weather 13° Маладзечна
weather 13° Вілейка
weather 16° Смаргонь
weather 13° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 13° Мядзел
weather 16° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3283
1 долар 2.0548
100 рас.руб. 3.0865
20.05.2018 10:34 ,

«Настаўнікі круціліся, як маглі, дзеля пашырэння польскай культуры»: што пісала газета “Głos Wileński” пра крэўскіх тэатралаў у 1927 годзе

Кадр з англійскага фільма "Цётка Чарлі", які круцілі ў міжваеннай Польшчы і які быў вельмі папулярным.

Адзін з момантаў культурнага жыцця міжваеннага Крэва асвятляе ў сваім допісе ў №11 газеты “Głos Wileński” за 1927 год наш зямляк Казімір Маеўскі.

У допісе гаворыцца аб адным з выступленняў мясцовага аматарскага тэатральнага гуртка, створанага ў лютым 1927 года ў Крэве. Як можна зразумець з публікацыі, гурток складаўся з настаўнікаў крэўскай гміны, і кіраваў ім нехта пан Каліноўскі.

Выкладанне ў школе ў тыя часы вялося на польскай мове, а таму не дзіўна, што настаўніцтва, якое, па словах карэспандэнта, “круцілася, як магло, дзеля пашырэння польскай культуры”, і прадстаўленне давала па-польску.

Праўда, акрамя польскай класікі, сцэны з “Кардыяна” Юліуша Славацкага, самадзейныя артысты прадставілі гледачам і камедыю англійскага драматурга Брэндана Томаса “Цётка Чарлі”. Па гэтай п’есе ў савецкія часы быў пастаўлены знакаміты фільм “Добры дзень, я ваша цётка!”.

Аўтар публікацыі лічыць, што абедзве п’есы ўдаліся самадзейным акцёрам як найлепей. У першай сваёй ігрой вызначыліся паны Дашчынскі і Зарыхта. На тых гледачоў, якія бачылі падобнае ўпершыню, п’еса “аказала вялікае ўражанне, абудзіла ўзнёслы і патрыятычны настрой”.

У другім прадстаўленні вызначыліся кіраўнікі Крэўскай і Мілэйкаўскай школ паны Рабайчык і Ляскоў, пані Буткевіч і пан Лукашэвіч.

Але найлепш публіка прымала пана Зарыхту, які, пераапрануты ў жаночае адзенне, іграў фальшывую цётку Чарлі з Бразіліі і выклікаў у шматлікай публікі шчыры смех.

У канцы допісу аўтар паведамляе, што сабраныя за прадстаўленне грошы выкарыстаюць на педагагічную літаратуру і на развіццё “Лігі паветранай абароны дзяржавы”. Даведваемся таксама, што ў самадзейных артыстаў з’явіўся намер з такім жа поспехам выступіць са сваім прадстаўленнем у Смаргоні.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце