weather 6° Маладзечна
weather 6° Вілейка
weather 10° Смаргонь
weather 6° Ашмяны
weather 9° Валожын
weather 6° Мядзел
weather 10° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.46
1 долар 2.1177
100 рас.руб. 3.2257
05.06.2018 11:03 ,

Спекулююць салам, крадуць калгасны корм для сваіх кароў: што пісала “раёнка” пра ашмянскіх дармаедаў у 1960-я

Кадр з фільма "Аперацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка".

На пачатку 1960-х ашмянская раёнка “Знамя свабоды” не шкадавала дармаедаў і выкрывала іх, як магла. Прапаную чытачам артыкулы са старонак газеты за 1961 год.

Шляхі-дарогі спекулянткі

У нумары за 13 ліпеня аўтар М. Карчны пісаў:

“З кожным годам у хлявах жыхароў вёскі Лусцішкі змяншаецца пагалоўе курэй-нясушак, усё радзей даносіцца крык пеўняў. Быццам нейкая нячыстая сіла абрушылася на птушак. Магчыма, ястрабы ці каршуны здзяйсняюць пірацкія налёты на безабаронных птушак? Ці з’явіліся зграі начных злодзеяў-шашкоў?

Масавае знішчэнне курэй і пеўняў вядзе калгасніца чацвёртай паляводчай брыгады сельгасарцелі Багушэвіча Алена Варановіч.

Адначасна яна скупляе масла, яйкі, сала. Затым, загрузіўшы тару, спекулянтка адпраўляецца ў дарогу. Звычайна яна вядзе бойкі гандаль на рынках Вільні, Маладзечна, Мінска. Словам, там, дзе даражэй, можна перапрадаць скупленую прадукцыю.

З паездкі з вялікім “калымам” Варановіч вяртаецца ноччу, крадком прабіраючыся вакольнымі шляхамі. Пазбягае сустрэч з аднавяскоўцамі. Чаго добрага, яшчэ засмяюць.

Спекулянтка рыхтуецца ў чарговую паездку. Трэба меркаваць, што праўленне арцелі закрые ёй дарогу, запатрабуе добрасумленных адносінаў да грамадскай працы”.

Дармаед атрымаў па заслугах

А 2 верасня на старонках газеты з’явіўся артыкул Нікалаева:

“Зухаватай хадой ішоў на сход Генадзь Бурко. “Адгаваруся і на гэты раз, –  супакойваў ён сам сябе. –  Павераць, што выпраўлюся, і справе канец”.

Але не апраўдаліся надзеі Бурко. Сход, на які прыйшло каля ста калгаснікаў дзевятай паляводчай брыгады калгаса імя Пушкіна, строга асудзіў свайго аднавяскоўца. “Прасіць выканком райсавета дэпутатаў працоўных Ашмянскага раёна прымяніць да Генадзя Пятровіча Бурко Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 мая 1961 года  “Аб узмацненні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадска карыснай працы і вядуць паразітычны лад жыцця”, – запісалі ў сваім рашэнні прысутныя на гэтым сходзе.

Апошнім выходзіў з залы Бурко. Ішоў павольна, нізка апусціўшы галаву. Не верылася яму, што прыйдзецца з’язджаць з роднай вёскі, дзе прайшло дзяцінства і дзе ён пражыў без малога 29 гадоў. Не дапамаглі абяцанні, не ўдалося сваёй падробленай наіўнасцю змякчыць гнеў аднавяскоўцаў.

Чым жа заслужыў Генадзь Бурко справядлівае абурэнне калгаснікаў, чым прымусіў іх прыняць такія строгія меры? Генадзь Бурко – малады, поўны сіл і здароўя чалавек, яму ўсяго 29 гадоў. У яго ёсць сям’я: жонка, якая працуе настаўніцай у школе, ёсць сын і маці. Здавалася б, працуй добра –  і ў хаце будзе дастатак і лад.

Але не, не так вырашыў жыць Генадзь. Ён прыстасоўваўся жыць за кошт працы іншых. Прыйшоўшы з войска ў 1957 годзе, Генадзь каля двух гадоў сноўдаўся без справы. Працаваць у калгасе не хацеў, вучыцца – не было жадання. І толькі праз два гады, ажаніўшыся з Вольгай Васільеўнай, маладой настаўніцай, ён пайшоў у калгас. Але пайшоў дзеля таго, каб мець для сябе выгаду.

Карыстаючыся правамі калгасніка, ён пабудаваў сабе дом, адхапіў прыстойны прысядзібны ўчастак. Хадзіў часам на працу, ды і то толькі ў летні час, калі можна было здабыць корму для сваёй каровы. Не раз і не два, а неаднаразова лавілі Генадзя на крадзяжы сена і іншых кармоў. Саромілі, штрафавалі, але з яго як з гусака вада. Праходзіў час і зноў паўтаралася тое ж самае.

– Працаваць – гэта не па мне, –  казаў часта Бурко сябрам, якіх з кожным годам у яго станавілася ўсё менш і менш.

Нават яны, сябры, зразумелі, што Бурко дармаед, гатовы жыць нават за кошт іх саміх. У 1959 годзе – 48, у 1960 – 51, а сёння ўсяго дзевяць працадзён выпрацаваў у калгасе Бурко. Яго папярэджвалі і праўленне сельгасарцелі, і сельскі Савет. Але на яго гэта не дзейнічала, а больш за тое – ён пачаў займацца дробным крадзяжом. Неспакойна стала ў вёсках Рудаўшчыне і Белюнах. Іх жыхарам прыйшлося купляць замкі. І ад каго?

Аказалася, што справа рук Бурко – крадзеж сала ў калгасніцы Ядвігі Скляповіч, наручнага гадзінніка – у Франца Пятроўскага, сядла – у пастуха Казіміра Міневіча.

Вось чаму тыя, хто выступаў на сходзе, а іх было больш за дзесяць, запатрабавалі высялення Бурко з вёскі.

–  Хай ведаюць усе, – заявіў на сходзе калгаснік Мечыслаў Карташэвіч,  –  хто яшчэ хоча жыць за кошт сумленных працаўнікоў, што іх усіх чакае пагарда аднавяскоўцаў, закон, які стаіць на варце інтарэсаў працоўнага народа.

Выканком райсавета дэпутатаў працоўных сваім рашэннем 29 жніўня зацвердзіў грамадскі прысуд аб высяленні Бурко Генадзя Пятровіча тэрмінам на 3 гады.

Працаваць нам не абавязкова

“Яўгенія Іосіфаўна Шчарбінская належыць да той катэгорыі людзей, якія любяць пачасаць языком. Выйдзе на вуліцу, шапне якую-небудзь байку адной, затым іншай жанчыне, і панеслася тады плётка на ўсе Шчапанавічы.

Але не заўсёды Яўгенія Іосіфаўна шэпча. Бывае і так, што яе гучны голас так доўга грыміць па вёсцы, што хоць затыкай вушы і бяжы за паваротам дарогі. Тады ведай: Шчарбінская праймае брыгадзіра за тое, што ён папрасіў яе выйсці на звозку снапоў.

 – У мяне муж загадчык свінафермы, – крычыць яна. – І працаваць мне не абавязкова.

Цэлымі днямі яна блукае без справы, раскладаючы працоўную дысцыпліну ў калгасе “Перамога”. Не раз спрабавалі далучыць яе да калгаснага працы. Але дзе там! Замацавалі за Шчарбінскай 15 сотак кукурузы і столькі ж буракоў. І што атрымалася? Участкі забіла пустазелле, а культурныя расліны на вяршок ад зямлі падняліся”,  – пісала ў тым жа нумары газеты аўтар Сакалоўская.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце