weather 9° Маладзечна
weather 9° Вілейка
weather 12° Смаргонь
weather 9° Ашмяны
weather 10° Валожын
weather 9° Мядзел
weather 12° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.417
1 долар 2.112
100 рас.руб. 3.2096
04.06.2018 09:56 ,

«Велізарная страта для ўсіх, хто цэніць свабоду, праўду і справядлівасць». Памерламу на мінулым тыдні Арсеню Лісу прысвячае ўспаміны яго сябра Сымон Барыс

Ліс і І Цішчанка з магнітафонам каля Гудагая ў 1970 г.

Не стала Арсеня Ліса – гэта вялікая страта для беларускай культуры. Ён як ніхто іншы дбаў пра нашу спадчыну і вельмі перажываў за сучасны абыякавы стан беларускай мовы.

28 мая сёлета ў Беларускай філармоніі быў канцэрт аматарскага танцавальнага ансамбля “Крыжачок”, які існуе ў складзе БДУ. Калі вярнуўся з канцэрта, хацеў патэлефанаваць свайму земляку і распавесці пра канцэрт і паскардзіцца, што там за паўтары гадзіны на сцэне не прагучала аніводнага беларускага слова. А канцэрт закончылі 25 танцораў у марской форме пад назвай “Одесская кадриль”, “Море встречает”.  Ды яшчэ з сіволікай БДУ. Няўжо рэктарату не сорамна. А нехта з рэктарата на рускай мове нават хваліў мастацкага кіраўніка ансамбля. Сапраўды, канцэрт быў някепскі. Але нічога беларускага там не было , апрача касцюмаў і танца “Круговая”.

Вечарам вырашыў не трывожыць Арсеня. Патэлефаную заўтра. Раніцай падумаў, што трэба абавязкова перагаварыць з Арсенем і расказаць пра незвычайны сон, але ўсё чамусьці адкладваў. А 11-й гадзіне мне патэлефанавала Марына Ліс (жонка Арсеня) і сказала: “Арсена ўжо няма”. Давялося ёй расказаць пра сон у гэту ноч.

“Ідзём па беразе Нарачанкі па бруднай дарозе. Я і Арсень з нейкім мужчынам, які сюды аднекуль прыехаў. Арсень мне кажа, што ён памятнік-камень паклаў у гонар кнігі “Нарачанка і яе берагі”. Помніка я не бачу. Арсень з тым мужыком пайшлі у лес у бок Кузьмішак і Гануты , а я завярнуў у сваю вёску Касічы. А я вырашыў не шукаць той помнік, можа, ён і пажартаваў. Калі той помнік ляжыць, дык нікуды ён не дзенецца. Хай ляжыць”.

Сапраўды, Ліс пакінуў помнік для гэтай кнігі. Ён з Міхасём Чарняўскім былі рэцэнзентамі гэтай кнігі. Не  думаў я,  што мне сёння давядзецца пісаць пра Арсеня Ліса, майго земляка, якога я ведаю, напэўна, з сярэдзіны 1960-х гадоў. А пазнаёміў нас вядомы народны артыст СССР Рыгор Раманавіч Шырма. Так атрымалася, што я ў 1962 годзе стаў карэспандэнтам Шырмы, калі я служыў у Ноўгарадзе і вучыўся на вячэрнім аддзяленні педагагічнага інстытута. Шырма рэкамендаваў мяне ў аспірантуру па спецыяльнасці беларуская фалькларыстыка. Я папрасіў напісаць рэкамендацыю. І ў адказ пачуў:

— Я там у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук не працую, а таму пісаць не буду. А ты ідзі туды, знайдзі Арсеня Ліса і скажы яму, што я прыслаў і прапаную цябе ў аспірантуру. І гэтага хопіць. Калі спатрэбіцца пацвярджэнне, то яны са мной звяжуцца і я скажу, што трэба.

Як адбылося знаёмства з Арсенем – ужо не памятаю. Але я яго знайшоў. А вось знаёмства з Шырмам адбылося ў 1962 годзе ў Вялікім тэатры оперы і балета, памятаю ўсё да драбніц.

Улетку 1969 года я наведаў Ліса ў інстытуце. Канкрэтна мы не дамовіліся, толькі на будучыню паспадзяваліся. Аднак, калі вярнуўся ў Ноўгарад, то даведаўся, што рэдакцыю газеты “За рулём”, дзе я працую, закрываюць. Тэлефаную Лісу і кажу: “Хачу сёлета паступіць у аспірантуру”. І чую адказ: “І на стацыянар, і нават на завочнае ўжо сёлета набралі. А калі ў цябе так з работай, то прыязджай у Беларусь і тут будзем разам думаць”. У той час дырэктарам гэтага акадэмічнага інстытута быў Пятро Глебка. Я напісаў рэферат аб песнях, запісаных мной у вёсках Нарачанскага краю. Хоць той рэферэт (калі ацаніць яго сёння) быў зусім слабы, але ён быў арыгінальны. Я паказаў, якія запісаў песні і даў ім ацэнку.

У той год Арсень Ліс жыў у інтэрнаце Акадэміі навук, па вуліцы Сурганава, а я настаўнічаў у школе Мінскага раёна. У канцы снежня 1969 года ў выхадны дзень я прыехаў з вёскі да Ліса і зайшоў ў яго пакой, у якім ён жыў адзін. Тут я не раз заставаўся начаваць. На гэты раз ён мне кажа: “Сямён, я цябе віншую. Ты ўжо аспірант. Залічылі цябе на завочнае адзяленне”.  Напэўна, я прамаўчаў. “А чаму ты не радуешся?!” – пытаецца ён. “А чаго тут радавацца? Завочна вучыцца, што есці па тэлевізары. Або завочна есці”, — адказаў я.

У 1970 годзе , улетку, я разам з групай фалькларыстаў паехаў у экспедыцыю збіраць беларускі фальклор. У той час я працаваў над  дысертацыяй “Традыцыйная беларуская вясельная паэзія”. Першая экспедыцыя была на Мядзельшчыну, Пастаўшчыну. На другое лета мы ездзілі на Гродзеншчыну (Астравеччына, Ашмяншчына). У нашай групе былі М. Я. Грынблат,  народны артыст Г. І. Цітовіч, І. К. Цішчанка і я.  Арсень Ліс быў яшчэ дзецюком і паводзіў сябе вельмі сціпла. Адначасова ён вучыў мяне, як стаць фалькларыстам.

Хоць мы і сябравалі, але ні разу не выпівалі. На вечарынку (на танцы) таксама не хадзілі, хоць я не раз прыязджаў у Мінск і хадзіў тут на танцы.

Трапіў я і яшчэ адзін раз у навуковую экспедцыю на Віцебшчыну. У тую экспедыцыю з беларускімі фалькларыстамі адправіўся і віленскі кампазітар Павел Каруза з жонкай. Памятаю, што тады ў Верхнядзвінскім раёне я з Арсенем начавалі ў вёсцы Дзёрнавічы, у гумне. А ён тады збіраўся ўжо ажаніцца і сваю будучую жонку Марыну пакінуў адну ў сваёй нядаўна атрыманай кватэры. Хваляваўся, што яна там можа адна баяцца. Тады ж мабільнікаў не было, каб перагаварыць.  Хоць яна была за яго маладзей на гадоў з дзесяць, але Арсень як жаніх быў прыгожы і прывабны, вучоны і кандыдат  філалагічных навук. Арсень вучыўся ў мяне сямейнаму досведу, а я ў яго – даследчай рабоце. Аб нашых сумесных вандроўках Арсень нават успомніў пра мяне ў нарысе “Даўнія песні Надзвіння”, што змешчаныя ў кнізе “Gloria victis!” (старонка 667), якую мне падарыў і падпісаў: “Сябру-земляку Сымону Барысу з пажаданнем рэалізаваць свае неардынарныя творчыя задумы, усяго памыслага ў асабістым жыцці. Арсень Ліс. 30.11.2012” .

Я стараўся апраўдаць яго зычэнні. І кожны раз, прачытаўшы нейкі мой артыкул у штотыднёвіку “Наша слова”, тэлефанаваў мне па гарадскім тэлефоне і хваліў. Можа, я іншы раз і хацеў бы пачуць крытыку, але яе не было. Аднак ён ставіўся да мяне заўсёды крытычна. Аднойчы ён мне сказаў, што я сваёй скаргай, што мяне часова не пасялілі ў інтэрнат для працы над дысертацыяй, закрыў сабе дарогу ў інстытут Акадэміі навук. Фактычна ён выказаў сваё абурэнне. І калі я падарыў яму апошнюю маю кнігу  “Каляндар гісторыі Беларусі”, то некалькі дзён вытрымліваў паўзу, а пасля патэлефанаваў і сказаў пра арыгінальнасць кнігі , яе значэнне для Беларусі і назваў дзве памылкі. Давялося тэрмінова іх выпраўляць.

Арсень Ліс.

Арсень Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 года ў вёсцы Вётхава, што недалёка ад Залесся Смаргонскага раёна (тады гэта ў гміне Беніца Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства). Скончыў філалагічны факультэт БДУ ў 1956 годзе. Пасля заканчэння ўніверсітэта быў накіраваны ў Шаркаўшчыну, дзе працаваў у педагагічным кабінеце РАНА і адначасова вёў урокі беларускай літаратуры ў мясцовай школе. Ад лета 1957 года быў рэдактарам у рэдакцыі “Мастацкая літаратура” Дзяржкамвыдавецтва БССР. Пісаў дысертацыю пра заходнебеларускіх пісьменнікаў. Карыстаўся апекай Максіма Танка.  І гэта зразумела, бо Танк — з Заходняй Беларусі. Такім чынам, Рыгор Шырма і Максім Танк дапамагалі яму, як маглі. Ён быў варты таго. Працавіты, чулы да роднага слова, хоць і не піша вершы, але піша па-мастацку.  Не курыць і не п’е. Здольны да навукі.

Ад восені 1959 года Ліс два гады вучыўся ў аспірантуры, а затым працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфі і фальклору АН БССР. Абараніў дысертацыю кандыдата філалагічных навук у 1965 годзе, а ў 1997 годзе стаў доктарам філалагічных навук.  Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за 1988 год.

Ад 2004 да 2008 года быў членам экспертнага савета ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь). Намеснік старшыні вучонага савета па абароне дысертацый па спецыяльнасцях фалькларыстыкі і этнаграфіі.

Арсень Ліс разам з Міхасём Чарняўскім і Анатолем Валахановічам рэкамендавалі мяне ў члены Саюза беларускіх пісьменнікаў у 2008 годзе. Ён жа разам Міхасём Чарняўскім былі рэцэнзентамі кнігі С. В. Барыса і А. В. Рогача “Нарачанка і яе берагі”. Арсень згадзіўся стаць рэцэнзентам і наступнай нашай кнігі “Нарачанскі край”.

Аказваецца, Арсень Ліс апекаваў не толькі мяне. Вось што пра яго расказала гісторык Ніна Стужынская:

«І мне ён быў, як родны бацька. Добразычлівы, уважлівы да маіх публікацый. Заўсёды спрыяў у кантактах маёй навуковай тэматыцы, радаваўся архіўным знаходкам. Я магла да яго звярнуцца з любым пытаннем, і ён ніколі не адмаўляў у дапамозе, не спасылаўся на занятасць, здароўе ці сямейныя абставіны».

Калі выходзілі яе кнігі ці артыкулы, Арсень Ліс  «Тэлефанаваў, віншаваў, казаў нешта прыемнае. Гэта вельмі рэдкая якасць у нашым асяроддзі. Калегі сквапныя на добрыя словы. Асабліва цяпер, у такі падазроны і змрочны час для незалежных навукоўцаў», — адзначае Стужынская. Яна называе Арсеня Ліса «апошнім сімвалам эпохі вялікіх беларускіх падзвіжнікаў», якімі былі для яе і Міхась Чарняўскі, і Уладзімір Караткевіч. «Мне яго будзе вельмі не хапаць, і ніхто яго ўжо мне не заменіць. Ягоны адыход — велізарная страта для ўсіх, хто цэніць свабоду, праўду і справядлівасць», — дадае Стужынская.

Магу і я шчыра падпісацца пад усім сказаным гэтай адважнай жанчынай.

Памёр Арсень Ліс 28 мая 2018 года. Пахавалі майго земляка 31 мая на могілках у Залессі Смаргонскага раёна.

Арсень Ліс — аўтар манаграфій “Купальскія песні”,  «Браніслаў Тарашкевіч», «Мікола Шчакаціхін: хараство непазнанай зямлі», «Пётра Сергіевіч», «Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча», «Пякучай маланкі след: эцюды да партрэта мастака Горыда», “Песня ў спадчыну”. У выдавецтве “Беларускі кнігазбор”  надрукавана кніга выбраных твораў “Арсень Ліс. Выбранае ”.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце