weather 17° Маладзечна
weather 17° Вілейка
weather 21° Смаргонь
weather 17° Ашмяны
weather 20° Валожын
weather 17° Мядзел
weather 21° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3183
1 долар 1.9766
100 рас.руб. 3.1652
13.04.2018 11:58 ,

“Я працую Някляевым, і нікому не зняць мяне з гэтай пасады”: пра што распавёў пісьменнік на сустрэчы з землякамі ў Маладзечне

Вершы...

Вы ведалі, што песня пра Янку Купалу першапачаткова задумвалася як своеасаблівы гімн Байкала-Амурскай магістралі? А эратычны раман “Лабух” пісаўся нялёгка, бо беларускі народ настолькі цнатлівы, што не прыдумаў адпаведнай лексікі?

10 красавіка на занятках “Мова нанова” народу было больш, чым звычайна.

– Хочацца думаць, што такая наведвальнасць ад добрага вясновага надвор’я. Але я разумею, што прычына ў нашым сённяшнім госці, – пачала імпрэзу вядоўца Наталля Тур.

А тым самым госцем, які забяспечыў узорную наведвальнасць заняткам, стаў пісьменнік, паэт-песеннік, грамадскі дзеяч, ураджэнец Смаргоні Уладзімір Някляеў.

– Маладзечна – знакавае месца, колішні цэнтр вобласці, – пачаў сустрэчу пісьменнік. –Тут я бываў некалькі разоў на тыдзень у тыя часы, калі мэрам быў мой сябар Генадзь Карпенка. – Ён нават ноччу мог патэлефанаваць мне, запрасіць тэрмінова прыехаць, у выніку мы проста разам заходзілі ў якую-небудзь начную кавярню, дзе ён пытаўся ў работнікаў, як ідзе іхні бізнес.

Пра мовы беларускую і фінскую

Некалькі год наш госць жыў у Фінляндыі і на сустрэчы з цеплынёй успомніў гэту краіну і яе жыхароў, іх уменне выйсці з эканамічнага крызісу, уклаўшыся ў высокія тэхналогіі, іх неверагодную павагу да роднай мовы:

– Вы паспрабуйце сказаць у Фінляндыі, што фінская мова – бедная. За такія словы вас пакараюць на заканадаўчым узроўні. Гэта пры тым, што фінаў амаль на палову менш, чым беларусаў. І фінская мова непатрэбная нідзе за межамі Фінляндыі.

Аднак, як прызнаўся пісьменнік, мову фінаў ён не вывучыў. Не вывучыў таму, што не збіраўся заставацца ў гэтай краіне назаўсёды. Прыгадаў, як сядзеў у Фінляндыі, пісаў беларускія кніжкі і прачытаў, што ў вялікім беларускім горадзе Магілёве 1 верасня па-беларуску пайшла вучыцца толькі адна дзяўчынка.

З маладзечанцам Лявонам Цімохіным.

– Дык для каго я пішу свае кнігі, калі ў Беларусі дзеці не вучацца па-беларуску? Хто іх будзе чытаць? Навошта я займаюся самападманам? – дзяліўся эмацыйна ўзрушаны паэт са сваімі прыхільнікамі.

Уладзімір Някляеў перакананы: мова і культура – гэта тое ўнікальнае, што адрознівае любы народ ад усіх астатніх. І калі мы будзем з іншай мовай, мы будзем іншым народам.

І ўсё ж ёсць у беларускай мове адзін маленькі недахоп. З ім Някляеў сутыкнуўся, калі пісаў эратычны раман “Лабух”.

– Пішучы эратычны раман, я заўважыў, што ў беларускай мове зусім няма эратычнай лексікі. Ну, абняліся, а далей што? Як пісаць? Вось такі цнатлівы быў наш народ: лаянцы з іншых моў навучыўся, а прыдумаць сваёй эратычнай лексікі не змог, – падзяліўся Някляеў.

Натхненне – стан блізкі да наркатычнага

Па словах пісьменніка, пісаць літаратурныя творы можна двума спосабамі. Першы – ты пішаш, бо ўмееш пісаць. Другі – ты ледзь паспяваеш запісваць тое, што нехта аднекуль дыктуе. І такі стан эйфарыі называецца натхненнем.

Эмацыйны выступ.

– Я размаўляў з наркаманамі, яны кажуць, што адчуваюць нешта падобнае, – заўважыў Някляеў. – Я шмат зведаў у сваім жыцці. Зведаў і каханне. І не адно. Але стан натхнення цяжка параўнаць з нечым. У такім стане пісалася паэма “Маланка” – пра вернасць у каханні. Я пісаў яе так, што за пяць сутак не спаў ні хвіліны.

Чаму на пахаванні Васіля Быкава раптам зваліўся ягоны партрэт

Прыгадваючы беларускага пісьменніка, франтавіка, свайго старэйшага сябра Васіля Быкава, Някляеў распавёў, як у апошнія дні жыцця Васіль Уладзіміравіч казаў “Смерць – ціхая рэч. Зрабі, каб і мая смерць была ціхай”.

– А тут якраз так атрымалася, што да апошняга часу не маглі вырашыць, на якіх могілках хаваць Быкава. Вырашалі ўсё гэта гучна проста над труной пісьменніка. Нехта крычыць: “Я быў на Маскоўскіх могілках! Кажуць там няма месца для Быкава!”– прыгадаў Някляеў гэты містычны выпадак 15-гадовай даўніны. –

І ў гэты момант партрэт Быкава са стала грымнуўся на падлогу.

Урэшце ўсё атрымалася. А развітацца з Васілём Быкавым, па ўспамінах Някляева, прыйшло каля 50 тысяч чалавек.

Ігар Лучанок: “О, добра, што ты прыйшоў. Песня пра экскаватаршчыкаў патрэбная”

Песні на словы Уладзіміра Някляева ёсць у рэпертуары “Песняроў” і “Сяброў”. Шмат іх цяпер спявае бард Зміцер Вайцюшкевіч. А песня “Ах, якая паненка – залатая сукенка”, як высветлілася на сустрэчы, прысвечаная дачцэ Вайцюшкевіча – маленькай Стэфаніі.

Аўтографы для прыхільнікаў.

А між тым, у творчай біяграфіі паэта ёсць песні і пра выратавальнікаў на вадзе, і пра пажарнікаў. За іх добра плацілі, прызнаўся Уладзімір Пракопавіч. Шмат такіх песень было напісана ў суаўтарстве з кампазітарам Ігарам Лучанком:

– Неяк заходжу да яго, а Лучанок кажа: “О! Добра, што ты прыйшоў. Мне песня пра экскаватаршчыкаў патрэбная”.

І хто сказаў, што паэты не ўмеюць чытаць свае вершы?

А яшчэ мы даведаліся, што на мелодыю песні “Янка Купала” першапачаткова павінны быў пісацца тэкст, які б заклікаў маладых людзей ехаць на будоўлю Байкала-Амурскай Магістралі. І ў прыпеве замест слоў “Янка Купала” пры іншым раскладзе магло б гучаць “БАМ нас чакае”.

– У Старажытным Рыме было пакаранне неўпамінаннем. Так пакараны сёння і я, – падзяліўся пісьменнік са сваімі прыхільнікамі. – Але я ўсё жыццё працую Някляевым, і нікому мяне не зняць з гэтай пасады.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце