weather 25° Маладзечна
weather 25° Вілейка
weather 26° Смаргонь
weather 25° Ашмяны
weather 25° Валожын
weather 25° Мядзел
weather 26° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3366
1 долар 2.0508
100 рас.руб. 3.061
12.05.2018 17:19 ,

«Лепш камп’ютар вывучаць пайду, чым за капейкі посуд мыць»: як у новым фармаце прайшоў кірмаш вакансій у Вілейцы

Сяргей і Жанна шукаюць працу.

На прадпрыемствы Вілейшчыны патрабаваліся прададавец, буфетчык, штукатур, трактарыст, повар, кухонны рабочы. 11 мая на кірмашы вакансій у Цэнтры занятасці прапаноў ад працадаўцаў было шмат. А вось шукальнікаў – малавата.

– Першы раз мы вырашылі правесці кірмаш вакансій у новым фармаце, – расказала начальнік аддзела занятасці Таццяна Цітуленка. – Раней проста збіралі людзей у зале. А цяпер у фае паставілі сталы запрасілі працадаўцаў, у якіх ёсць вакансіі. Ад 11:00 да 13:00 шукальнікі мугуць зайсці ў фае, знайсці арганізацыю, што іх цікавіць, і адразу ж паразмаўляць з працадаўцам.

Месцы за столікамі для працадаўцаў занялі прадстаўнікі ПМК 88, ДЭУ-63, вілейскага ЖКГ, КУП «Садружнасць», райспажыўтаварыства, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзела адукацыі спорту і турызму Вілейскага райвыканккама, лясгаса.

У летнік «Лясная казка» шукалі сезонных работнікаў: павароў, мойшчыка посуду. Калі ёсць адукацыя, то і культарганізатара. Работніка бяруць на змену — 18 дзён.

Таццяна Цітуленка (справа) расказвае пра тое, што кірмаш вакансій будзе праходзіць у новым фармаце.

– Колькі за дзень, я буду атрымліваць, калі пайду мыць посуд? – пыталася ў прадстаўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алены Рослік віляйчанка Жанна.

Аказалася, каля дзесяці рублёў. Такі заробак жанчыну не задаволіў. Тым больш, з Вілейкі ў Гліннае кожны дзень трэба ездзіць за свае грошы.

– Чым за капейкі посуд мыць, вырашыла лепш праз Цэнтр занятасці на камп’ютарныя курсы запісацца, – падзялілася Жанна. – Набіраюць групу вучыцца ў Мінску чатыры месяцы, пражыванне бясплатнае. І сімвалічную стыпендыю будуць плаціць. Атрымаю спецыяльнасць «аператар ЭВМ з элементамі вёрсткі, дызайну і графікі».

У пошуках працы.

Іна Чарнуха, начальнік аддзела працы ЖКГ, прапаноўвала вакансіі трактарыста і штукатура. Трактарысту абяцаюць заробак каля 450 рублёў. У штукатура – заробак здзельны.

У райспажыўтаварыства патрэбныя прадавец у Сосенку і ў летняе кафэ ў Вілейцы, буфетчык у Любань, кладаўшчык на базу гародніны і кіроўца.

– Ці абавязковая адукацыя прадаўца? – пытаецца Вольга з Вілейкі.

– Усяму навучым. Галоўнае – сумленне і жаданне працаваць, – адказвае прадстаўніца арганізацыі і запісвае дадзеныя шукальніцы.

Антаніна ў гандль ісці не хоча, бо не мае досведу. Але жанчыну зацікавіла вакансія кладаўшчыка на базе гародніны. У панядзелак збіраецца паехаць на месца.

Вольгу (злева) зацікавіла праца прадаўца ў летнім кафэ.

Сяргей думае з сям’ёй пераехаць з Наваполацка ў Вілейку,  да маці.

– З забруджанага горада, хочацца ў чысты, – кажа мужчына. – Прыйшоў, бо хачу даведацца, якая праца ёсць для мяне, інжынера-будаўніка з вышэйшай адукацыяй, і сына, які паспяхова працуе ў Наваполацку ў буйной гандлёвай сетцы.

Усяго на кірмаш прыйшло каля 20 шукальнікаў. А вакансій прапаноўвалі значна больш. На стэндзе ў фае Цэнтра занятасці іх ўвогуле 200.

– Бачыце, і працадаўцам не проста работніка знайсці, – падсумавала вынікі новафарматнага мерапрыемства Таццяна Цітуленка.

У фае Цэнтра занятасці.

Такія кірмашы ў аддзеле занятасці будуць праводзіць з перыядычнасцю раз на квартал, а то і часцей.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце