weather -5° Маладзечна
weather -5° Вілейка
weather -4° Смаргонь
weather -5° Ашмяны
weather -5° Валожын
weather -5° Мядзел
weather -4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4132
1 долар 2.1262
100 рас.руб. 3.1849
17.06.2018 07:56 ,

Уставілі ў рот карабін і выстралілі: як у 1944 годзе за беларушчыну забілі крэўскага святара і яго сваякоў

Міхаіл Леванчук (х крыжам), яго жонка, дачка, а таксама члены рады крэўскай Аляксандра-Неўскай царквы. 30-ыя гады ХХ ст.

Яшчэ ў даваенныя гады крэўскі праваслаўны святар Міхаіл Леванчук смела выказваўся супраць апалячвання заходніх беларусаў і быў прыхільнікам беларусізацыі праваслаўнай царквы.

Пра гэта сведчаць найстарэйшыя жыхары Крэва і іншыя сучаснікі. Вядомы беларускі каталіцкі святар Адам Станкевіч у сваім дзённіку занатаваў наступны выпадак. Аднаго разу польскія настаўнікі са школ з-пад Крэва прывялі сваіх вучняў у царкву на экскурсію. Нягледзячы на заўвагі і пратэст з боку педагогаў, святар вёў гутарку з вучнямі на роднай для іх беларукай мове, а не па-польску.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза ўся моц сталінскіх рэпрэсій скіравалася ў бок былых ваенных, служачых і заможных сялян, якія ў большасці сваёй былі палякамі альбо апалячанымі каталікамі.

Калі землі Заходняй Беларусі занялі гітлераўцы, пачалася зваротная рэакцыя: мясцовыя палякі пачалі выдаваць гітлераўцам тых, да каго адчувалі нянавісць, прадстаўляючы іх савецкімі актывістамі.

Нярэдка ў шэрагі гэтых людзей палякі ўключалі прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія яшчэ ў даваенныя часы змагаліся з апалячваннем, але не мелі ніякіх адносін да сталінскіх рэпрэсій. Айцец Міхаіл абараняў жыхароў Крэва ад гвалту і смерці. Нярэдка яго заступніцтва мела станоўчыя вынікі.

Калі ў лясах Крэўскай воласці з’явіліся атрады польскай Арміі Краёвай, яны ўзяліся знішчаць беларускі нацыянальны актыў самастойна. Рашуча настроеныя былі палякі і супраць айца Міхаіла Леванчука.

Хоць мы і называем легіянераў Арміі Краёвай палякамі, мы разумеем, што вялікую частку, калі не большасць, гэтых падпольных фарміраванняў у нашай мясцовасці складалі беларусы-каталікі. Яшчэ да сённяшніх дзён захаваліся дзе-нідзе звычкі дзяліць мясцовых хрысціян паводле веравызнання на рускіх-праваслаўных і палякаў-каталікоў.

Таму блытаючы паняцці, некаторыя з беларусаў-каталікоў лічылі сябе палякамі і па нацыянальнай прыналежнасці. І папаўнялі яны шэрагі Арміі Краёвай часта па прымусе такіх  самых  легіянараў або па якіх заўгодна іншых прычынах, толькі не з-за нейкіх ідэйных меркаванняў.

Але былі і такія ахвяры прапаганды, хто адносіў сябе да палякаў свядома. І часта гэтыя перараджэнцы былі найбольш небяспечнымі для тых, хто не падзяляў іх поглядаў.

Апошняй кропляй нянавісці гэтых ворагаў да крэўскага святара стала стварэнне ім у Крэве беларускай школы. Дамогшыся ад нямецкага кіраўніцтва ў Мінску адпаведнага дазволу, айцец Міхаіл адчыніў школу ў адным з пакояў свайго вялікага дома. Ён сам, а таксама яго дачка Ларыса і пляменніца Валянціна Шкуцько, якая прыехала з Мінска, пачалі праводзіць тут заняткі.

Азлобленым прыхільнікам польскасці заставалася чакаць зручнага моманту, каб адпомсціць. І гэты момант хутка надышоў.

Жорсткае забойства здарылася ноччу з 14 на 15 сакавіка 1944 года. Дзве брыгады Арміі Краёвай падышлі з розных бакоў да Крэва, каб раззброіць гарнізон літоўскай паліцыі. Гарнізон пачаў размяшчацца ў мястэчку, калі немцы перадалі наш край у падпарадкаванне генеральнай акругі Літвы.

Акцыя была паспяховай для “акаўцаў”: паліцаяў раззброілі, страт не было ні з польскага, ні з літоўскага боку.

Магілы святара Міхаіла Леванчука, настаўніц крэўскай беларускай школы Ларысы Леванчук і Валянціны Шкуцько.

Ахвярамі ж у тую трывожную ноч сталі святар крэўскай царквы айцец Міхаіл, яго дачка і пляменніца. Адбылося ўсё наступным чынам. Калі акцыя па захопе паліцэйскага пастарунку завяршылася, да дома святара накіравалася група “акаўцаў” з трох чалавек. Па словах старажылаў, гэта былі якраз гэтак званыя “палякі” з тутэйшых. Выконвалі яны загад свайго начальства ці завіталі сюды самастойна, пра тое невядома.

У гэты час у доме Леванчукоў былі сам святар, Ларыса, Валянціна і адна з мясцовых дзяўчат, якая працавала тут служанкай. Жонка святара Лізавета і сын Леанід былі ў гэты час у ад’ездзе, і таму яны пазбеглі расправы.

Калі бандыты загрукалі ў дзверы, служанка паспела схавацца ў склеп пад домам, што і выратавала ёй жыццё. Адтуль яна чула ўсё, што адбывалася наверсе, а пасля пераказала пачутае аднавяскоўцам.

Адчыніўшы на грукат дзверы, айцец Міхаіл зразумеў, што чакае яго. Ён папрасіў катаў, каб дазволілі памаліцца перад смерцю. “Акаўцы” ў гэты час прывялі ў пакой дачку і пляменніцу. У іх прысутнасці адзін з бандытаў уставіў у рот святару карабін і выстраліў. Пасля забілі дзяўчат.

Ахвяры начнога нападу знайшлі свой апошні прытулак ля царкоўнай сцяны. Крыху пазней на іх магілах паставілі помнікі.

Фотаздымкі забяспечаныя аўтарам.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце