weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather -0° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather -1° Мядзел
weather -0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
19.06.2018 11:52 ,

Вырашыў, што імпатэнт, і захацеў праверыць мужчынскую сілу на пяцігадовай падчарцы. З чым сутыкаюцца работнікі судова-псіхіятрычных экспертыз

Афіша фільма пра псіхічна хворага чалавека "Спліт"

Чаму бацькам адораных дзяцей варта быць асцярожнымі, як з шызафрэніяй звязаныя Тэсла і Гітлер і для чаго ісці да экспертаў перад завяшчаннем, чытайце далей.

Пра гэта мы паразмаўлялі з начальнікам сектара судова-псіхіятрычных экспертыз Маладзечанскага міжраённага аддзела Камітэта судовых экспертыз Жаннай Буцько. Установа абслугоўвае не толькі Маладзечанскі раён, а таксама Смаргонскі, Вілейскі, Валожынскі, Ашмянскі і Астравецкі.

Зрабіце экспертызу перад завяшчаннем

Людзі ў сталым узросце часта хочуць скласці завяшчанне ці аформіць пажыццёвую рэнту – каб іх жыллё перайшло таму, хто іх даглядае. У такіх сітуацыях мінімум два зацікаўленыя бакі – сваякі і той, хто даглядае. Таму пажадана праводзіць экспертызу, таму што ў далейшым вельмі складана даказаць, які псіхічны стан чалавека быў на момант здзелкі. Экспертыза абараняе ўсіх. Такую працэдуру можна прайсці ў сектары.

Пасля судовае разбіральніцтва можа зацягнуцца надоўга, і ніхто не ведае, якім будзе вынік.

Што правяраюць для суда

Спецыялісты сектара праводзяць экспертызы абвінавачаных, падазраваных, сведкаў і пацярпелых па крымінальных справах. У абвінавачаных і падазраваных глядзяць, ці ёсць псіхічнае захворванне на момант экспертызы і ці было на момант злачынства. Эксперты павінны адказаць, ці мог чалавек усведамляць характар і грамадскую небяспеку дзеянняў. А пасля на аснове гэтых звестак суд выносіць рашэнне, ці ўсведамляў чалавек, што робіць.

У выпадку са сведкамі і пацярпелымі эксперты таксама павінны адказаць, ці ёсць у іх хваробы, адставанні ў псіхічным развіцці і ці можа чалавек правільна асэнсоўваць абставіны, што маюць значэнне для справы, і даваць пра іх паказанні.

Па грамадзянскіх справах суд звычайна прызначае экспертызу, каб вызначыць дзеяздольнасць чалавека.

Вызначыць, ці быў чалавек у свядомасці, даволі складана. Трэба вывучыць цалкам усе матэрыялы справы. Часам запытваем допыт сваякоў, знаёмых, каб ахарактарызавалі чалавека. Па змоўчванні любы чалавек лічыцца псіхічна здаровым, у свядомасці і дзеяздольным.

Бывае, суд ставіць перад намі пытанне, ці пакутуе чалавек на нейкую залежнасць. Калі ставім дыягназ, што залежнасць ёсць, разглядаецца пытанне лячэння.

У сярэднім у год мы маем 800-1000 экспертыз. З іх чалавек 10 тыя, у каго знаходзяцца адхіленні.

Ілюстрацыйны здымак.

Дзеці: ці былі ў бездапаможным стане

Прыводзяць дзяцей і падлеткаў, каб мы вырашылі, у сілу ўзросту, ці маглі яны асэнсоўваць характар і значэнне тых ці іншых дзеянняў. З дзецьмі знайсці кантакт вельмі складана. Да экспертызы абавязкова далучаецца псіхолаг, які ацэньвае ўзровень псіхічнага развіцця, а псіхіятр правярае, ці мае дзіця або падлетак дыягназ. З дзецьмі заўсёды працуе некалькі чалавек, аднаму складана ацаніць стан.

Працуем з дзецьмі, над якімі ўчынілі гвалт, у тым ліку сэксуальны. З дзецьмі, якіх спакушалі, спрабавалі згвалтаваць ці згвалтавалі, краталі. Мы павінны ацаніць, наколькі яны разумелі, што з імі рабілі, ці былі яны ў бездапаможным стане. Калі не разумелі ні характар, ні значэнне, ці не разумелі значэнне, значыць, былі ў бездапаможным стане, і гвалтаўнік атрымае больш суворае пакаранне.

Дзеці ў 12-15 год часта разумеюць характар, але не значэнне. Усведамляюць, што з імі зрабілі нешта кепскае, але да чаго ўсё гэта магло прывесці – не.

Усе вычварнасці – на глебе сэксу

Вычварнасці трапляюцца, але такога, як напрыклад, канібалізм – не было. Пераважна ўсе яны з сэксуальным складнікам.

Здараецца такое. Мама пачынае жыць з новым мужчынам. У яе ёсць дачка год 9-12. Паступова ў дзяўчынкі пачынаецца палавое выспяванне. І новы мужчына можа ўступаць у палавую сувязь з дзяўчынкай.

Адзін мужчына вырашыў праверыць, наколькі дзяўчынка з’яўляецца цнатлівай. А дзяўчынцы было 11-12 год. Звычайна такія людзі маюць тую ці іншую залежнасць.

Быў выпадак, калі жанчына з пяцігадовай дачкой пачала жыць з новым мужчынам. А ён вырашыў, што стаў імпатэнтам, і захацеў праверыць сваю мужчынскую сілу на гэтай дзяўчынцы.

– Калі людзі з адхіленнямі вяртаюцца з турмы, наколькі грамадства ад іх абароненае?

– Калі гэта гвалтаўнік, яны становяцца на ўлік у міліцыі і там з імі праводзяць прафілактычную работу. Пэўны час за імі назіраюць, а пасля здымаюць з уліку.

Калі вызваляецца псіхічна хворы чалавек, за ім наглядае псіхіятр.

Любое псіхічнае захворванне небяспечнае для грамадства. Ніхто не ведае, калі можа быць зрыў рэмісіі. Абвастрэнне проста прыходзіць. Тыя, хто жыве разам, могуць нават не заўважыць. Нават псіхіятр – сёння на прыёме ўсё было нармальна, а заўтра можна штосьці шчоўкнуць, і ён можа здзейсніць страшнае.

Межы магчымага

– Ці можа псіхіятр ацаніць межы магчымага для канкрэтнага чалавека?

– Адназначна адказаць нельга. Нават пры дэпрэсіі, здаецца, навошта яму шкодзіць іншым? Але ён можа вырашыць, што трэба камусьці зрабіць шкоду, каб самому было лепш. Напрыклад, так сказалі галасы. Ніхто не можа адказаць, да чаго прывядзе той ці іншы дыягназ.

Складана тым, хто жыве з людзьмі з псіхічнымі хваробамі.

Аднак здараецца, што ў чалавека ёсць хвароба і сваякі хочуць пазбавіць дзеяздольнасці. Хаця відавочна, што жыць самастойна ён можа. Куды ж яму дзецца? Ну, ёсць у яго хвароба. Але ж столькі год з ім пражылі, ведалі пра хваробу і да чаго прывядзе – а псіхіятры звычайна кажуць сваякам, чаго чакаць ад хворага.

Нярэдка бацькі спрабуюць пазбавіць дзеяздольнасці дзяцей, а дзеці – бацькоў для таго, каб вырашаць маёмасныя пытанні на сваю карысць. У бацькоў ёсць жыллё ці зберажэнні, і каб іх скарыстаць, дзеці пазбаўляюць дзеяздольнасці.

– Пры экспертызах ці пагружаецеся вы ў альтэрнатыўны свет хворых людзей?

– Ні ў якім разе нельга пагружацца ў свет іх перажыванняў. Калі пагружацца ў чужое трызненне, шызафрэнія можа развіцца ў цябе.

Звычайна шызафрэнія сустракаецца праз пакаленне. Хворая бабуля – магчыма, захварэе і ўнук. Аднак здараецца, была хвароба ў маці. Яна ўвесь час спрабавала лячыць сына, і ў выніку шызафрэнія развілася і ў яго.

Паводле сусветнай статыстыкі, хворых на шызафрэнію 1% насельніцтва. Калі Гітлер вынішчаў душэўнахворых, то нейкі час у Германіі псіхічных хваробаў не было зусім. Аднак насельніцтва аднавілася, і іх зноў стала 1%. Гэта нейкі неабходны баланс, псіхічна хворыя людзі патрэбныя прыродзе, ці проста гены перадаліся?

– Прычын шызафрэніі вельмі шмат, і ніхто дакладна пакуль не змог адказаць, з-за чаго яна развіваецца. Спадчынны фактар займае адно з апошніх месцаў.

Нярэдка з’яўляецца ў адораных людзей. Таму бацькам варта быць асцярожнымі, калі іх дзіця адоранае. Такія людзі вылучаюцца з агульнай масы, іх мозг працуе неяк па-іншаму. Аднак яны могуць і не мець хваробы.

Ёсць пэўныя прафесіі, куды адметныя людзі ідуць, напрыклад, філасофія. Наколькі звычайны чалавек можа паглыбіцца ў такія рэчы? Матэматыка, фізіка патрабуюць пэўнага складу розуму.

– І калі задаць хвораму задачку на выключэнне лішняга, ён яе рашыць, прымяніўшы такую логіку, да якой звычайны чалавек ніколі не дадумаўся б. Адоранасць мяжуе з псіхічнай хваробай, як у Тэсла, напрыклад – геніяльнага фізіка, які ў канцы жыцця закахаўся ў голуба, так?

– Так, але даволі складана ацаніць, што норма, а што адхіленне ад яе. Паталогія – тое, што адрозніваецца ад нормы. І цяпер даволі асцярожна ставяцца да дыягназаў. Усё часцей ставяць не хваробу, а тое ці іншае расстройства. Такі падыход больш беражлівы да чалавека, дапамагае лепш адаптавацца ў грамадстве.

Часам чалавек проста стомлены і праяўляе латэнтныя прыкметы шызафрэніі.

– Калі сусед расказвае пра іншапланецян, як лепш адрэагаваць – падтакваць ці сказаць, што гэта лухта?

– Лепш пазбягаць такіх размоў. Казаць, што ўсё гэта лухта, не варта, таму што па сваіх брэдавых матывах ён можа вырашыць, што вы яго вораг, пераследуеце ці хочаце нашкодзіць. Паведаміце псіхіятру ці ўчастковаму, ну, ці сваякам.

Але трызненне – адноснае пытанне. Адкуль ты ведаеш, што гэта няпраўда?

Здаралася, што чалавек расказваў, нібы яго пераследуе. Але ж гэта можа быць і праўдай. Даволі часта старыя кажуць, што ў іх крадуць рэчы. Ну, здаецца, лухта. Аднак калі добра паглядзелі справу, аказалася – праўда, крадуць сваякі ці суседзі. Прасцей за ўсё спіхнуць на іх узроставы маразм ці кепскую памяць. Трызненне – гэта непраўдзівая выснова, што не паддаецца карэкцыі. Зможаце пераканаць чалавека – значыць, ён проста памыляўся.

– Ці шкадуеце вы злачынцаў, якія шчыра раскайваюцца?

– Пераносіць гэта на сябе нельга ні ў якім разе. Таму што не зможаш працаваць. Усе яны пішуць “са здзейсненым раскайваюся”. Фраза фармальная, а што за ёй стаіць – ацаніць цяжка. Бывае, плача, кажа, як шкадуе. Але хто яго ведае, раскайваецца ён ці спрабуе выбіць мякчэйшы тэрмін.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце