weather 22° Маладзечна
weather 22° Вілейка
weather 26° Смаргонь
weather 22° Ашмяны
weather 23° Валожын
weather 22° Мядзел
weather 26° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3398
1 долар 2.0017
100 рас.руб. 3.2467
16.05.2018 17:13 ,

Сямейная магіла польскай інтэлігенцыі і родавае пахаванне мясцовых паноў: што цікавага ў ільянскіх каталіцкіх могілках

З сям'і апошніх асцюкоўскіх Тукалаў на каталіцкіх могілках у Ільі пахаваны толькі Януш (у цэнтры). На фота - сям'я Зосі і Януша Тукалаў з дзецьмі. Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.

Тут спачываюць мясцовыя паны і настаўніца польскай мовы, доктар медыцыны і генерал польскай арміі. Ужо больш як сто гадоў на могілках на ўскрайку Ільі хаваюць каталікоў з Ільяншчыны.

Могілкі пры касцёле, пабудаваным за панскія грошы

“Каталіцкія могілкі”, або “польскае кладзбішча” – так дзесяцігоддзямі называюць гэта месца ільянцы. Хоць у нас, у Беларусі, паняцці “каталік” і “паляк” далёка не тоесныя.

Першыя пахаванні ўзніклі тут у 1909 годзе, якраз тады, калі за сродкі пана Януша Тукалы з Асцюковічаў, Мечыслава Багдановіча з Абадоўцаў, а таксама некаторых іншых паноў і заможных сялян у Ільі пабудавалі касцёл з цэглы і камянёў.

Колішні жыхар Лёпаўшчыны Янка Каляда распавядаў, што сяляне збіралі камяні для будаўніцтва храма з панскіх палёў і звозілі іх на конях. А за гэта пан плаціў людзям грошы.

Пабудавалі касцёл, а справа ад яго ўзніклі каталіцкія могілкі. У савецкі час паміж могілкамі і касцёлам пабудавалі танцпляцоўку. Яна не вытрымала выпрабавання часам і гісторыяй. Танцпляцоўку з крытай сцэнай знеслі ў 1990-я, а касцёл і могілкі засталіся.

Па словах Уладзіміра Кажамякі, краязнаўцы, выкладчыка і пісьменніка з Ільі, да 1909 года ўсіх, незалежна ад веравызнання, хавалі на старых праваслаўных могілках. Але і яны былі не самымі старэйшымі.

Недзе ў першай палове 19 стагоддзя ільянцаў хавалі побач з царквой, пабудаванай у 1820-х гадах. Сёння на месцы былых пахаванняў – лабараторны корпус аграрнага каледжа, пажарная часць і дарога. Варта было б неяк абазначыць гэта месца, хвалюецца Уладзімір Сцяпанавіч.

Астроўскія – мясцовыя ільянскія інтэлігенты

На каталіцкіх могілках шмат надмагільных помнікаў рознай формы і велічыні. Ёсць унушальныя цэментавыя прамавугольныя тумбы з крыжамі, ёсць каменная імітацыя ствала дрэва, ёсць і даволі сучасныя.

Яшчэ ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў сярод магіл сваёй велічнасцю вылучалася адно пахаванне, бачнае з аўтамабільнай дарогі. З чатырох вуглоў там стаялі каменныя слупкі. Верагодна, што некалі паміж імі былі нацягнутыя ланцугі. Такім чынам утваралася агароджа. Над могілкамі ўзвышалася цэментавая скульптура Божай маці.

Тое, што засталося ад скульптуры на магіле Астроўскіх. Фота «РГ».

У агароджы – тры помнікі. Кожны – вялікая цэментавая тумба. На некаторых чытаюцца надпісы. “Мечыслаў-Габрыэль Астроўскі. Доктар медыцыны”. На помніку з надпісам “Караліна Астроўская” прафесія жанчыны не чытаецца. Аднак са слоў краязнаўцаў і старых жыхароў вядома, што ільянка Караліна Астроўская пры цары і за польскім часам працавала настаўніцай у ільянскай школе-сямігодцы. Кажуць, выкладала польскую мову. Тут жа пахаваныя яшчэ двое Астроўскіх – адзін генерал польскай арміі, родны брат Караліны, другі – ляснічы.

На помніку, што на дваіх,  і была каменная фігура Маткі Боскай. Аднак час пашкодзіў скульптуру, і сёння на тумбе стаіць толькі галава ад яе.

– Відаць, вельмі інтэлігентная была сям’я, раз столькі адукаваных людзей з яе выйшла, – мяркуе Уладзімір Кажамяка. – Нехта са старых жыхароў Ільі казаў мне, што сядзіба Астроўскіх месцілася там, дзе сёння паварот да ільянскай бальніцы.

Ад чаго памёр Януш Тукала

На гэтыя могілкі ў 1994 годзе перапахавалі са старынкаўскіх сямейных могілак апошняга асцюковіцкага пана Януша Тукалу і яго продкаў.

– Януш Тукала раптоўна памёр у 1932 годзе, – распавядае Уладзімір Кажамяка. – У маёнтку ў Асцюковічах здарылася трагедыя: нехта падпаліў гумно, дзе было назапашана шмат сена для жывёл.

Кажуць, пан Тукала настолькі перажываў з-за пажару, што праз гэта і памёр. Побач пахаваныя яго старэйшыя сваякі: Мечыслаў, Альфонс і Канстанцін Тукалы.

Найбольш звестак засталося пра самага старэйшага з пахаваных, Мечыслава, які памёр у 1885 годзе. Ён вучыўся ва ўніверсітэце ў Дэрпце (цяпер Тарту, Эстонія)  на факультэце права. Быў жанаты з Сюзанай Багдановіч. За ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага яго саслалі. Нейкі час Мечыслаў Тукала жыў у Дрэздэне (Германія). Потым вярнуўся на радзіму, у Асцюковічы.

Палац Тукалаў у Асцюковічах у 1940-ых узарвалі партызаны. Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.

Адразу прадстаўнікі роду Тукалаў, якія жылі ў Асцюковічах, спачывалі на сямейным могільніку ў Старынках. Тут таксама ў Тукалаў быў маёнтак. Аднак значна сціплейшы ў параўнанні з асцюковіцкім. Сямейны могільнік у Старынках у савецкі час разрабавалі. І ён доўга стаяў у занядбаным стане.

Жонка Януша Тукалы Зося не пахаваная побач з мужам. У Вялікую Айчынную немцы расстралялі яе ў Вілейцы за тое, што хавала ў маёнтку яўрэяў. Дзе пахаваная пані, невядома.

Дзеці Тукалаў, Ян, Канстанцін і Магдалена выехалі ў Польшчу. Ян стаў вайскоўцам. Кажуць, у камуністычнай Польшчы меў праблемы з-за свайго паходжання. Сёння з тых асцюкоўскіх Тукалаў застаўся толькі Канстанцін 1929 года нараджэння – прафесар медыцыны, сенатар.

Менавіта Канстанцін, які жыве ў польскім горадзе Познані, папрасіў сябра свайго дзяцінства Янку Каляду з Лёпаўшчыны перапахаваць Тукалаў на каталіцкіх могілках у Ільі, бліжэй “да цэнтра”, да родных Асцюковічаў.

Пакуль Янка Каляда быў жывы, ён даглядаў магілы, пасля, пакуль мог, – Уладзімір Кажамяка, і сам, і разам са школьнікамі.

Па-польску, па-руску і на дзвюх мовах адразу

А пра пахаванага на могілках Іосіфа Казіміравіча Філіповіча Уладзімір Кажамяка напісаў у сваёй новай кнізе “Іля-Ілія-Ілья”. Напісаў, бо ведаў асабіста, працаваў разам з ім, паважаў. Іосіф Казіміравіч нарадзіўся ў Ільі ў 1919 годзе. У Вялікую Айчынную з першых дзён пайшоў на фронт. Ваяваў пад Ельняй, Масквой, Курскам, вызваляў Беларусь. Пад Брэстам яго цяжка паранілі. У 1944 годзе Іосіфа Філіповіча дэмабілізавалі па стану здароўя. Ад 1945 года працаваў у Ільі, тады раённым цэнтры, загадчыкам райкамгаса. Ад 1957 года, ад самага ўтварэння Ільянскага сельгастэхнікума, стаў працаваць загадчыкам гаспадаркі. Меў шмат баявых узнагарод.

Часта на помніках пазначаная спецыяльнасць памерлага. Тут, на нізкім помніку, — «канструктар». Фота «РГ».

Добра бачныя лацінскія літары на высокім помніку на дваіх. Надпіс унізе – “Зялёнка Анна. Жыла 20 год. Памёрла ў 1929. Памяць сястры”. А ўверсе ў асобнай рамачцы “Зялёнка Аўдоцця. Жыла 70 год. Памёрла ў 37. Памяць дачкі”. Помнік аздоблены раслінным арнаментам.

Надпісы на помніках – на польскай і рускай мовах. На адным – нават адразу і лацінкай, і кірыліцай: “Каzимир Luksza Иосифович. 1905-1944”.

На некаторых помніках, напрыклад, у Тукалаў, літары “D. O.M”. Як тлумачаць інтэрнэт-крыніцы – гэта скарачэнне лацінскай фразы, якая першапачаткова перакладалася як “за найвялікшага і найлепшага бога”. Спалучэнне слоў паходзіць яшчэ з паганскіх часоў і прызначалася богу Юпітэру. Пасля прыняцця хрысціянства фразу пачалі прымяняць у адносінах да адзінага бога. Сучаснае значэнне прыкладна такое “Богу лепшаму, найвялікшаму”.

Помнік з надпісам адразу кірылічнымі і лацінскімі літарамі.

На многіх помніках розных гадоў можна сустрэць літары “S.P.” Гэта скарачэнне ад польскага “Świętej Pamięci” – “светлай памяці”.

А вось яшчэ адзін надпіс падноўлены на помніку белай фарбай. Напісаны лацінкай “Тут спачывае Брыль Францішка. Жыла 84 гады. Памёрла ў 1971”. Уверсе – каталіцкі крыж, абведзены кругам. Знізу – чамусьці сонейка.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце