weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 11° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 11° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
20.04.2018 10:25 ,

“Сонечны”, вадасховішча, Асіпавічы: якія пляжы чакаюць летам на Вілейшчыне і Мядзельшчыне

На Нарачы. Фота Наталля Тур.

Тры афіцыйна дазволеныя пляжы на Вілейшчыне чакаюць адпачывальнікаў сёлета, распавялі ў Вілейскай выратавальнай станцыі.

Дзе можна

Гэта пляж ля сажалкі ў Асіпавічах, пляж “Сонечны” на Віліі ўздоўж вуліцы Савецкай і гарадскі – на Вілейскім вадасховішчы. Ён таксама ў межах горада. Гэта канцавы прыпынак аўтобуса, што ідзе па чацвертым маршруце. Месцы для адпачынку прыпісаныя ў рашэнні райвыканкама ад 28 лютага.

Штогод, вызначаючы месцы для купання, спецыялісты карыстаюцца дакументам – Правіламі аховы жыцця людзей на вадзе Рэспублікі Беларусь. Рашэнне дазволіць ці не дазволіць прымаюць сумесна супрацоўнікі арганізацыі выратавання на вадзе, кіраўніцтва Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, начальнік аддзела ЖКГ Вілейскага райвыканкама і начальнік інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў.

Сёлета афіцыйна дазволеных для купання месцаў на Вілейшчыне менш, чым у мінулым годзе, распавяла старшыня Вілейскай раённай арганізацыі выратавання на вадзе Алена Граковіч.

Дзе нельга

У 2018 годзе забаранілі купацца на вадаёмах, што на тэрыторыі вытворчых памяшканняў мэблевай фабрыкі на Валынца, у Салдацкім возеры ў Дубаўцы, у кар’еры ў Снежкаве, у сажалках, што месцяцца пры ўездзе ў Вілейку з Маладзечна і ў мікрараёне Воўкаўшчына, у водных акваторыях побач з комплексам “Кветкі яблыні” і на зоне адпачынку “Жоўты бераг”. У астатніх месцах на вадаёмах Вілейшчыны купацца таксама забараняюць да прыняцця адпаведнага рашэння.

Супрацоўнікі Вілейскай ЖКГ да сезона купання павінны будуць устанавіць указальнікі ля тых вадаёмаў, дзе купанне забаранілі.

З’явяцца альтанкі і грамадскія прыбіральні

Згодна з планам, усе пляжы, дзе дазволена купацца, добраўпарадкуюць, адрамантуюць, пачысцяць ад смецця. Паставяць лежакі, альтанкі, ценявыя навесы, маскі для ўваходжання ў ваду, інфармацыйныя стэнды, абсталююць спартыўную зону, пры патрэбе адрамантуюць альтанкі і лаўкі, што стаялі раней. Таксама на пляжы павінны з’явіцца кантэйнеры і сметніцы, грамадскія прыбіральні. Абсталююць раздзявалкі, а на дзіцячую пляцоўку завязуць пясок, установяць буі.

Большасць з запланаванага спецыялістам ЖКГ, арганізацыі выратавання на водах, водаканалу неабходна зрабіць за май. Цяпер, па словах Алены Граковіч, спецыялісты займаюцца абнаўленнем інфармацыі на стэндах, што ўсталяваныя на пляжах.

А што на Мядзельшчыне?

Як распавёў “Рэгіянальнай газеце” начальнік Мядзельскай выратавальнай станцыі Дзмітры Дамшэль, на Мядзельшчыне рашэнне пра дазволеныя для купання пляжы прымаюць пазней, у апошнія майскія дні.

Аднак пералік такіх месцаў для адпачынку не мяняецца ўжо некалькі год. Хутчэй за ўсё, сёлета іх будзе 12. Магчыма, зачыняць адзін з пляжаў, што на тэрыторыі “Зубраняці”.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце