weather 11° Маладзечна
weather 11° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 11° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 11° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
09.05.2018 13:32 ,

«Мару пра адно — каб дзеці і ўнукі не ведалі вайны». Пра ваеннае дзяцінства на Вілейшчыне расказвае Алімпіяда Лешч

Алімпіяда Пятроўна Лешч, у дзявоцтве Кажура, жыве ў вёсцы Брускаўшчына Маладзечанскага раёна. Прыгадваючы ваенны час, кажа: “Тут жа, куды да мужа прыйшла, вайны не ведалі. Вайна была, дзе мы жылі, на фронце”. Пра сваё дзяцінства ў вёсцы Шыпкі цяперашняга Вілейскага раёна яна расказала для чытачоў “РГ”.

У 1933 годзе ў сям’і нарадзіліся першынцы, адразу двойня – хлопчык і дзяўчынка. Думалі назваць Адамам і Евай. Маме не спадабалася Ева, таму назвала Алімай. Праз два тыдні хлопчык памёр. Жанчыне так і варажылі ў маладосці: дзяцей будзе многа, але ў жывых застануцца толькі двое.

Што памятае пра ваеннае дзяцінства

Дом Кажураў быў на беразе ракі, самы першы. Калі пачалася вайна, Алімпіядзе было восем год.

– Вайну помню добра, як плакала, есці прасіла ў мамы. Кажа, ну, няма што даць. Заўтра ў ягады сходзім, пазбіраем. Тут, у Брускаўшчыне, не знаюць вайны. Тут і кароў хавалі, на аэрадроме немцы былі, дык партызаны баяліся ісці. І ў далейшых вёсках ад Шыпкоў, дзе маміны сёстры жылі, было што есці. Дык я зімой хадзіла да іх за пяць кіламетраў. А ў нас быў сапраў­дны фронт. Шыпкі былі на сто дамоў – ніводнай каровы не засталося.

Немцы прыходзілі з Раёўкі, што за тры кіламетры, але не лазілі, не шукалі. Прасілі: “Матка, яйка, млека?”. Дык і давалі.

Тату некалькі разоў выклікалі ў ваенкамат, але на вайну не бралі. Можа, трохі глухаваты быў.

Неяк трэба было мне моркву пачысціць. Гэта цяпер нажоў з дзесяць дома валяецца. А тады я на камень села, чышчу шкельцам. Ідуць з Раёўкі тры немцы. Сталі каля мяне, я далей чышчу. Адзін падышоў, забірае шкло, а я ў плач, думаю, страляць ці біць будзе. А ён далонню па галаве гла­дзіць і кажа: “Гуд, гуд”. Кінуў шкло, дастаў з кішэні складаны нож на некалькі лязоў і даў мне. І пайшлі.

З год ці болей быў у мяне гэты нож. Не схавала нідзе, на стале ляжаў. Прыйшлі партызаны і забралі. Прасіла, каб не бралі, але хіба яны пытацца будуць. Як жа рэзаў добра!

Дом каля броду быў, усе простыні, што сохлі, бралі і рвалі на партызанкі. А яшчэ прыходзілі і тату забіралі. Са­дзяць на першы воз, да колаў прывязваюць сасонкі. Калі раптам міна, каб бацька ўзрываўся, а яны ззаду едуць. Ездзілі так у іншыя вёскі, бо ў нашай ужо не было чаго браць. Некаторыя мужчыны хаваліся, але як першы дом, то і не паспееш. І бралі, што хацелі – бочкі, капусту.

Неяк гулялі каля ракі, прыйшлі немцы да рэчкі. Раздзеліся, га­дзіннікі паклалі на каменнях, пайшлі купацца. Нехта з дзяцей сцягнуў гадзіннік. А нас многа, хто яго ведае, хто. Вяртаюцца немцы, апранаюцца. Паказваюць, што гадзінніка няма. Ён аўтамат падняў уверх і стрэліў. Пачу­лі бабы ў хатах, зляцеліся нашы маткі. Паказваюць ім, што га­дзінніка няма. Яны на калені, кленчылі, прасілі. Дык праўда, нічога. Завярнуліся і пайшлі. Ой, страшна было.

У мамы было пяць сясцёр і чатыры браты. Хадзіла да цётак, бо там у партызан ежа была. Неяк снегам прыйшла, палезла на печ грэцца. Часам так і задрамлю. Тут прыходзіць другая цётка, размаўляюць, думаюць, я сплю. Адна кажа – ты хаця ж не скажы, што іх карова ў нас. Бо Пятрусь прый­дзе спаганяць, яшчэ ў косці ўложаць, і прыбіць могуць. А я чую, мне восем год, усё разумею. Тату не сказала – чорт яе бяры з каровай. Хаця Красуля надта добрая была, першая ў стадзе.

Ішла блакада на партызан, не раёўскія і не ільянскія немцы, спецы­яльная брыгада ішла, многа лю­дзей загінула. І тады немцы гоняць статак кароў, можа са сто – наша Красуня першая. Бягу маме расказаць, адказвае, ну што ж, у немцаў жа не адбярэш карову. І аднаму паліцаю спадабалася, накінуў на рогі повад.

А ў 44 годзе тата прылятае, кажа, што немцы з Раёўкі ўцякаюць, дзе павадок, паляту па карову. І прывёў Красуню. І ў нас у першых карова з’явілася, мы багатыя сталі.

Чулі пра спаленыя вёскі. І ў нашай некалькі хат падпалілі не раёў­скія немцы, блакадныя. Але без людзей. У Раёўцы сабралі тых, хто каля лесу жыў, – і лю­дзей, і дзяцей. Сагналі ў лес і расстралялі за тое, што з партызанамі былі звязаныя. А раёўскі немец ездзіў да ільянскіх, вяртаецца на матацыкле, даведаўся, што адбылося. Пайшоў гля­дзець. Чуе, дзіця плача. Маці дзіця трымала і сабой прыкрыла. Дастаў дзіця, завёз у Раёўку і аддаў людзям.

У вайне бедныя ўсе простыя людзі. Гэта Гітлера трэба было вешаць. Адзін немец, што ўмеў па-польску трохі гаварыць, кажа: “Хазяін, мы ваяваць таксама не хочам. Але калі не пойдзем, нас дома заб’юць”.

Як уладкоўвалі жыццё пасля вайны

Пасля вайны Алімпіяда хацела пайсці вучыцца ў Гродна ў вучылішча па падрыхтоўцы старшыняў калгаса. Паступала разам з дзвюма сяброўкамі-аднавяскоўкамі. У 1952 годзе здавалі экзамены ў Ашмянах.

Экзамены здалі ўсе, сяброўкі паехалі вучыцца, а Аліму тата не пусціў. Кажа: “У чым жа ты паедзеш?”.

– Не пусціў, ну дык што ж. І праўда, не было што адзяваць, пасля вайны былі голыя і босыя. У сельсавет трэба быў учотчык, парабляла год. Купіла пальто зімовае, асенняе, туфлі, боты, тры сукенкі загатовіла, вязаны шалік на галаву. Праз год паехала паступаць, узялі па леташніх дакументах. У адной групе вучылася з Феліксам Ляшчом, якога па накіраванні прыслалі з Брускаўшчыны. Памагала яму дробы, а пасля ён мяне абагнаў па матэматыцы.

Аднагрупнікі пасябравалі, хадзілі ў кіно. Другі аднагрупнік, Грышка, пачаў таксама клікаць. Давялося адмаўляць: “Ужо хадзіла з Ляшчом глядзець. А якая я буду дзеўка, калі з усімі хлапцамі буду ў кіно хадзіць”.

Фелікс прапанаваў не чакаць, пакуль выправяцца ў сваты, адразу і распісацца. На выпускным дырэктар павіншаваў, а адразу пасля кожны паехаў да сябе дадому. Спачатку Фелікс паехаў знаёміцца з сям’ёй маладой жонкі, а затым і Аліма выправілася ў новую сям’ю. У доме жылі са свякроўю і свёкрам, а таксама з маладой сям’ёй сястры мужа.

Фелікса паставілі аграномам, Аліме прапанавалі пасаду агранома ў Мясаце. Жанчына папрасілася ў калгас да мужа – паставілі загадчыцай фермы на 600 галоў.

– Шкадавала даярак, калі якая зап’е, сама працавала. Цяперака на ферме рай. А я была і загадчыца, і доктар, і асемянатар, і свойскіх прыводзілі, каб асемяняла, і з Хажова, і з Мойсіч. І свая ж гаспадарка. Добра, што свякруха дзяцей у школу выпраўляла, бо не справілася б. Плацілі нармальна, я палучала 60 рублёў. Няблага было, калгас быў багаты – мільянер.

Алімпіяда Пятроўна з мужам выгадавалі траіх дзяцей. Мужа не стала 20 год таму. Блізняты Пётр і Васіль, якіх назвалі ў гонар дзядоў, сталі ваеннымі. Пётр некалькі год таму загінуў па нешчаслівым выпадку непадалёк ад роднага дома. Дачка Таццяна жыве ў Маладзечне. Сваімі клопатамі і дасягненнямі цяпер Алімпіяду радуюць унукі і праўнукі.

Жанчына марыць толькі пра адно – каб дзеці і ўнукі не ведалі вайны.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце