weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 11° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 11° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
03.05.2018 11:19 ,

Стол аздабляем кветкамі і фатаграфуемся побач: у праекце «Простыя рэчы» – стогадовы металічны столік з падворка сям’і Шэрых з Ільі

Сямейны фотаздымак ля стогадовага століка. Максім, Наталля, Матвей і Серафіма Шэрыя. Фота забяспечанае Наталляй Шэрай.

У двары Наталлі і Максіма Шэрых у Ільі ўвагу мінакоў прыцягваюць і яркія кветнікі ад вясны да восені, і афармленне двара старымі рэчамі. Сярод іх – металічны столік, зроблены невядомым майстрам у пачатку мінулага стагоддзя.

Столік прыехаў з Браслаўшчыны

Столік не толькі цудоўна ўпісваецца ў ландшафтны дызайн падворка. Сям’я выкарыстоўвае яго для розных мэт. Напрыклад, гаспадыня Наталля часам перасаджвае на ім кветкі. А яшчэ ў сямейным альбоме Шэрых ёсць агульныя фотаздымкі за столікам. І, вядома, паставіўшы побач прыгожыя крэслы, за ім можна проста пасядзець і прыгадаць мінулае.

– Гэты столік з’явіўся ў нашай сям’і ў 2003 годзе, – распавядае Серафіма Шэрая, дачка Максіма і Наталлі, вучаніца дзявятага класа мясцовай школы ў Ільі. – Калі траюрадная сястра маёй бабулі пераязджала з Браслаўшчыны ў Наваполацк. А гэтая траюрадная сястра была адначасова жонкай бабулінага стрыечнага брата Мікалая Урліка.

Святар Мікалай Урлік – першы гаспадар століка – прыкладна ў 1915 годзе. Фота забяспечанае Розай Шэрай.

З расповедаў бабулі Розы Шэрай унучка ведае, што Мікалай Урлік, як і яго бацька Канстанцін, былі праваслаўнымі святарамі. Амаль усё жыццё Мікалай служыў у царкве ў Богіне, што на Браслаўшчыне. Там на царкоўным двары ён і пахаваны.

– У 2003 годзе жонка Мікалая Кацярына сабралася назусім пераехаць з Браслаўшчыны ў Наваполацк, – працягвае Серафіма распавядаць гісторыю сямейнага экспаната. – На развітанне да сябе ў Богіна яна паклікала маю бабулю Розу. На тую сустрэчу яе вазіў мой тата Максім. Вось тады ён і атрымаў у падарунак гэты стары столік.

Пра вёску Жыліборы, якой не існуе

А шмат дзясяткаў год таму металічны стол належаў бацьку Мікалая – святару Канстанціну Урліку. Недзе ў 1915-1920 гадах Канстанцін служыў дыяканам у царкве ў вёсцы Жыліборы. Па словах Розы Шэрай, Жылібораў ужо няма на карце Беларусі. А раней гэта была маленькая вёсачка сярод балот, але з царквою.

Тут, у Жыліборах, нехта падарыў маладому дыякану металічны столік. Пасля, будучы ўжо святаром, Канстанцін пераехаў служыць у вёску Маставыя.

Двор Шэрых зімой. Фота забяспечанае Наталляй Шэрай.

Пасля смерці бацькі ў 1948 годзе некаторыя рэчы перайшлі да сына Мікалая. Сын забраў бацькавы кнігі і гэты самы столік.

– Мікалай шмат пераязджаў, але столік захоўваў. Для яго гэта была памяць пра бацьку і маці – Ганну або Нюру, як звалі яе сваякі і блізкія, – кажа Серафіма. – Ганна – родная сястра маёй прабабулі. Матушка Ганна памерла ў адзін год з мужам: ён 27 мая, а яна – 28 жніўня.

А так выглядае столік летам. Фота забяспечанае Наталля Шэрай.

Бабуля Роза распавядала Серафіме, што ў сям’і Канстанціна і Ганны гадавалася Анастасія Будзько – маці Розы Канстанцінаўны і адпаведна прабабуля Серафімы. Менавіта яны з Богіна аддалі Анастасію замуж.

Ільянскае жыццё сямейнай рэліквіі

У 1948 годзе 25 верасня сын Канстанціна і Ганны Мікалай ажаніўся з Кацярынай. Так атрымалася, што Мікалай быў стрыечным братам Розы Шэрай з боку маці, а Кацярына – траюраднай сястрой, толькі з боку бацькі.

Свой двор Максім і Наталля часта аздабляюць старымі рэчамі. Фота забяспечанае Наталляй Шэрай.

Тры гады Мікалай адслужыў на бацькавым месцы. А ў 1951 годзе пераехаў на Вілейшчыну. І пяць год служыў тут. Урэшце прыехаў на Браслаўшчыну, у вёску Богіна, дзе жыў і служыў да канца жыцця.

Столік на падворку Серафіма Шэрая памятае столькі, колькі саму сябе. І лічыць яго сапраўднай сямейнай рэліквіяй.

– Стол мы не фарбуем, – кажа дзяўчына. – Навошта зафарбоўваць гісторыю? Летам ставім на яго букеты, любім фатаграфавацца побач. Зімой ставім іншае, больш марозаўстойлівае ўпрыгажэнне. Столік стаіць пад грушай і ўпрыгожвае наш двор. Думаю, мы і далей будзем перадаваць яго іншым пакаленням нашай сям’і.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце