weather 10° Маладзечна
weather 10° Вілейка
weather 14° Смаргонь
weather 10° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 10° Мядзел
weather 14° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4663
1 долар 2.1261
100 рас.руб. 3.2227
18.05.2018 09:20 ,

“Першы гармонік бацька набыў за пуд жыта ў канцы 1940-х”: пра што ў свой 80-гадовы юбілей распавёў дырыжор, педагог, народны артыст Міхаіл Казінец

Міхаіл Казінец: "Маё хобі стала працай". Фота Юрыя Іванова.

– У гэтай зале я працую больш за сорак год. А вось дырыжорскі пульт, за якім дырыжыраваў сам Іосіф Жыновіч. Неяк выкінуць хацелі, ды я не дазволіў,  – з такой невялікай экскурсіі пачалася наша сустрэча з ураджэнцам Вілейшчыны Міхаілам Казінцом, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча.

18 мая, у свой 80-гадовы юбілей, Міхаіл Антонавіч разам са сваім калектывам прыедзе на малую радзіму, каб у Вілейскім Палацы культуры даць канцэрт для землякоў.

Хачу спадабацца землякам у кампаніі беларускіх класікаў

– Як падбіралі рэпертуар для юбілейнага канцэрта?

– Складаў праграму, зыходзячы з роднага – беларускай паэзіі і музыкі. Часам мусіў змагацца сам з сабой. Бо за гады кіраўніцтва аркестрам назапашана шмат, і паказаць хацелася шмат. Абраў такія творы, каб мае землякі атрымалі радасць і асалоду ад аркестра Жыновіча. У праграме прагучаць не толькі фальклорныя творы. Будуць выдатныя песні на словы беларускіх класікаў – Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча. Вось у такой кампаніі я і хачу падабацца землякам праз салістаў аркестра.

Канцэрт, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. Фота kp.by.

Перад віляйчанамі выступяць салісты-вакалісты аркестра Насця Рачыцкая, Марына Васілеўская, Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў, запрошаны Ян Жанчак і салісты-інструменталісты Аліна Лазовік, Сяргей Шаптуноў, Дзяніс Чорны, Марта Галубко.

Цяпер я праводжу апошнія рэпетыцыі, і, на мой погляд, канцэрт склаўся. Адчуванне такое, як быццам бы сям’я рыхтуецца да вяселля, усё прыгатаванае і чакаюць гасцей за святочны стол. Лічу, што той святочны стол, які я падрыхтаваў з Нацыянальным аркестрам і яго салістамі, будзе даспадобы віляйчанам.

Уцёсава і Шульжэнку падбіраў на слых

Прыгадайце родную Вілейшчыну, дзіцячыя і школьныя гады

Мая родная вёска Цынцавічы знаходзіцца ў 7-8 кіламетрах ад Вілейкі. Школу-сямігодку я скончыў тут. У восем год упершыню ўзяў у рукі гармонік.

Не ведаючы нічога пра ноты і сальфеджыа, падбіраў мелодыі на слых. У дзвюх хатах у нашай вёсцы былі прыёмнікі.

З вялікім задавальненнем я слухаў выдатнейшыя песні ваенных і пасляваенных гадоў у выкананні Леаніда Уцёсава, Клаўдзіі Шульжэнкі. Пасля хуценька бег дамоў і на слых падбіраў іх на сваім гармоніку.

– Свой першы гармонік памятаеце?

– Яго бацькі набылі мне недзе ў 1946 ці 1947 годзе. Бацька заплаціў тады за інструмент пуд жыта. У 1940-я – вельмі высокі кошт. Сёння разумею, наколькі педагагічна з боку маіх вясковых бацькоў было набыццё гармоніка. Час быў нялёгкі, але родныя змаглі ўбачыць у васьмігадовага хлопчыка здольнасці і купіць інструмент.

Фота philharmonic.by.

Мне ўвогуле пашанцавала з творчым асяроддзем у сям’і. Дзед Янук, які жыў з намі, іграў на скрыпцы. Калі быў маладзейшы, яго запрашалі на хрэсьбіны і вяселлі. Мама, Людміла Антонаўна, выдатна спявала, вельмі чула выконвала беларускія песні.

– Калі ж пазнаёміліся з музычнай граматай?

Пасля таго як скончыў сямігодку ў Цынцавічах, пайшоў вучыцца ў Вілейку ў школу №1. У Вілейцы тады было дзве школы. Мая, першая, – беларускамоўная. Паколькі быў ужо вядомы музыкант у нашым вілейска-цынцавіцкім акалодку, пайшоў і ў музычную школу. Там і пачалася музычная грамата.

Пасля музычнай школы мой лёс быў вызначаны

– Вучыцца ў Вілейку пайшлі з тым, першым гармонікам?

Не. Магчымасцяў таго сціплага інструмента ўжо пачало не хапаць для маіх творчых памкненняў. Бацька купіў мне новы, з тых, што на Маладзечанскай фабрыцы музінструментаў рабіў вядомы майстар Мікалай Суднік.

Новы гармонік амаль увесь твар мне закрываў, ледзь вочы былі відаць. На ім у канцы саракавых, яшчэ будучы школьнікам, іграў вяселлі ў Ільі.

У нас быў такі ансамбль: бубен, цымбалы і баян. Музыкантам за вяселле плацілі грошы. Гэта была дапамога сям’і. Некалі, гадоў 30-40 таму, у Мінску была выстава гармонікаў, і я ўбачыў той свой. Напэўна, можна было неяк набыць яго. Цяпер шкадую, што не падумаў пра гэта.

Міхаіл Казінец са сваім калектывам. Фота youtube.com.

Гады вучобы ў вілейскай школе №1 і ў музычнай школе ўспамінаю вельмі цёпла. Гэта быў самы светлы, самы бяспечны час. Час сяброўства, першых закаханасцяў, рэўнасці. Я, вясковы хлопец, трапіў у творчае музычнае асяроддзе Вілейкі. Шмат іграў на вечарах у школе, у мастацкай самадзейнасці.

З удзячнасцю ўзгадваю настаўнікаў з музычнай школы Канстанціна Кергета, Івана Касцючэнку, Мікалая Скараходава. Пасля заканчэння музычнай школы мой лёс для мяне быў вызначаны. Музыка настолькі захапіла мяне, што я ўжо не думаў кім быць. Больш прэстыжнай прафесіі я не бачыў. І калі б сёння была магчымасць нешта змяніць у жыцці, то нічога б не мяняў. Пасля школы паступіў у музычнае вучылішча ў Віцебск.

– Як вясковыя бацькі ўспрынялі жаданне сына звязаць жыццё з музыкай?

Адразу не вельмі. Бо я рос у сялянскім асяроддзі.

І сёння магу касіць, жаць, араць. У нас з братам не было летам ніякіх канікулаў. Увесь час працавалі па гаспадарцы, дапамагалі бацьку – інваліду вайны другой групы. Да арганізацыі калгасаў у нас былі і конь, і карова. Людзі круціліся, як маглі. Ні разу не бачыў, калі мая мама падымалася і клалася спаць.

Размаўляць па-руску навучыўся ў вучылішчы

– Ваша беларускасць – з вясковага дзяцінства?

Так, дома я размаўляў па-беларуску. Былі ў гутарцы і польскія словы, мы ж з Заходняй Беларусі. Рускую мову вывучаў як прадмет. Некаторыя тэарэмы са школьных гадоў да гэтага часу памятаю менавіта на роднай мове.

А размаўляць па-руску больш-менш пачаў вучыцца, калі паступіў у Віцебск. Калі я іграў на баяне, шмат аднакурснікаў збіралася паслухаць мяне. Я думаў, гэта ад таго, што іграю вельмі добра.

Аказалася ж, гарадскім хлопцам і дзяўчатам была дужа цікавай мая беларуская гаворка. У Віцебску яны не чулі такой.

На жаль, горад, час і асяроддзе зрабілі сваю справу і паступова я адышоў ад беларускай мовы. Вярнуўся да яе ў 1990-я, калі быў агульны нацыянальны ўздым. Больш за 20 год я быў рэктарам Беларускай акадэміі музыкі. І ў гэты час усё справаводства ва ўстанове вялі па-беларуску.

– Як прыгадваеце працу рэктара?

Рэктар – ён як кіраўнік прадпрыемства. Для яго гаспадарчыя пытанні часта важнейшыя, чым творчыя. Трэба трымаць на ўвазе ўсе пытанні жыцця навучальнай установы, думаць пра будаўніцтва, рамонты, набыццё інструментаў. Рэктарская праца для мяне ішла неаддзельна ад творчай і педагагічнай.

У школу прыйшоў з Чырвонай Зоркай Героя Савецкага Саюза

– Пасля невялічкіх Цынцавічаў у вашым жыцці была Вілейка, потым Віцебск, Мінск? Як вясковы хлопец адчуваў сябе ў горадзе?

Спачатку самым вялікім горадам на зямлі для мяне было Маладзечна. Вілейская музычная школа была філіялам маладзечанскай. Таму мы, вучні, часта ездзілі туды, здавалі нейкія экзамены. Я быў упэўнены: няма горада, большага за Маладзечна.

Гэты горад любіў і таму, што тут жыў родны чалавек, стрыечны брат маёй мамы, Герой Савецкага Саюза Андрэй Валынец. Я заўсёды адчуваў асабісты гонар за яго. Неяк Андрэй Іванавіч гасцяваў у нас дома, а я, школьнік тады, адкруціў у яго з пінжака Зорку Героя Савецкага Саюза і прыйшоў з ёй у цынцавіцкую школу. Дзяцей вакол мяне сабралася! А мне так хацелася пакрасавацца. Дырэктар тады так спалохаўся! За каршэль мяне – і да бацькоў разбірацца.

“Навошта табе гэтая “кансерва”? Выкладаў бы музыку ў Вілейцы»

– Раскажыце, як паступалі ў кансерваторыю?

Каб пасля Віцебскага музычнага вучылішча паступіць у кансерваторыю, трэба было атрымаць рэкамендацыю дзяржаўнай камісіі. Мы з сябрамі атрымалі і паехалі ў Мінск. Недзе на працягу дзесяці дзён здавалі экзамены. Конкурс быў неверагодны: паступала больш за сто чалавек, а прымалі ўсяго 12. Я іграў прыёмнай камісіі недзе апоўдні, пасля гадзіны ночы выйшаў загадчык кафедры Іосіф Жыновіч і аб’явіў, хто атрымаў пяцёркі. З усіх паступаючых пяць чалавек атрымалі выдатныя адзнакі. Сярод гэтых пяці быў і я. Пасля здаваў тэарэтычныя, гуманітарныя прадметы. І момант, калі я атрымаў выклік на вучобу, стаў вялікім шчасцем.

Калі я шчаслівы аб’явіў маме, што паступіў у кансерваторыю, яна сказала: “Міша! Ну, навошта табе тая “кансерва”. Ты ж скончыў вучылішча, прыехаў, працаваў бы ў Вілейцы ў музычнай школе!”. Канешне, для яе гэта было вельмі нечакана. Хаця потым, як аказалася, ёй было вельмі прыемна.

Увогуле ў  кансерваторыі я вучыўся двойчы. Першы раз ад 1960 да 1965 года па спецыяльнасці “народныя інструменты і дырыжыраванне аркестрам народных інструментаў”. Адразу пасля заканчэння стаў выкладаць дырыжыраванне ў кансерваторыі.

Міхаіл Казінец: «Калі была магчымаць нешта памяняць у жыцці, не мяняў бы нічога!». Фота Юрыя Іванова.

Другі раз паступіў у 1968-м на оперна-сімфанічнае дырыжыраванне. Другое паступленне – ад вельмі вялікага жадання быць дырыжорам у Дзяржаўным народным аркестры БССР, якім кіраваў Іосіф Жыновіч. У мяне была вялікая цяга да аркестра, да дырыжыравання

Яшчэ будучы студэнтам першы раз, я арганізаваў дзіцячы аркестр баянаў пры Палацы культуры Мінскага аўтазавода. Шмат рабіў перакладаў, інструментовак. Калі я заканчваў кансерваторыю другі раз, Іосіф Жыновіч запрасіў мяне дырыжорам да сябе ў аркестр.

У 1993 годзе арганізаваў на базе вучэбнага аркестра кансерваторыі сімфанічны аркестр “Маладая Беларусь”. У гэтым годзе перастаў выкладаць дырыжыраванне, бо проста не хапала часу і фізічных сіл. На той час, ад

Сёння – час “Еўрабачання” і шоу

– Які час, на вашу думку, быў найбольш спрыяльны для развіцця акадэмічнай беларускай музыкі?

Лічу, што выдатны час беларускай музыкі – 1950-я гады і да пачатку 2000-х. Другая палова 20 стагоддзя – вялікі выбух у развіцці прафесійнай музыкі, цэлы шэраг выдатных імёнаў, кампазітараў, выканаўцаў. Гэта плённа адбілася на рэпертуары нашага аркестра. Вельмі многія кампазітары пісалі свае творы спецыяльна для Нацыянальнага аркестра Жыновіча. Была і вялікая дзяржаўная падтрымка.

–  А што ў дні сённяшнім?

– Дзёнь сённяшні – гэта “Еўрабачанне”, шоу. Пераважна музыка ўспрымаецца як весялосць, задавальненне. Сёння музыка адчуваецца чалавекам больш фізіялагічна, а менш, на жаль, духоўна.

На плошчы Якуба Коласа. Фота philharmonic.by.

– Што скажаце пра сучасныя тэхналогіі ў музыцы?

Я лічу, што гэта выдатна. Новыя тэхналогіі ў музыцы адкрылі новыя магчымасці, пашырылі вобразную сферу аркестра.

Медалі і ордэны – проста пэўны этап жыцця

– У вас – шэраг узнагарод, званне народнага артыста. Што яны значаць у жыцці?

Медалі, ордэны – гэта пэўны этап майго творчага жыцця. Безумоўна, іх прыемна атрымоўваць. Хаця гэта не было галоўным у маім жыцці. З атрыманнем узнагароды завяршаецца адпаведны цыкл творчай працы.

–  А што ж галоўнае ў жыцці?

– Мець любімую працу, адпавядаць ёй прафесійна, мець творчых паплечнікаў. Вельмі важна адчуваць неабходнасць працы для людзей. Вядома, гэта родны калектыў, сям’я.

– Можа, у сям’і Казінцоў усе музыканты?

Музыканты – жонка і дачка. Сын скончыў радыётэхнічны інстытут. Маю чатырох унукаў.

– Ці хапае на нешта часу, акрамя музыкі?

–  Так сталася ў жыцці, што мая прафесія – гэта маё хобі. Аднак, як чалавек вясковы, я не парываю сувязяў з зямлёй, з тымі навыкамі, якія атрымаў у дзяцінстве.

Пад Мінскам у мяне ёсць лецішча з невялікім агародам. Тут я атрымліваю асалоду ад таго, што нешта расце. Гэта і адпачынак, і радасць ад зносін з прыродай, з зямлёй.

– Падзяліцеся сакрэтам уласнага здароўя, маладосці і цудоўнага знешняга выгляду

– Гэта ўсё экалогія Вілейшчыны, роднай вёскі Цынцавічы. За здароўе дзякуй таксама бацькам і Стваральніку. Аднак Стваральніку трэба дапамагаць.

Памятаць пра самае цяжкае ў жыцці – самаабмежаванне ў многім: у харчаванні, у дрэнных звычках. Часцей ужываць садавіну, агародніну, простую сялянскую ежу, якая было ў вясковым дзяцінстве.

Здароўя, даўгалецце зычу сваім землякам. Ну, а чаго яшчэ – яны і самі ведаюць.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце