weather 17° Маладзечна
weather 17° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 17° Ашмяны
weather 11° Валожын
weather 17° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4279
1 долар 2.1098
100 рас.руб. 3.2157
24.05.2018 09:52 ,

“Яны так сумавалі, што самі званілі і пыталіся: калі вы нас запросіце?” Пасля гадавога перапынку ў Маладзечне зноў стартаваў праект для падтрымкі людзей, што перажылі вайну

Праект пад назвай “Крок насустрач” распачаўся на базе маладзечанскай СШ№5. Яго кіраўніком стала Лідзія Князева, заснавальніца клуба “Пошук” і ганаровая грамадзянка Маладзечна.

Для яе гэта ўжо чацверты праект, звязаны з дапамогай сталым лю­дзям.

Ён праходзіць пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду “Памяць, адказнасць, будучыня” ў межах праграмы “Месца сустрэчы дыялог”. Фонд быў заснаваны ў 2000 годзе ў першую чаргу для выплаты кампенсацый былым паднявольным работнікам. Пасля таго, як у 2007 годзе выплаты завяршыліся, фонд працягвае клапаціцца аб ахвярах нацыянал-сацыялізму.

– Як і ў мінулыя гады, мы хочам аб’яднаць розныя пакаленні, каб яны вучыліся адно ў аднаго, – кажа кіраўнік. – Школьнікі наведваюць дома тых, каму цяжка хадзіць самастойна. Калі сем’і сталых людзей не маюць нічога супраць, то школьнікі гатовыя і дапамагчы з прыборкай ў кватэры, і схадзіць за пакупкамі, і згуляць з пенсіянерамі ў настольныя гульні.

Сёлета для праекта набралі новых валанцёраў з вучняў старэйшых класаў СШ№5, бо былыя валанцёры ўжо скончылі школу.

Паколькі праект накіраваны ў першую чаргу на тых, хто нарадзіўся да 9 мая 1945 года, то колькасць яго ўдзельнікаў памяншаецца: некалькі чалавек ужо сышлі з жыцця. Але з’яўляюцца і новыя, якія дагэтуль не ведалі пра існаванне праектаў. Сёлета на заняткі па рукадзеллі ўжо завіталі чатыры новыя жанчыны.

– Нашы ўдзельнікі з папярэдніх праектаў вельмі сумавалі па нашых сустрэчах, званілі ў школу і пыталіся, калі іх зноў запросяць, – прыгадвае Лідзія Князева. – Таму сёлета на першую сустрэчу, прысвечаную рукадзеллю, прыйшлі з радасцю і так вязалі, вы б толькі бачылі! Тыя, хто не паспеў давязаць на занятках, нават забралі з сабой “дамашняе заданне”.

Паколькі “Крок насустрач” разлічаны на год, то на кожны сезон у ім запланаваныя мерапрыемствы і тэматычныя сустрэчы: летам удзельнікаў чакае актыўная праграма з выездамі на прыроду, восенню – заняткі па здаровым харчаванні, а зімой, вядома, навагоднія святы.

– Ужо зусім хутка ў нас адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная Дню Перамогі, дзе будуць выступаць і сталыя, і маладыя ўдзельнікі, – кажа Лідзія Князева. – А лета мы распачнём з заняткаў па колера- і музыкатэрапіі.

Ідэя аб’яднаць розныя пакаленні маладзечанцаў за агульнай справай нарадзілася ў кіраўніка праекта яшчэ ў 2010 го­дзе і дагэтуль не страціла актуальнасці.

– Аднойчы я зразумела, што людзі, якія прайшлі праз вайну, – гэта тое, што трэба маладому пакаленню, – кажа яна. – Размаўляючы, робячы нешта разам, школьнікі шмат чаму могуць навучыцца. І цешыць, што гэта ўзаемна: нашы сталыя ўдзельнікі могуць павучыцца ў моладзі працы з камп’ютарам ці працы з архіўнымі дакументамі. Наладжваецца сувязь пакаленняў, і дзякуючы гэтаму нашы школьнікі лепей разумеюць сваіх бабуль і дзядуляў, а пажылыя ­ўдзельнікі – уласных унукаў.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце