weather -2° Маладзечна
weather -2° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather -2° Ашмяны
weather 0° Валожын
weather -2° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
13.04.2018 08:56 ,

Міністр адукацыі расказаў пра павышэнне заробкаў настаўнікаў, ІТ-класы і беларускія групы ў садках

Фота Gazeta.zp.ua.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка адказаў на пытанні «Нашай Нівы».  

«Ці варта чакаць павышэння заробкаў настаўнікаў? Калі так, то ў якім памеры і калі?» — спыталіся мы. 

«Павышэнне будзе, — сказаў Карпенка. — Мы ўносілі свае прапановы ўраду. Дакладных лічбаў я не скажу, але нашая прапанова такая: выхавацелям дзіцячых садкоў падняць заробак на 50%, а потым павышаць на 20% усім педагагічным работнікам. Што датычыць дат, то гэта залежыць ужо не ад нашага міністэрства. Цяпер вядзецца работа ў Мінфіне, урадзе і Міністэрстве эканомікі. Яны павінны прыняць рашэнне па канкрэтных сумах, сыходзячы з магчымасцяў эканомікі. Паўтаруся, што работа адпаведная вядзецца».

«А ці плануецца пашырэнне спісу профільных класаў? Нядаўна ж вы ініцыявалі аргарныя класы, дык можа з’явяцца і ІТ-класы, напрыклад?» — таксама спыталіся мы.

«Сённяшняя профільная сістэма не забараняе выступаць з любымі інціцыятывамі. Учора на калегіі Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфарматызацыі і сувязі мы разглядалі гэтае пытанне, у тым ліку. У прынцыпе, гэта магчыма. Але я думаю, што не трэба тут гнацца за лічбамі і назвамі, а трэба сыходзіць з патрэб эканомікі. Чаму аграрныя класы? Не сакрэт, што ў гэтую сферу моладзь ідзе кепска… Мы тут кіраваліся ўзорам педкласаў, якія мы стварылі, каб падняць узровень абітурыентаў педагагічных ВНУ, каб туды больш матываваных людзей ішло.

У пэўным сэнсе гэта атрымалася: падняліся балы абітурыентаў, больш медалістаў пайшло ў педы. Так, спадзяемся, будзе і з аргарнымі класамі — у гэтых кадрах рэальная патрэба эканомікі. А што да айцішнікаў, то тут і так вялікі конкурс, мы павялічваем наборы. Калі трэба будзе і далейшае пашырэнне, то разгледзім варыянт спецыяльных класаў. Ведаеце, учора мы разглядалі і пытанне змянення курсу інфарматыкі ў школах агулам. Напэўна, трэба сысці ад жорсткага вучэбнага плана, даць больш прасторы для творчасці канкрэтнага педагога і вучня. Не прывязваць усё да праграмы, але вызначыць пры гэтым набор кампетэнцый, якімі мусіць валодаць выпускнік сярэдняй школы ў ІТ-кірунку», — сказаў міністр.

«Скажыце таксама, а чаму гучаць прэтэнзіі бацькоў, што на месцах не заўсёды ідуць насустрач у пытанні адкрыцця беларускамоўных класаў і груп у садках?»

«Ну, можа, не заўсёды яны так ужо і не ідуць. Часцей не збіраецца колькасць дзяцей. Калі прыйшоў адзін бацька і кажа: давайце створым беларускамоўнае асяроддзе, то гэта цяжка рэалізаваць. Калі такіх чалавек будзе 20, то мы такія класы і групы адкрыем. І я сам, дарэчы, перыядычна гавару па-беларуску, не трэба думаць, што ў мяне з гэтым праблемы. І мы сёння, працуючы з тымі ж гімназіямі, далі ўстаноўку, каб падтрымаць іх напаўняльнасць, не прывязваюць іх жорстка да тэрыторыі. Таксама далі ўстаноўку органам адукацыі на месцах, каб яны стараліся знаходзіць дзяцей, якія хочуць навучацца на беларускай мове ў садах і школах, каб яны імкнуліся сфарміраваць гэтыя групы». 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце