weather 22° Маладзечна
weather 22° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 22° Ашмяны
weather 27° Валожын
weather 22° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
21.06.2018 08:00 ,

Пяць правілаў, якія дазваляюць немцам зарабляць больш, а працаваць менш

Фота Deutsch Online.

Нямецкая навука, тэхналогіі і падыход да справы славяцца ва ўсім свеце. Пры гэтым у многіх арганізацыях ідуць на скарачэнне рабочага часу. Як ім удаецца за меншы час рабіць больш і быць паспяховымі, чытайце ў нашым артыкуле.

Правіла 1. На працы – толькі праца

Папіць чаю ў суседнім кабінеце, расказаць калегам, з-за чаго пасварыўся з жонкай, праверыць сацыяльныя сеткі, паперапісвацца ў скайпе з калегай, каб паскардзіцца на начальства, заказаць талон у паліклініку для дзіцяці, пачытаць навіны пра любімы серыял, выбраць мадэль новага тэлефона, аплаціць камунальныя з рабочага камп’ютара – усе гэтыя шкодныя звычкі, такія папулярныя сярод беларусаў.

Немцы ж выдатна разумеюць, што час на працы аплачваецца не за тое, каб вы вырашалі свае асабістыя праблемы. Вам плацяць за эфектыўнасць. І калі замест працы займацца рознымі пабочнымі справамі, часу на саму работу застаецца не так і шмат. Многія беларусы дазваляюць сабе займацца хоць чым, абы не працаваць. У выніку гэта моцна б’е па ўласных выніках, шкодзіць кампаніі і ўвогуле ўсім. Таму немцы адразу і рэзка спыняюць і робяць заўвагу калегам, якія марнуюць рабочы час на свае праблемы.

Гэта не значыць, што нельга зрабіць перапынак на каву і коратка абмеркаваць з калегамі тое, што хвалюе, ці адказаць на званок мужа. Гэта значыць, што такімі справамі нельга злоўжываць.

А самае галоўнае – не скардзіцеся на нізкую зарплату, калі не выкладваецеся на працы на 100%. Паверце, начальства заўсёды бачыць, наколькі шчыра вы выконваеце задачы.

У дакументальным фільме ВВС немка расказвала пра культурны шок, які атрымала ў час працы па абмене ў Вялікабрытаніі. “Работнікі ўвесь час абмяркоўваюць асабістае жыццё ў рабочы час. Высвятляюць, у каго якія планы на вечар і без канца ходзяць піць каву”, – расказвала яна. Жанчына была здзіўленая, што калегі пастаянна сядзелі ў сацыяльных сетках. У Германіі ж карыстацца поштай ці “Фэйсбукам” на працы можна толькі для вырашэння рабочых пытанняў.

Як толькі вы самі жорстка паставіце межы паміж працай і асабістым жыццём, у вас з’явіцца больш часу і вы станеце менш стамляцца, зарабляць, хутчэй за ўсё, пачняце больш. Паспрабуйце.

Правіла 2. Усё, з чым працуеш, мае мэту

Бізнес-сустрэчы і размовы для немцаў мэтаарыентаваныя. Гэта значыць, што партнёр-немец пасля ветлівага вітання не будзе хадзіць вакол тэмы. Не спытаецца: “А ці магчыма атрымаць мой заказ заўтра а 10 гадзіне?”. Ён скажа: “Гэты заказ патрэбны мне заўтра ў 10:00”.

Такі падыход эканоміць час абодвум бакам, а таксама нервы. Таму што выключае сумневы, ці так сказаў, ці зразумелі мяне. Праца – гэта зона дакладнасці. І тут кожны абавязаны выконваць сваю ролю, за гэта нам і плацяць. Не месца пакрыўдзіцца ці закрануць чыесьці пачуцці. Мы ўсе на вялізным рынку, дзе кожны прадае свае ўменні ці тавары. Пагаджаецеся на ўмовы – ідзём далей. Не – развітваемся. Усё проста і без лішніх замарочак.

Правіла 3. Шануй час, гэта самы каштоўны рэсурс

Гэта правіла звязанае з правілам №1. Аднак тут усё крыху шырэй.

У першую чаргу не трэба марнаваць час. Плануйце рабочы дзень, вечары, выхадныя. Складзіце графік важных спраў, якія неабходна паспець.

Тое, што час – гэта грошы, немцы ведаюць выдатна. Хаця ў некаторых установах няма дакладнага графіка працы, усе разумеюць, што адпрацаваць ты павінны, напрыклад, сем гадзін. Можаш прыйсці на працу ў сем раніцы ці ў дзесяць, але адпрацуй сваё.

У большасці выпадкаў рабочы час наймальніку кантраляваць не даводзіцца. Усе разумеюць, што, халтурачы з часам, робіш шкоду і сабе, і кампаніі. Таму цяпер у Германіі тыя арганізацыі, якія могуць гэта сабе дазволіць, спакойна пераходзяць да гібкага графіка.

Любое спазненне немцы ўспрымаюць як непавагу да дзелавога пратакола і да сябе асабіста. У многіх культурах, напрыклад, у Лацінскай Амерыцы, быць пунктуальным неабавязкова. Аднак калі вы хочаце арыентавацца на поспех па-нямецку, то вам варта пераймаць іх падыход да вядзення спраў.

Правіла 4. Гарантыі

Аплачаны адпачынак па цяжарнасці, родах і доглядзе за дзіцем у многіх краінах можа толькі сніцца.

Заканадаўча ў Германіі забаронена рабочы час у суткі перабольшваць за восем гадзін. У надзвычайных выпадках можна працягнуць працу да 10 гадзін. Па гэтай прычыне ў нядзелю не працуе большасць магазінаў – усе павінны мець магчымасць правесці час з сям’ёй. Таму закупляюцца ў Германіі звычайна ў будныя дні ці ў суботу.

Правіла 5. Якасны і цікавы адпачынак

Адпачынак для немцаў складае 25-30 дзён. Звычайна яго разбіваюць на дзве часткі, каб была магчымасць адпачыць і летам, і зімой.

У выхадныя немцы імкнуцца правесці час у клубе па інтарэсах, парку, забаўляльным цэнтры ці проста з сям’ёй. Таму што кожнаму неабходна добра адпачываць і разгрузіцца, каб быць поўным энергіі і працаваць напоўніцу ў рабочы час.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце