weather 12° Маладзечна
weather 12° Вілейка
weather 14° Смаргонь
weather 12° Ашмяны
weather 12° Валожын
weather 12° Мядзел
weather 14° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3275
1 долар 1.9961
100 рас.руб. 3.1586
12.06.2018 14:52 ,

«Каму сёння 30-35, у 60 на пенсію не выйдуць». Барнукова: Пенсійны ўзрост трэба падымаць да 65 гадоў для мужчын і жанчын

Ілюстрацыйны здымак. Фота br.depositphotos.com.

У Беларусі загучалі меркаванні аб тым, што трэба зраўняць пенсійны ўзрост для мужчын і жанчын. З’явілася прапанова, каб з 2023 года яшчэ раз адсунуць узрост выхаду на пенсію для жанчын, і тады да 2032 года яны будуць выходзіць на пенсію нароўні з мужчынамі ў 63 гады.

Ці апраўданы такі крок? Па каментар «Народная воля» звярнулася да акадэмічнага дырэктара Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (ВЕRОС) Кацярыны Барнуковай.

— На жаль, дэмаграфічная сітуацыя складваецца зараз так, што людзей пенсійнага ўзросту будзе станавіцца ўсё больш, а працаздольнага — усё менш, кажа эксперт. — Для Фонду сацабароны насельніцтва гэта азначае рост дэфіцыту фонду: выплаты растуць, а паступленні, наадварот, падаюць. Паводле нашых разлікаў, для таго каб дэфіцыт ФСАН не станавіўся занадта высокім, неабходна паступовае (да 2035 года) павелічэнне пенсійнага ўзросту і для жанчын, і для мужчын да 65 гадоў.

Што тычыцца павышэння пенсійнага ўзросту жанчынам да 63 гадоў, то, на мой погляд, гэта не толькі правільна, але і неабходна.

Існуючая пенсійная сістэма з’яўляецца дыскрымінацыйнай для мужчын, асабліва ўлічваючы, што чаканая працягласць жыцця мужчын нашмат меншая. Больш за тое, сёння многія жанчыны ўзросту 45+ дыскрымінуюцца на рынку працы з-за заніжанага пенсійнага ўзросту.

— Але ў 65 на пенсію — гэта неяк вельмі радыкальна, многія беларусы вас не зразумеюць. Можа, спачатку, напрыклад, варта было б павялічыць пенсійны ўзрост для людзей у пагонах?

— Выдаткі на пенсійныя выплаты прадстаўнікам сілавых структур ажыццяўляюцца не з Фонду сацабароны, і мы не ведаем, якія на гэта ідуць сродкі. Але я не думаю, што дадзеных ільготных катэгорый так шмат, што эканомія на выплатах ім пенсійных дапамог істотна змяніла б сітуацыю ўвогуле з пенсійным забеспячэннем.

На мой погляд, не трэба так баяцца павышэння пенсійнага ўзросту. Гэта не адбываецца раптоўна, а ідзе паэтапна — па паўгода ў год, так што ўвесь працэс зойме прыблізна 20 гадоў. Няма такога, што мы прачнуліся і даведаліся, што, умоўна кажучы, з 1 ліпеня пенсійны ўзрост у Беларусі 65 гадоў для мужчын і жанчын. Іншая справа, што людзей трэба да гэтага рыхтаваць.

Тыя, каму сёння 30—35 гадоў, павінны дакладна разумець, што яны стануць пенсіянерамі не ў 60 гадоў.

— Нам часта ківаюць на Еўропу: маўляў, там даўно пенсіянерамі становяцца, калі далёка за 60. Ці карэктныя такія параўнанні?

— Перш за ўсё некарэктныя таму, што працягласць жыцця ў Еўропе большая. Аднак і ў Беларусі працягласць жыцця даволі хутка расце. Акрамя таго, у краінах Еўропы афіцыйны пенсійны ўзрост з’яўляецца, хутчэй, індыкатыўнай лічбай.

Многія еўрапейцы, дзякуючы назапашвальным пенсійным фондам, могуць самі вызначаць час выхаду на пенсію і, назапасіўшы на заслужаны адпачынак, нідзе не працаваць ужо ў 55 альбо 60 гадоў, чакаючы пенсійнага ўзросту. Але пры гэтым і там многія выбіраюць працягваць працаваць пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, калі дазваляе здароўе.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце