weather 22° Маладзечна
weather 22° Вілейка
weather 27° Смаргонь
weather 22° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 22° Мядзел
weather 27° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3398
1 долар 2.0017
100 рас.руб. 3.2467
23.04.2018 19:00 ,

Загадчыца паліклінікі №3 Наталля Капцюг: “Адміністратар ні ў якім разе не можа кідаць практыку”

Ілюстрацыйны здымак. Фота EtoDavlenie.ru.

Кабінет загадчыцы гарадской паліклінікі №3 Маладзечанскай ЦРБ на наступны дзень пасля яе юбілею патанаў у кветках і шарыках. Са святам Наталлю Капцюг віншавалі калегі, пацыенты і падначаленыя.

Далучыцца да віншаванняў запрасілі і чытачы “РГ”.

Шлях да галоўнага доктара

У медыцыну Наталля Георгіеўна, як і яе малодшая сястра Жанна Георгіеўна, прыйшлі праз маці. Яна працавала медсястрой у маладзечанскай радзільні ў палаце нованароджаных. З малых гадоў дзяўчаты ведалі, што такое боль і чаму так важна, каб медыкі маглі яго спыніць.

Пасля маці перайшла ў абласную станцыю пералівання крыві. Наталля з сястрой часам хадзілі да мамы на дзяжурствы, яна шмат расказвала пра працу і паступова зацікавіла медыцынай абедзвюх дочак.

Адразу пасля інстытута Наталля замяняла галоўнага доктара ў Альковічах, пасля перавялі ў Касцяневічы, дзе праз 1,5 месяца прызначылі галоўным доктарам участковай бальніцы.

Калі закончыўся тэрмін размеркавання, вярнулася ў роднае Маладзечна. Працавала ўчастковым доктарам-тэрапеўтам, раённым кардыёлагам, доктарам кабінета функцыянальнай дыягностыкі. Пасля закончыла клінічную ардынатуру.

У 2000 прапанавалі ехаць на сумоўе на пасаду галоўнага доктара чыгуначнай паліклінікі. Спачатку было шмат сумненняў, але ўсё ж паехала, і на пасаду зацвердзілі.

Асабістае: як падтрымлівае здароўе і ці стаў сын медыкам

Сын Георгі, якога назвалі ў гонар бацькі Наталлі, не стаў працягваць медыцынскую дынастыю – закончыў ваенную акадэмію. Цяпер капітан, працуе ў Валожыне і атрымлівае другую адукацыю – праграмаванне.

На думку Наталлі Георгіеўны, стаць сапраўдным доктарам можна толькі дзякуючы настаўнікам – прафесарам, калегам, з якімі вучышся адзін ад аднаго. Асабліва яна ўдзячная тым, хто дзяліўся ўжо напрацаваным вопытам – гэта Т. В. Сіўцэвіч, К. І. Клыга, Л. І. Гарбуненка, В. У. Лешчык і іншыя.

Калі ўсё ж удаецца адпачыць, выбірае актыўны адпачынак, галоўнае, каб не сядзець на адным месцы.

Падабаюцца жанчыне фільмы і серыялы пра дактароў, напрыклад, “Хуткая дапамога”, “Інтэрны”, “Доктар Хаус”.

Фота забяспечана Наталляй Капцюг.

Да чаго імкнецца

Дасведчанасць і адказнасць прыносіць вынік – здароўе пацыентаў.

– Самая галоўная падзяка для кожнага медыцынскага работніка – паляпшэнне здароўя пацыента, – кажа юбілярка. – Хочацца, каб усе доўга жылі з роднымі і блізкімі, мелі шмат часу на тое, каб правесці час разам. За жыццё трэба паспець падарыць дабро.

Складанасці ў працы

Для доктара Капцюг найбольш блізкая тэрапія з кардыялагічным ухілам. І колькі б часу не ішло на кіраванне паліклінікай, яна не спыняе прыёмы.

– Адміністратарам нельга ні ў якім выпадку кідаць практыку, – упэўненая суразмоўца. – Якой бы ні была адміністрацыйная нагрузка, любы доктар павінны працягваць працаваць з пацыентамі. Працаваць трэба не вузка, а пастаянна павышаць прафесійны ўзровень.

Аднак ва ўзначальванні ўстановы аховы здароўя даводзіцца сутыкацца з рознымі сітуацыямі. Часам трэба разбіраць крытычныя звароты.

– Без крытыкі ніяк, гэта таксама досвед, – прызнаецца загадчыца паліклінікі. – Бывае, пацыенты скардзяцца, я іх разумею, хочацца атрымаць увагу, павагу, параду. Усе пытанні стараемся вырашаць на карысць пацыента.

У медыцыне няспынна паляпшаюць умовы

Добрых вынікаў калектыву на чале з Наталляй Капцюг атрымліваецца дасягаць толькі пры зладжанай рабоце каманды і падтрымцы цэнтральнай раённай бальніцы і райвыканкама.

– Усё атрымліваецца толькі дзякуючы калектыву, якому я вельмі ўдзячная, – дзеліцца Капцюг. – У кожнага вялікая нагрузка, але ўсе мы аднолькава імкнемся як мага лепш клапаціцца пра пацыентаў. У новага галоўнага доктара ЦРБ шмат ідэй па рэарганізацыі і паляпшэнні якасці медыцынскай дапамогі. Мы толькі за. Значна палепшылася абсталяванне. Цяпер у кабінеце кожнага тэрапеўта ёсць камп’ютар і прынтар, унутры паліклінікі працуе сетка – усё робіцца для хуткай і добрай камунікацыі. Паступова паляпшаюць адмысловае абсталяванне. Ідзе падрыхтоўка кабінета, у якім усталюем новае рэнтгенабсталяванне. Напрыканцы хачу пажадаць усім міру, дабрабыту і любові.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце