weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 4° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4488
1 долар 2.082
100 рас.руб. 3.1507
10.06.2018 13:00 ,

12 спраў, якія абавязкова трэба зрабіць у “Аптэкарскім садзе” на Мядзельшчыне

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Месца ўладкаванае і для таго, каб падыхаць свежым паветрам, даведацца шмат новага з экскурсіі, выпіць гарбаты, зладзіць шашлыкі.

Пра тое, што можна ўбачыць у комплексе, расказала экскурсавод Наталля Смятаннікава.

Убачыць цікавую жывёліну

У комплекс часта прыходзяць жывёлы. Аднойчы проста па сцяжынцы прайшла ліса, адзін зайчык увогуле ўсё лета жыў. На тэрыторыі каля комплекса больш за 40 гнёздаў розных птушак, таму вясной тут проста птушыная паліфанія.

Каля асноўнай тэрыторыі расце малады фруктовы сад з яблынямі, вішнямі, чарэшнямі, фундуком. У будучым тут плануюць ладзіць экскурсіі з дэгустацыяй адразу з галінкі.

Паблізу размешчаныя спецыяльныя сушылкі, дзе пры тэмпературы каля 55 градусаў адбываецца першая абсушка сырвіны. Пасля яе пакуюць у крафтавыя мяшкі і адвозяць на чайны завод у Мінску. Там ацэньваюць сыравіну на змест, а пасля фарміруюць у зборы – 12 фірменных ад “Аптэкарскага сада”, а таксама серыя “Калі ласка”.

Сад пабудаваны па прынцыпе манастырскіх агародаў – крыжападобная пабудова і вырошчванне пэўных відаў раслін.

Павітацца з фантанам

На ўваходзе ў сад вас сустрэне рухомы фантан. Пакуль вы стаіце і слухаеце экскурсавода, ён паціху падбіраецца і прыемна абдае пырскамі.

Гэта так ён вітаецца. У фантане ёсць жыхары – жабкі Вася і Коля, а ў вадзе плаваюць рыбкі.

Ад фантана, нібы промні, ідуць дарожкі ў розныя накірункі. У адным з накірункаў размешчаная зручная дзіцячая пляцоўка, куды дазваляюць у любы момант адбегчы малым непаседам, калі іх стамляе экскурсія. Побач стаіць фітагасцёўня. Тут можна памыць рукі і пачаставацца.

Пабываць на аромасеансе

У залежнасці ад таго, у які час вы прыедзеце, вам прапануюць пакаштаваць розныя расліны.

Нам дазволілі адскубсці іголачку лаванды – расліны магаў і чараўнікоў. Калі расцерці іголачку ў далонях, вырываецца непараўнальны пах.

Убачыць сакуру

Каб убачыць, як цвіце сакура, неабавязкова ляцець у Японію, можна прыехаць пад Мядзел. Невялікая алея ўпрыгожвае адну са сцяжынак каля фантана. На некалькіх дрэвах прабіліся кветкі, адно ўсё ўбралася ружовымі кветачкамі.

Галінкі сакуры прышчэпленыя на сліве. Каб яны перажылі беларускую зіму, даводзіцца ўкрываць яловымі галінкамі.

Летась, калі выдаўся халодны май са снегам, сакура нават не зацвіла.

Паляжаць на травяным ложку

Адна з секцый сада – “царства Марфея”. Тут растуць расліны, якія супакойваюць, даюць сон і ўлагоджваюць нервовую сістэму.

А ў цэнтры стаіць ложак, на якім расце трава. Гасцям прапануюць легчы на яго і паляжаць хаця б пяць хвілін. Тады ўся стома сыходзіць у зямлю, а чалавек устае бадзёры і поўны сіл.

Дакрануцца да дрэва, якое ў Беларусі адно

Алешыну чорную батанікі спецыяльна вывелі, каб яна расла ў парках.

Аднак чатыры гады таму ў аптэкарскім садзе алешына гэтага віду была адзінай, што расце ў краіне.

Выбрацца з лабірынта Бабы Ягі

Спецыяльны лабірынт з кустоў вырошчваюць не першы год. Дзеці з задавальненнем гуляюць у ім.

А вось праз пяць-шэсць год кусты вырастуць, і лабірынт стане зусім недзіцячым.

Даведацца пра самае старажытнае дрэва

Ледавік у свой час спыніўся на Мядзельшчыне, менавіта таму там засталося так шмат азёр і камянёў.

Камянямі ўпрыгожаная частка сада пад назвай “Ледавіковы перыяд”. Тут вам раскажуць пра самыя старажытныя расліны. А таксама вы зможаце ўбачыць гінкга білобу.

Від гэтага дрэва нязменны з часоў ледавіка, яму каля 250 мільёнаў год.

У Японіі гэтае дрэва расце з лісцікамі, падобнымі да веера, а плоданосіць у першы раз у 30 год серабрыстым абрыкосам.

Даведацца пра абрад для сямейнага шчасця

Прыязджайце ў сад са сваёй парай. Тады экскурсавод прапануе вам паўдзельнічаць у магічным абрадзе, які прынясе сям’і дабрабыт і згоду.

Сфатаграфавацца ў вобразе траўніка

Памяць пра экскурсію застанецца надоўга, а сябры будуць зайздросціць вашым фота.

Экскурсавод прапануе пераапрануцца ў стылізаваныя ўборы траўнікаў і сфатаграфавацца на фоне хаткі бабкі траўніцы. Мы ў рэдакцыі ўсе так сфатаграфаваліся. Аж не перадаць, як у гэтым уборы адразу мяняешся.

Пачаставацца сапраўднай гарбатай

У фітагасцёўні прапануюць чаі як завараныя на месцы, так і пакункі, якія можна набыць дадому. Назвы збораў вельмі прыцягальныя – “Мядзельская таямніца”, “Асалода”, “Лазневы настрой”.

Ветлівыя афіцыянткі параяць, які збор лепш падыдзе для пэўнай мэты. Напрыклад, зборы з баданам выдатна падыдуць, каб умацаваць мужчынскае здароўе, з мелісай – каб супакоіць нервы.

Даведацца пра таемныя сілы траў

Кожная лекавая трава мае сваё прызначэнне. І ў большасці ёсць некалькі ўласцівасцяў. Напрыклад, сон-трава – атрутная расліна, але калі яе высушыць, атрутнае злучэнне выпараецца, і падушка з атрыманага матэрыялу падорыць самы салодкі сон.

Менавіта ў аптэкарскім садзе вам раскрыюць таямніцы самых цікавых і карысных раслін, каб вы маглі выкарыстоўваць іх на карысць свайму здароўю.

Адкуль увогуле з’явіўся “Аптэкарскі сад”

“Аптэкарскі сад” – гэта экскурсійна-турыстычны комплекс, якія належаць таварыству “БелАсептыка”. Яго адкрылі ў 2014 годзе на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Комплекс размешчаны каля вёскі Гатавічы паміж трыма азёрамі – Мястра, Нарач і Белае і займае больш за паўтара гектара.

У стварэнні комплексу грунтаваліся на досведзе еўрапейскіх кляштараў.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце