weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather -0° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 0° Мядзел
weather -0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4041
1 долар 2.1058
100 рас.руб. 3.1947
15.06.2018 11:22 ,

«Ноччу з пледамі і кавай сядзелі на вуліцы пад дзвярыма»: бацькі будучых першакласнікаў распавялі, як запісвалі дзіця ў гімназію

У гімназію ці ў звычайную школу? Усё стане вядома 28 жніўня. Фота з архіва "РГ".

12 чэрвеня ў Беларусі стартавала кампанія па наборы дзяцей у школы і гімназіі. Аднак, па словах бацькоў будучых першакласнікаў, чарга каля маладзечанскай гімназіі №6 пачала збірацца ўжо раніцай 11 чэрвеня.

–  Мы прыйшлі крыху пазней, – распавяла карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» мама будучай першакласніцы, – на той момант людзі ўжо стаялі ў фае гімназіі. Самі склалі спіс, дзе пазначалі, хто за кім пойдзе падаваць дакументы. Людзі адыходзілі ненадоўга, пасля зноў прыходзілі. Кожны сачыў за сваёй чаргой.

Па словах мамы, да вечара 11 чэрвеня мамы, таты, бабулі і дзядулі сядзелі ў фае школы. Вечарам, калі прыйшоў час зачыняць дзверы ў гімназію, чарга перамясцілася на вуліцу. Але ніхто не сыходзіў. Чакалі раніцы, калі пачнуць прымаць дакументы.

– Паміж бацькамі не ўзнікала ніякіх непаразуменняў, скандалаў, – кажа чытачка. – Наадварот, большасць пасябравала. Нанач прынеслі пледы, каву. Размаўлялі, шмат жартавалі, смяяліся.

Ад раніцы 12 чэрвеня пачалі прымаць дакументы. Бацькі спакойна, па чарзе, прытрымліваючыся складзенага спіса, заходзілі ў кабінет, дзе падавалі дакументы.

Сям’я нашай чытачкі прапісаная не ў мікрараёне гімназіі. Але сюды хацелі б трапіць з-за англійскай мовы. Многім бацькам, што стаялі ў той чарзе, зручна было б вадзіць дзіця менавіта ў шостую гімназію, бо тут вучацца іх старэйшыя дзеці.

Ці паступіць дзіця ў гімназію, стане вядома 28 жніўня. У гэты дзень у школах і гімназіях  будуць падпісваць загады аб залічэнні. Калі ж раптам у жаданую навучальную ўстанову дзеці не трапяць, многія з бацькоў настроеныя хутка рабіць прапіску ў патрэбным мікрараёне.

Упраўленні адукацыі раёнаў: у Вілейцы і Смаргоні ажыятажу няма

Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Ігара Шчаснага, у Смаргоні праблем з паступленнем у адзіную гімназію горада няма: возьмуць усіх ахвотных. На думку Ігара Пятровіча, ажыятаж з паступленнем у гімназіі больш уласцівы для вялікіх гарадоў. Дзяцей, якія трапляюць у Смаргонскую гімнзію па прапісцы, каля 30 чалавек.  Вольных месцаў будзе дастаткова для ўсіх гараджан.

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Ірына Лобан распавяла карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты», што ад 12 чэрвеня пачалі прымаць дакументы ў школах і дзвюх гімназіях у Вілейцы. У гімназіі падаюць дакументы і сем’і, што прапісаныя ў мікрараёне, і не прапісаныя, але ахвотныя. Ажыятажу і начных чэргаў няма.

Упраўленне адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага раёна: дакументы прымаюць без скандалаў

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Жанна Карповіч распавяла, што прыём у маладзечанскія гімназіі адбываецца спакойна, без скандалаў.

12 чэрвеня да васьмі гадзін вечара ў гімназію №3 падалі 11 заяў, у дзясятую гімназію – 57.

Па словах Жанны Васільеўны, у кожнай навучальнай установе ўнутраным загадам створаць камісію па прыёме ў першы клас, якая і будзе вырашаць, ці залічаць дзіця ў гімназію.

Нагадаем, што ў студзені 2018 года з падачы міністра адукацыі Ігара Карпенкі Указам Прэзідэнта №30 у гімназіях адмянілі ўступныя экзамены ў пятыя класы. Толькі ў гімназіях-каледжах засталіся творчыя выпрабаванні. Для астатніх увялі правіла: паступаць у гімназіі могуць толькі дзеці з мікрараёнаў, замацаваных за пэўнай навучальнай установай. Выключэнне робяць толькі тады, калі ў класах ёсць вольныя месцы.

Неабходнасць такіх ноу-хау Карпенка тлумачыў жаданнем зрабіць так, каб адораныя вучні былі ва ўсіх школах, а не ў «абраных». Новае правіла павінна было знізіць ажыятаж, які адбываўся ў сувязі з жаданнем бацькоў аддаць сваіх дзяцей менавіта ў гімназіі.

Традыцыйна лічыцца, што гімназіі даюць лепшы ўзровень падрыхтоўкі, але ў Міністэрстве адукацыі вырашылі, што лепш максімальна ўраўняць школы. І праграму з «зорачкай» выкладаць толькі пасля дзявятага класа.

Усяго ў гарадах рэгіёна – 12 гімназій. Больш за ўсіх – у Маладзечне, пяць. Наступная па колькасці – Вілейка. У Ашмянах, Смаргоні, Астраўцы, Валожыне, Ашмянах і Мядзеле – па адной.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце