weather 13° Маладзечна
weather 13° Вілейка
weather 16° Смаргонь
weather 13° Ашмяны
weather 15° Валожын
weather 13° Мядзел
weather 16° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3283
1 долар 2.0548
100 рас.руб. 3.0865
13.06.2018 08:00 ,

Чэмпіёнка Еўропы па ўшу Аляксандра Ярмоліна з Маладзечаншчыны: “Як добра, што летась не прайшла ва ўніверсітэт”

17-гадовая Аляксандра Ярмоліна з Чысці прывезла ў канцы мая перамогу з чэмпіянату Еўропы па ўшу. Чым цяпер жыве чэмпіёнка, якая ніколі не прайгравала, пра што марыць і якія атрымае прывілеі, дзяўчына расказала для чытачоў “РГ”.

Летась не паступіла ў ВНУ, і вельмі гэтаму рада

– Вярнулася з чэмпіянату вельмі шчаслівая, я пра гэта марыла. У мінулым годзе не паступіла ва ўніверсітэт, мела свабодны год. Паставіла мэту правесці яго з карысцю, і чэмпіянат Еўропы пацвердзіў чаканні.

Летась паступала ў Лінгвістычны ўніверсітэт на англійскую мову. Так атрымалася, што цэнтралізаванае тэставанне па мовах здала добра, а гісторыю Беларусі заваліла. Сертыфікаты ЦТ па мовах будуць актуальныя і ў гэту кампанію, а каб падцягнуць гісторыю, цэлы год хадзіла да рэпетытара. Спадзяюся сёлета прайсці.

Як толькі стала вядома, што не прайшла, адразу расстроілася. Але пасля размовы з мамай вырашылі, што ўсё ў парадку. Мама якраз нарадзіла брата Ваню, я дапамагала, хадзіла на трэніроўкі, пайшла ў аўта­школу.

Так хачу з першага разу на правы здаць! Год праляцеў вельмі хутка. Высыпалася. Разумею: аказваецца, як добра, што летась не прайшла.

– Што дае статус чэмпіёнкі Еўропы?

– Ведаю пра адзін прывілей. Калі паступлю, мне павінны адразу даць інтэрнат. Звычайна на першым курсе студэнты ездзяць ці наймаюць жыллё, ну, а я змагу адразу засяліцца ў інтэрнат.

Я магла атрымаць кандыдата ў майстры спорту ці майстра спорту, але для гэтага ў маёй вазе на спаборніцтвах павінна было быць чалавек пяць-шэсць. Майго фармату дзяўчат мала, дзве-тры. Звычайна тыя, хто важыць 65 кілаграмаў, ужо пасля 18.

Самае важнае ў перамозе – рада мама, блізкія, ды і я сама.

– Чаму абралі менавіта ўшу?

– Усё адбылося спантанна ў другім класе. У нас у Чысці не вельмі вялікі выбар. А я была актыўная, з хлопчыкамі білася. Хтосьці сказаў, што адкрываецца секцыя. У першы дзень пастаяла пад дзвярыма – ніхто не прыйшоў. На наступны ўжо былі людзі.

Для мяне гэта было хобі, пра выступленні нават і не думала. Калі вучылася ў другую змену, то на два-тры гады ўвогуле закінула. У восьмым-дзявятым вярнулася, з таго часу займалася рэгулярна. У дзясятым выступала ўпершыню. Падумала “Нешта я так доўга займаюся, а так і не выступіла ні разу”. Кажу пра гэта трэнеру. Ён адказвае: “Ну, ты ж сама казала, што ходзіш як на хобі, я цябе і не чапаў”.

У 11-м не выступала, таму што сур’ёзна рыхтавалася да паступлення, нервы. А ў свабодны год яшчэ і ў басейн хадзіла, на стадыён пабегаць.

Бацькі са спортам не звязаныя ніяк. Мама, Юля, працуе ў лагістычным цэнтры. Тата, Сяргей, паляўнічы, накачаны такі, актыўны. Па-аматарску займаецца.

Ушу выдатна гартуе характар. Ясна, што ў любым спорце хвалюешся перад выступленнем. І тут – выйсці, калі на цябе ўсе глядзяць, пабіцца – гэта загартоўвае дух.

Адчуваеш сябе ўпэўнена, калі займаешся такім відам спорту. Дысцыпліна ідзе і ў іншыя галіны жыцця. Не хочаш вучыцца – трэба, устаеш і ­ідзеш.

Як адбываюцца трэніроўкі

Спачатку праходзіць размінка. Бегаем па крузе, размінаем рукі, ногі, шыю, плечы. Затым расцяжка – ногі за галаву, яшчэ што-небудзь.

Пасля бываюць розныя практыкаванні. Напрыклад, перакідваем цяжкі мяч з пяском – седзячы, стоячы, па-рознаму. Працуем з гантэлямі перад люстэркам, каб бачыць тэхніку і падкачваць рукі. І толькі ў канцы раўндаў дзесяць баёў – на мяшках ці ў пары.

Па колах скачам, на скакалцы – і сілавая нагрузка, і кардыё, усё адначасова. Скачам з гантэлькамі, а гантэлі – ужо сілавая нагрузка.

Ці бывала, што трэнера ажно ненавідзелі

Ну, як сказаць. Ён нашы скаргі не слухае, смяецца, кажа: “Робім”.

Сяргей Міхайлавіч Панцюхоў вельмі добры трэнер. Ён заўсёды на пазітыве. Калі доўга з ім працуеш, разумееш, што нешта не так, але ён ніяк не адбівае гэта на нас. І як чалавек выдатны, і, безумоўна, як трэнер.

У групе пераважна займаюцца хлопцы. Ёсць некалькі дзяўчат, але яны маладзейшыя на год, на два. Многія ходзяць свабодна. Тыя, хто рэгулярна наведвае, з імі Сяргей Міхайлавіч працуе больш канкрэтна.

Маёй перамозе вельмі абрадаваўся. Сам казаў, што ў прызы па-любому траплю.

Пра першае месца яму сказала мая мама. Расказвае, ён аж засвяціўся. Дадаў, што ні на кроплю не сумняваўся.

Змагалася з турчанкай

На чэмпіянаце Беларусі былі тры чалавекі ў вазе. Змагаешся за трэцяе, за другое, а пасля за першае месца. Я перамагла дзвюх дзяўчат, атрымала першае. Адбор прайшла – еду на Еўропу. А там у групе была толькі адна турчанка. Бачыла яе выступленні, ясна стала, што прыйдзецца пастарацца. Першы раўнд прайграла – два суддзі прагаласавалі за мяне, тры – за яе.

Стала ясна, што ў наступных двух раўндах давядзецца пастарацца. А сілы ўжо сыходзяць. Сабралася, вырашыла, што трэба перамагчы, настроілася. Калі б былі яшчэ саперніцы, то я і іх перамагла б.

Турчанак на сёлетнія спаборніцтвы прыехала вельмі шмат. Былі апранутыя ў нацыянальныя касцюмы – закрытыя рукі, ногі. І выступалі гэтак жа – штаны, доўгі гольфік, хустка на галаве, зверху шлем.

На «Еўропе».

Што далей са спортам

Цяпер, калі дасягнула такога выніку, вырашыла зрабіць паўзу. Было столькі нерваў, і на трэніроўкі не хацела ісці, усё гэта так круціла. Перамагла, выдыхнула. Буду адпачываць. Калі саспею, можа пачну ха­дзіць на стадыён.

Паступлю – трэба будзе адаптавацца, а пасля, можа, моцна захачу і вярнуся ў спорт. Канешне, столькі часу аддаць ушу – шкада кідаць. У гэтым месяцы мне будзе 18, і далей давядзецца выступаць па-даросламу. Да гэтага рыхтавацца трэба вельмі сур’ёзна. А трэба мне гэта ці не, пакуль не вырашыла. Гэта ж і траўмы, і сінякі.

Пра траўмы

Траўмы на трэніроўках былі. Скакала на скакалцы, падвярнула нагу. Якраз быў канец мая, моцна не хацела ў школу. Так і ўсе кантрольныя прапусціла.

Аднойчы практыкавалі барацьбу з хлопцам, які на 15 кілаграмаў мае большую вагу. Я пачынаю падаць, і ён мне на нагу ўпаў. Калена хруснула. Я нават не плакала, ні гуку. У такія моманты трэба, каб ніхто нічога не казаў. Устала, дазаймалася, пайшла дамоў – і ўжо ў слязах, так балюча было.

А са спаборніцтваў звычайна прыязджаеш з фінгаламі. Прыехала з Еўропы – усе ногі ў сіняках, але сышлі хутка.

Пройгрышаў на спаборніцтвах не было ні разу. Выступала рэдка, разоў 10-12, і заўсёды першае месца.

Як выбраць свой від спорту

Па некаторых відаць, што гэта зусім не іх. Яны заціснутыя, і атрымліваецца ўсё неяк крывавата. Разумееш, што гэта дакладна не іх. Збоку такое заўважыць можна, а як самому вызначыць? Нават калі адны пройгрышы, усё роўна трэба імкнуцца да перамогі.

Хаця я і перамагаю, але ж загадзя не ведаеш, якім будзе вынік. І калі ехала на Еўропу, не баялася прайграць, баялася траўму атрымаць. Даведалася, што толькі адна саперніца, унутры крыху расслабілася – другое месца ўжо ў кішэні. Але калі выйшла, жаданне перамагаць уключылася само.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце