weather 24° Маладзечна
weather 24° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 24° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 24° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
19.06.2018 15:00 ,

Як акцёры праціналі наскрозь маладзечанцаў спектаклем “Вечар”

Самы рамантычны момант. Да Ганны (Алена Рахмангулава) сватаюцца адразу абодва – злева Васіль (Віктар Багушэвіч) і Мікіта (Алег Чэчанеў)

Ад душы пасмяяцца, трошкі паплакаць і ўвесь час думаць пра старых бацькоў і пра сябе, калі станеш такім, як цяпер яны. Па гэтыя эмоцыі ідуць на спектакль “Вечар”.

“Вечар” Дударава вы ці праходзілі ў школе, ці чыталі, ці чулі, што гэта выдатная п’еса. Можа, нават чулі, што яна нечым падобная да яго сцэнарыя да фільма “Белыя росы”, толькі яшчэ лепшая. Але маладзечанская пастаноўка “Вечара” – той самы выпадак, калі акцёры дадаюць твору сэнсу і смаку.

Лірычную меладраму “Вечар” ставілі ў Мінскім абласным драмтэатры ў межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, прысвечанаму Году малой Радзімы.

Зала была амаль цалкам запоўненая. А сярод гледачоў былі ганаровыя госці – аўтар п’есы Аляксей Дудараў і кампазітар Алег Залётнеў. Напрыканцы яны выйшлі на сцэну да акцёраў, з якімі цёпла віталіся, віншавалі з цудоўным выступленнем і дзякавалі за пранікнёную гульню.

Аляксей Дудараў.

Аўтар п’есы “Вечар” Аляксей Дудараў і кампазітар Алег Залётнеў.

Ёсць тры прычыны, чаму пастаноўка “Вечара” ў Маладзечне настолькі якасная, што яе наведаць павінны кожны.

1.) П’еса. Калі Дудараў выдаў “Вечар” у 80-х, яе ставілі многія тэатры. У Маладзечне заняліся ў пачатку 2000-х, і сам Дудараў спрычыніўся да падрыхтоўчай працы.

2.) Рэжысёр-пастаноўшчык Валеры Мазынскі. А гэта значыць, што нават школьнікі, якіх прывялі на спектакль, глядзяць на сцэну з захапленнем.

3.) Мастацкае афармленне. Яго зрабіў сын аўтара п’есы Максім Дудараў. Гледачу застаецца здзіўляцца, як лоўка акцёры абыгрываюць дэкарацыі і як яны складзеныя – і проста, і столькі сэнсу ўкладзена.

4.) Касцюмы Таццяны Дзямідавай нагадаюць вам пра бабулю і дзядулю ў вёсцы.

5.) Самае відавочнае – гэта, канешне, бліскучыя акцёры. Усе 16 год у “Вечары” іграе адзін склад – Алег Чэчанеў, Алена Рахмангулава і Віктар Багушэвіч. З таго часу многае змянілася. Багушэвіч, напрыклад, пераехаў у Мінск. Але замену яму шукаць не сталі. На выступленні ён прыязджае, каб нязменна сыграць Мульціка.

Калі пастаноўка толькі выйшла ў свет, акцёры былі зусім маладыя. Загадчык літаратурнай часткі Аляксандр Пыцько прыгадвае, што даводзілася добра працаваць над грымам, каб “састарыць” акцёраў. Але ўсе яны ўтрох настолькі ўжыліся ў вобразы, настолькі ўразілі гледачоў пераўвасабленнем, што нават складаная рэтуш стала не настолькі патрэбнай.

Пра што спектакль

У апусцелай вёсцы жывуць апошнія жыхары – састарэлыя Ганна, Васіль, ці Мульцік і Мікіта з мянушкай Гастрыт. Ганна з-за вайны страціла траіх дзяцей і мужа. Чацверты сын трапіў у турму. Ад Мікіты дзеці збеглі ў горад, а Васіль усё чакае ліста ад сына Грышкі, але лістоў даўно няма.

У кожнага з іх свая жыццёвая бяда, сум і надзея. Усе яны ў вечары свайго жыцця шкадуюць аб тым, што было не так, спрабуюць знайсці нешта светлае ў сваім сёння і гавораць пра дзяцей, якіх даўным-даўно не бачылі.

У тым узросце, калі даруюць усе крыўды, раскрываюцца сакрэты, а сказанае становіцца вялікай мудрасцю, яны дзеляцца сваім досведам з гледачом. А той у адказ смяецца, выцірае слёзы, дзеліць пранізлівую тугу, якая можа вярнуцца, калі і сам дойдзеш да свайго вечара.

Цытаты герояў

Васіль: Даў нам Бог жыццё, каб мы ўсё гэта сагрэлі… Душамі сваімі сагрэлі! Дык грэй жа, грэй! Хаця чым табе грэць? Халодны ты…

Ганна:  Вунь дактары па радзіву на жанок цяжарных сварацца: піць няможна, курыць няможна, хвалявацца няможна… А то дзіцёнак дрэнны родзіцца… А пад бомбамі ляжаць можна? А жыўцом гарэць у сваёй хаце можна? А сядзець во з такім жыватом у сцюдзёнай балотнай твані можна?

А ўвесь час калаціцца ад страху, што цябе во-во схопяць і заб’юць, — можна? А галадаць можна? А самой у людзей страляць можна? (Паўза.) Ён, мой Віцёк, яшчэ там, у мяне пад сэрцам, на ўвесь свет абазліўся. Якім жа яму было яшчэ нарадзіцца? Толькі няўдачным…

Бабе трэба ласкавай быць, на Сонца, як ты кажаш, часцей глядзець, тады і дзіцёнак цёплым родзіцца і ласкавым… А я… Толькі ваявала ды вайны баялася…

Гастрыт: Паплакала мая Алёна, паплакала дый пайшла за мяне. Забылася, здаецца, пра ўсё. І вяселле было добрае. І яна вясёлая. Усё добра! Шчасце! Дачакаўся свайго! (Паказаў кукіш.) Во! З маслам, як кажуць! Зноў у мяне гэта палавінка, каб яе агонь спёк! Не, яна ніводнага разу не ўспомніла пра Андрэя.

А толькі душой я адчуваў, душой, што клалася яна са мной спаць, як у труну кладуцца. Засне, дык ужо потым абдымае мяне, цалуе, шэпча нешта… Не разумеў, што з бабай робіцца. А яна, аказваецца, яго, Андрэя, у сне бачыла, у сне лашчыла… Перад смерцю прызналася… Сорак гадоў жыла са мной, а па начах яго абдымала!

Ганна: Ты во крыкнуў — яно і добра… На мяне ж Піліп аніводнага разу голасу не падняў… Да вайны колькі мы там пажылі… А пасля… хварэў, асколкі ў сэрца калолі… Ніводнага разу не крыкнуў. А на бабу іншым разам і трэба… Весялей неяк…

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце