weather 24° Маладзечна
weather 24° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 24° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 24° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
22.06.2018 10:33 ,

У гэтую нядзелю маладыя музыканты ставяць оперу ў Маладзечне пад кіраўніцтвам італьянскага маэстра

А ў антракце абяцаюць сюрпрыз.

Прэм’ера амбіцыйнай творчай задумы адбудзецца ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў нядзелю, 24 чэрвеня.

Такі міжнародны праект задумаў выхаванец маладзечанскага музкаледжа Андрэй Мікульчык, а ідэю падтрымаў кіраўнік драмтэатра Юры Крывенькі.

– Нам было галоўнае паказаць таленавітую моладзь, – кажа дырэктар драмтэатра. – Самі сабраліся і зрабілі. Я даўно марыў, каб пры тэатры збіраліся маладыя творчыя людзі – хто піша, малюе, спявае. Каб вынік іх культурнай працы маглі ацаніць і бацькі.

Як рыхтаваліся

Працаваць над творам было няпроста. Удзельнікі жывуць у розных краінах. Кожны рыхтаваў сваю частку, некалькі разоў сустракаліся ў Прыбалтыцы, Празе, Італіі. Увесь працэс курыраваў фларэнційскі маэстра Паола дэ Напалі.

Касцюмы і дэкарацыі выкарыстоўваюць тыя, што ўжо былі ў запасе тэатра.

Гунта, якая іграе галоўную гераіню, прыехала за тыдзень, каб удзельнікі маглі адрэпеціраваць усё дасканала і ў дэкарацыях. Маэстра Паола дэ Напалі прыязджае за некалькі дзён, каб кіраваць апошнімі рэпетыцыямі.

– У оперным свеце гэта нармальна, – кажа Гунта. – Кожны рыхтуецца самастойна, пасля з’язджаюцца і заканчваюць.

Гунта Гельготэ – салістка Літоўскага нацыянальнага опернага тэатра, па нацыянальнасці латышка, цяпер жыве ў Вільні. Маэстра Паола дэ  Напалі з Фларэнцыі выступае ў пастаноўцы рэжысёрам.

Маладзечанцы Сяргей Саланенка іграе нямога слугу Веспонэ, а Андрэй Мікульчык – багатага гультая Убэрта.

Андрэй свабодна размаўляе на італьянскай, таму складанасцяў з вывучэннем матэрыялу не было. Аднак трэба таксама ведаць шмат нюансаў, якія прасочваюцца паміж радкамі.

Спевы будзе суправаджаць аркестр. Першая скрыпка – Вольга Козік, другая – Юлія Храмец, фартэпіяна – Марыя Лі, віяланчэль – Валянціна Сцяпанава.

– Мы гэта робім, каб паэксперыментаваць, – расказвае Мікульчык. – Опера ў Беларусі не так і моцна развітая. Адзін оперны і музычны тэатр. І калі ў Беларусі опера не ў Мінску, то ў Маладзечне.

Што гэта будзе

Камічная опера Джавані Пергалезі “Служанка-гаспадыня” ў стылі барока ідзе ў першай частцы. Пасля будзе гала-канцэрт папулярных оперных арый у выкананні запрошаных спевакоў. А ў антракце абяцаюць незабыўны сюрпрыз.

Пасля паказу ў Маладзечне арганізатары ацэняць, ці будуць ставіць п’есу і ў іншых месцах.

З сабраных за білеты грошы тэатр аплаціць ганарар дэ Напалі і камунальныя растраты за выкарыстанне памяшканне на рэпетыцыях і ў час самой прэм’еры.

Пачатак у 20 гадзін. Дырэктар вырашыў рызыкнуць, як маладзечанцы ўспрымуць такі час пачатку спектакля.

Оперы ў Маладзечне раней ставіў дырэктар музкаледжа Рыгор Сарока. А вось на сцэне драмтэтра ставяць упершыню. Паставіць оперу – гэта амбіцыйны праект. Прытым, што арганізатары гледачу пакуль невядомыя.

Пра што опера

Упершыню оперу “Служанка-гаспадыня” паставілі ў Неапалі ў 1733 годзе.

У пастаноўцы высмейваюцца заможныя гультаі, якія нічога не робяць, спяць паўдня. А хітрая служанка з дапамогай іншага слугі змагла абвесці такога мажора вакол пальца і ажаніць на сабе. Так дзяўчына са служанкі ператварылася ў гаспадыню.

Сюжэт вельмі просты, музыка дае ясныя характарыстыкі, таму хаця гучыць па-італьянску, зразумелая будзе кожнаму маладзечанцу.

П’еса невялікая, і таму яе лёгка ўспрымуць гледачы. Гэта быў першы сюжэт, дзе высмейваліся багацеі. Многія былі абураныя сюжэтам, таму што ў тэатр хадзілі якраз заможныя. Пасля ідэю падхапілі іншыя майстры. Пергарэзі напісаў оперу ў 23 гады, а памёр у 26.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце