weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 4° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 4° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 4° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4488
1 долар 2.082
100 рас.руб. 3.1507
20.06.2018 13:00 ,

Лепш – у паходзе, чым на бацькоўскім сходзе: настаўніца пачатковых класаў з Маладзечна восем год ладзіць паходы для вучняў і бацькоў

На пераправе страхуюць надзейныя рукі бацькоў.

Заканчэнне пачатковай школы 4 “В” клас маладзечанскай гімназіі №7 адзначыў паходам. 45 чалавек: вучні, бацькі, брацікі-сястрычкі і настаўніца Лілія Монід селі ў Маладзечне на цягнік і паехалі ў Чырвоны Беражок на Вілейшчыну – месца, дзе ўжо восем год педагог ладзіць для вучняў і іх сямей такія паходы.

– Вы, напэўна, настаўніца фізкультуры? – спытала я і была ўпэўненая ў станоўчым адказе.

Аказалася, што Лілія Монід – настаўніца пачатковых класаў. Захапленне турызмам – ад тых часоў, калі ў маладзечанскай гімназіі №6 вучылася дачка Ліліі Кацярына. Класны кіраўнік дзяўчынкі – турыстка са стажам – у адзін з паходаў запрасіла бацькоў. Лілія схадзіла і зразумела: вось чым яна будзе займацца са сваімі вучнямі ў пачатку летніх канікулаў. Бо тады зразумела: нішто так не яднае калектыў, як сумесны турыстычны паход.

Паход – гэта не пікнік з бутэрбродамі

У сёмай школе Лілія працуе восем год. За гэты час з пачатковай школы выпусціла два класы. Калі набрала першы, адразу аб’явіла дзецям, што ў канцы года клас разам з бацькамі пойдзе ў турыстычны паход. Менавіта ў паход, а не на пікнік: прыйшлі, з’елі бутэрброды і пайшлі.

Каб усё было па-сапраўднаму, звярнулася ў турклуб “Пілігрым” да Сяргея Бялкова. Той дапамог з начыннем, расказаў, як зрабіць паласу перашкодаў, параіў некалькі цікавых спартыўных конкурсаў. У першы паход ішла з перасцярогай: як усё атрымаецца, ці спадабаецца дзецям і бацькам. Але перасцярогі былі марнымі: вечарам некаторыя дзеці плакалі, бо не хацелі ехаць дадому.

– Што мы толькі не рабілі за гэты час! – прыгадвае настаўніца. – І цвікі ў бервяно з аднаго ўдару забівалі, і бегалі, трымаючы мячык нагамі, з двума вядзерцамі ў руках. Гулялі ў футбол, валейбол, бадмінтон, настольныя гульні. Дзеці нават па карце шукалі скарб – закапаныя ў зямлю каробкі з ласункамі. А ў конкурсе перацягвання канатаў адзін раз мамы так паднапружыліся, што перамаглі татаў!

“Дайце мне адпачыць у выхадныя!”

Не ўсе бацькі адразу падтрымліваюць ініцыятыўную настаўніцу. “Я працую па 16 гадзін, дайце мне хоць у выхадныя адпачыць” – такія фразы часам прыходзіцца чуць ад мам і тат. Але калі нехта трапіў адзін раз, то застаецца ў турыстычнай кампаніі да канца пачатковай школы.

У спаборніцтвах удзельнічаюць каманда дзяцей і дарослых. Па словах настаўніцы, у першым класе, каб не пакрыўдзіць дзетак, бацькі паддаваліся ім.

 А ў чацвертым класе вырашылі не паддавацца – і перамаглі. Гэта добра, лічыць настаўніца. У чацвертым класе дзеці павінны разумець, што не кожная гульня заканчваецца выйгрышам. Аднак суцяшальны прыз – кожнаму па чупа-чупсу – узрадаваў дзяцей не менш, чым перамога.

Першапачаткова не кожны з бацькоў пагаджаўся ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Тады за кожнага, хто адмаўляўся, заданні выконвала настаўніца. Толькі сёлета гэтага ёй рабіць не давялося.

Прайсці па бервяну — і не зваліцца.

Тата, якому балела спіна, пад ціскам іншых бацькоў прайшоў усе конкурсы. Малодшыя брацікі і сястрычкі нараўне са школьнікамі ўдзельнічаюць у камандзе дзяцей. Вядома, за малечай – больш пільны кантроль, каб усё было бяспечна, асабліва на такіх складаных конкурсах, як “Навясная пераправа”.

– Нават мама з двухмесячным дзіцем прыязджала на пару гадзін да нас, каб паглядзець, як там яе старэйшае дзіця з татам, – дзеліцца Лілія Монід.

“На абедзе ўсе вёдры з’ядаем да дна”

Звычайна таты дапамагаюць рыхтаваць паласу перашкодаў, ставяць палаткі.Сёлета адзін з татаў прывёз квадрацыкл і катаў на ім дзяцей.

Мамы гатуюць сняданне і абед. Вядро капусты – на першае, вядро бульбы з мясам – на другое, два вядры чаю з лімонам – на трэцяе. Увесь посуд пасля абеду застаецца пусты. Нават тыя, хто ў школьнай сталовай есць не вельмі, у паходзе абедае з задавальненнем.

Вучні чацвертага класа – ужо не такія маленькія. Таму калі надвор’е дазваляе, жадаючыя застаюцца начаваць. Сёлета такіх было 20 чалавек. Смажылі сасіскі на вогнішчы, слухалі спевы птушак.

Пасля нефармальных адносінаў з бацькамі лягчэй у школе

Што варта рабіць педагогам, якія хочуць арганізаваць падобны паход? Лілія Монід не лічыць сябе прафесійным турыстам, таму парады яе зусім простыя:

– старацца, каб дзецям было цікава

– абавязкова клікаць у паход бацькоў

– а за прафесійнымі парадамі звярнуцца да спецыялістаў.

Той, хто застаўся нанач, смажыў сасіскі і слухаў птушак.

Настаўніца назірае, як сумесныя паходы яднаюць бацькоў. Да чацвертага класа паміж імі складваюцца простыя сяброўскія адносіны. Усе абменьваюцца тэлефонамі, дапамагаюць адзін аднаму забіраць са школы дзяцей.

І мне пасля нефармальных адносінаў у паходзе куды прасцей кантактаваць з бацькамі ў школе, на бацькоўскіх сходах, прызнаецца мая субяседніца.

– Пасля нашага апошняга паходу бацькі маіх чацвертакласнікаў прапанавалі схадзіць у паход і ў пятым. – Адказала, што сходзім абавязкова, толькі збярыцеся, – кажа настаўніца.

Фотаздымкі забяспечаныя Ліліяй Монід.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце