства аховы здароўя сталі нечаканымі: пры аказанні меддапамогі Кавалевічу знайшлі недахопы, дактары няправільна ацанілі цяжкасць стану пацыента, не прызначылі агляд оталарынголагам, бракавала належнага дынамічнага назірання за хворым.

У канцы 2017 году была ўзбуджана крымінальная справа, якая дайшла да суда.

Дактары віну не прызналі. Больніца прасіла не задавальняць позву

На паседжанні 11 красавіка выступіў грамадзянскі пазваны ў справе — Рэчыцкая раённая больніца. Прадстаўніца медустановы лічыла патрабаванні пацярпелай кампенсаваць маральную шкоду неабгрунтаванымі. Сваю пазіцыю медыкі патлумачылі тым, што паміж смерцю Кавалевіча і недастатковай ці няправільнай  дапамогай няма прычынна-выніковай сувязі.

«Грубых парушэнняў у арганізацыі дапамогі і лячэнні не ўстаноўлена. Заяўнік неправамоцна называе дзеянні мэдыкаў злачыннымі», — выказалася прадстаўніца шпіталю.

Яна прасіла суд улічыць, што раённая больніца — бюджэтная арганізацыя, якая атрымлівае грошы ад дзяржавы на заробкі, камунальныя платы, паліва і так далей, і папрасіла адмовіць у задавальненні позвы.

Абвінавачаныя дактары — кардыёлаг і тэрапеўт, якія дзяжурылі 21—22 мая 2016 года, не прызналі сябе вінаватымі. Яны адзначылі, што пацыент не меў відавочных прыкметаў стэнозу, скаргі на боль у горле характэрныя пры такіх захворваннях, як ангіна (ці танзіліт), неабходную дапамогу яму надалі. Стэноз, паводле іх, можа развівацца даволі хутка, а пацыент меў нізкі імунны статус.

Адвакаты зазначалі ў спрэчках, што «дактары не багі», «падабаронная не магла прадугледзець смерць», «падабаронная не магла пярэчыць дыягназу, які паставіў у паліклініцы оталарынголяг».

На скаргі «дактары адказалі, што сёння выхадны»

Прадстаўнік абвінавачання Мікалай Беларусаў лічыць, што суд даказаў віну дактароў. І Таццяна Краўчанка (кардыёлаг), і Кацярына Шабетнік (тэрапеўт) аглядалі падчас свайго дзяжурства пацыента, але «нічога такога» не заўважылі.

Пракурор нагадаў, што службовая інструкцыя давала дактарам у дзень дзяжурства права склікаць кансіліюм ці запрасіць на агляд вузкага спецыяліста — оталарынголага. Але яны гэтага не зрабілі, нягледзячы на шматразовыя скаргі Кавалевіча на цяжкае дыханне.

«Дактары не ажыццявілі дынамічнага назірання, не далі праўдзівай ацэнкі цяжкасці стану, не далучылі да агляду оталарынголяга, не прынялі захадаў для вызначэння правільнага дыягназу. Гэта мела вынікам несвоечасовую дыягностыку, ускладненні, стэноз, далей — вострую дыхальную недастатковасць і смерць», — адзначыў Мікалай Белавусаў.

Ён нагадаў, спасылаючыся на матэрыялы справы і паказанні сведкаў, што Кавалевіч прасіў выклікаць оталарынголага ці хірурга, а яму адказалі, што сёння — выхадны.

Пракурор дадаў, што паміж смерцю чалавека і недастатковай ці няправільнай медыцынскай дапамогай ёсць апасродкаваная сувязь.

«Яна дае прычыны гаварыць, што ў медыкаў была магчымасць аказаць дапамогу, выратаваць жыццё чалавека. З боку Краўчанкі і Шабетнік не было праяўлена ніякай ініцыятывы. Усе агляды праводзіліся толькі на просьбу пацыента», — падкрэсліў Белавусаў.

Ён спыніўся на такім моманце: оталарынголага дзяжурныя не выклікалі, але псіхіятра паглядзець пацыента запрасілі.

«Цяжкасць стану Кавалевіча была ацэненая няправільна. Выклік псіхіятра ў цэлым сведчыць аб стаўленні дактароў да стану хворага. Ён паводзіў сябе неспакойна, але дзеянні дактароў былі накіраваныя не на лячэнне ці высвятленне прычынаў такога яго стану», — лічыць пракурор.

Ганна Кавалевіч з адвакатам. Фота svaboda.org.

Але і псіхіятар не агледзеў хворага — на момант яго прыходу Анатоль ужо страціў прытомнасць, яго пачыналі рэанімаваць.

Пракурор прасіў суд прызнаць медыкаў вінаватымі і пакараць абмежаваннем волі на 4 гады, пазбавіць права займацца медыцынай на 5 гадоў, даць штраф па 50 базавых.

«Калі смерць чалавека — не грубыя парушэнні, то што тады грубыя?»

Адвакат пацярпелай Павал Шамко звярнуў увагу на словы медыкаў, што праверка міністэрства і экспертыза не выявіла грубых парушэнняў ў іх дзеяннях.

«Калі смерць — не грубае парушэнне, то што тады грубае? Дактары сцвярджаюць, што не было сумневаў у дыягназе — танзіліт. Але калі яны выклікалі псіхіятра, значыць, мелі нейкія сумневы?» — паставіў пытанні абаронца.

Ён заявіў: медыкі маглі зрабіць захады, прычым нескладаныя, каб чалавек застаўся жыць. Але не зрабілі гэтага. Пацярпелая засталася адна з непаўналетнімі дзецьмі, яна адчувае цяжкія пакуты ад страты блізкага чалавека.

«Медыкі нават не папрасілі прабачэння»

Ганна Кавалевіч задаволеная рашэннем суда. Яна кажа, што ў Беларусі вельмі цяжка прыцягнуць да адказнасці медыкаў.

Калі памёр муж, жанчына знайшла іншых жыхароў Рэчыцы, якія страцілі сваіх блізкіх у шпіталі. Разам яны зьбіралі подпісы, «шукалі ўправы» на мэдыкаў. Але пакуль да суда справа дайшла толькі ў Ганны Кавалевіч.

«Многія пасля такога проста не хочуць звязвацца, бо гэта вельмі цяжка маральна, псіхічна. Вы не ўяўляеце, які кавалак здароўя аднялі ўсе скаргі, разборы, суды ў мяне і маёй сям’і.

Але я хачу сказаць людзям — пішыце ва ўсе інстанцыі, стукайце ўва ўсе дзверы — і недзе вам адчыняць», — параіла жанчына.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце