weather 24° Маладзечна
weather 24° Вілейка
weather 28° Смаргонь
weather 24° Ашмяны
weather 26° Валожын
weather 24° Мядзел
weather 28° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3272
1 долар 1.9984
100 рас.руб. 3.1481
08.07.2018 10:00 ,

Як плача дах і дыхаюць нябёсы, піша ў новым зборніку вілейскі паэт Уладзімір Цанунін

Таленавіты вілейскі паэт член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Цанунін парадаваў нас выпускам чарговага паэтычнага зборніка пад назвай “Страчанае рэха”, дзе змешчаныя вершы аб прыродзе. Яго можна лічыць працягам кніжкі “Пушчанскія галасы”; і тут кожны слупок прымушае чытача разам з аўтарам перажываць пачутае і ўбачанае. Так што мінскае выдавецтва “Колоград” не памылілася, паднёсшы чытачам такі сюрпрыз.

Надрукаваная на афсетнай паперы і аформленая ў цвёрдым пераплёце кніга на 75 вершаў адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Шкада, што тыраж малы – усяго 99 экзэмпляраў.

Ужо самі падраздзелы зборніка сведчаць аб вобразнасці, да якой звяртаецца аўтар: “Заплакаў дах капежам”, “Нябёсы дыхаюць блакітам”, “Пасівела неба над ракою” і “Мароз рассыпаў срэбра”.

Кніжка пачынаецца вершам “Вясенні перазвон”. І той, хто нераўнадушны да прыроды, з радасць знаёміцца з радкамі:

Капеж у вёсцы дацямна

Звініць няспынна…

Прыйшла жаданая вясна

У мае мясціны.

Фота Golos.io.

Чытачу дадзенае права падумаць, а чаму капеж звініць толькі дацямна? А таму, што ноччу – замаразкі, і з дахаў вада не капае.

Паэт ніколі не праходзіць міма трагічных падзей, хоць гэта іншы раз тычыцца драпежнікаў, і перажывае разам з намі. У вершы “Мацярынскі інстынкт” старая ваўчыца, у якой засталося толькі адно дзіцянё (астатніх “разадралі ганчакі” пад “вываратнем чорным, у галлі, схавала ваёўчанё, каб людзі потым яго тут выпадкова не знайшлі”. І раптам ёй бок прабіла шротам. Лізнуўшы гарачым языком рану, ваўчыца з апошніх сіл “Старанна маскіравала веццем уваход”. І выснова аўтара:

Нам у яе няшкодна павучыцца

Адказнасці за лёс сваіх дзяцей.

У вершы “Паядынак” паэт ужо не за ваўчыцу з ваўчанём перажывае, а за ласіху, што капытамі абараняе дзіцянё, якое толькі што нарадзілася.

Ласіха, як заўсёды ў час такі,

Не кіне ласяня ваўкам на згубу.

І паляцяць у розныя бакі

Скрываўленыя выбітыя зубы.

Назіраючы за жыццём бароў і пушчаў, Уладзімір Цанунін паказвае, як там штогод сярод буйных парнакапытных ідзе барацьба за прадаўжэнне роду. З верша “Рэвы” мы даведваемся, як пушчанскія алені-рагулі “начамі заклапочана раўлі – сапернікаў на бітву выклікалі”. І вось “у вераснёўскай цішыні… сыходзіліся два прыгажуны ў смяротным, але чэсным паядынку”.

У заключэнне верша:

На гэтую паляну кожны год

Збіраюцца пушчанскія алені,

Каб вырашыць, каму прадоўжыць род,

Каму зваліцца ў бітве на калені.

Па змесце з вершам “Рэвы” пераклікаецца верш ”Страчанае рэха”, які даў назву зборніку. Самцы-алені збіраюцца на бой, каб іх род “у пушчы не загінуў і лес убачыў новых алянятак”.

Над пушчаю лунала, нібы мроя,

У вершалінах страчанае рэха.

Фота belarusgid.by.

Трэба быць вялікім назіральнікам, каб вобразна апісаць і паводзіны дробных лясных насельнікаў: яшчарак, вожыкаў, вужоў, змей, вавёрак, мурашак, шмялёў, дзікіх пчол. І мы перажываем, калі зімой лесарубы спілавалі старую асіну, у якой было пчалінае гняздо, а ў сотах нямала мёду. Лесарубы паклалі іх на снег і рагаталі. На паляне засталіся пчолы, якім не дажыць да вясны.

Чытаеш такія радкі і думаеш: “А хіба нельга было да пачатку лесапавалу вывучыць кожнае дрэва?”.

На гэты ж раз, знаёмячыся з чарговымі вершамі (“Асілкі”), здзіўляешся працавітасці мурашак. Адзін “вялізнага жука ўзваліў на вузенькія плечы. Другая кволая малеча цягнула ўпарта чарвяка”.

І выснова аўтара:

Бадай, не знойдзецца ў прыродзе

Асілкаў большых, чым яны.

І сапраўды: ніводная жывая істота не пацягне груз, які перавышае яе ў вазе ў 50 разоў!

Не застаецца паэт раўнадушным ні да адной пары года, асабліва, здаецца мне, да восені. Раздзел “Пасівела неба над ракою…” адкрываецца вершам “Скрозь восеньскі ажур”, праз які

Сачыла сонца позіркам чырвоным

За сумным клінам шэрых журавоў.

Іх самотны крык “з царкоўным звонам зліўся ў вышыні”.

Скрозь восеньскі ажур гадоў мінулых

Юнацтва ва ўспамінах наплыло.

Фота Sputnik Беларусь.

Знайшлося ў кніжцы месца і для апісання паводзін насельнікаў вадаёмаў, асабліва рэк. Баброў паэт называе  “калматымі будаўнікамі”, якія ўмеюць валіць дрэвы і з дапамогай сплеценых галінак узводзяць плаціну, якую яны старанна затынкоўваюць глеем (“Будаўнік”).

А вось ліні, схаваўшыся гуртам у цёплы сапрапель, заўважылі шчупака, які “вылятаў імкліва збоку”, імгненна зніклі глыбока ў муці “Ліні”.

З верша “Шчупак” я даведаўся, што гэта рыба з’яўляецца не проста драпежнікам, але і санітарам. Бакі яго паласатыя – нябачныя ў чароце, таму шчупак у такіх месцах і робіць засаду, чакаючы не малькоў, а больш буйную хворую ахвяру.

Яму дала прырода дар:

Атакаваць, нібы ракета,

Бо ён – мясцовы санітар,

А мы забыліся пра гэта.

Пра людзей ў зборніку амаль што нічога не апавядаецца, хіба толькі пра тое, як яны разам з дрэвамі бяздумна нішчаць дзікіх пчол, а браканьеры ставяць петлі на звяроў.

Асабняком ад іншых, дзе ўпамінаюцца людзі, стаіць верш “Поле Драздовіча” – расказ пра беларускага мастака, этнографа, фалькларыста, археолага і пісьменніка Язэпа Нарцызавіча Драздовіча, які праславіўся не толькі сваёй вучонасцю, але і тым, што, ходзячы па вёсках, маляваў насценныя дываны пра прыроду.

Яго з ускраіны сяла,

Дзе далі хлеба і напіцца.

Дарога лёсу завяла

У палі бязмежныя пшаніцы.

 

Блакітам пырскаў небакрай.

У каласах віхор сваволіў.

Навокал быў Язэпаў рай,

Дзе адчувааў ён шчасце волі.

Фота polymia.by.

Любіць Уладзімір Цанунін наваколле, усю прыроду. І хоць нарадзіўся ён на беразе іншай, дробнай, рэчкі, але Вяллю прызнае як родную матухну.

Мой ветразь надзімае вецер,

І лодка ўдаль бяжыць сама.

Здаецца, што ў бязмежным свеце

Другой такой ракі няма.

                                            (“Вялля”).

З ім могуць пагадзіцца многія, каго лёс звязаў з гэтай ракой.

Уладзімір Цанунін, як майстар класічнай паэзіі, стараецца пазбягаць дзеяслоўных рыфмаў. Тое ж наглядаецца і ў папярэдніх яго кнігах. Толькі зрэдку, нібы супраць яго волі, могуць праскочыць ў рыфмаваныя радкі дзеясловы “прыняў-браў”, “буркоча-сочыць”, “расцвіла-распляла”, “спрабуе-турбуе”, “здавацца-хавацца”. Дзеяслоў, вядома, усё роўна ў рыфму трапляе, але ўжо са словамі іншых часцін мовы: “дурманіў – у тумане”, “заскуголіў – ніколі”, “мяжы-бяжыць”, “плыве-траве” і г.д.

З аўтарам “Страчанае рэха”, які сцвярджае, што сапраўды паэт павінны пазбягаць дзеяслоўных рыфмаў, можна і паспрачацца. Для прыкладу возьмем Янку Купалу, у якога такіх рыфмаў хоць адбаўляй. Але ад іх купалаўская паэзія не траціць свайго сэнсу. Спашлюся на славуты верш “Я мужык-беларус”, у якім амаль у кожным слупку трапляюцца дзеяслоўныя рыфмы. А ў двух слупках на восем радкоў іх таксама восем:

Сошку з вышак сцягнуў,

Кабылічку ўшчаміў,

Плечы трохі прыгнуў –

Лес на пахаць зрабіў.

 

Эй, каб цёмен не быў,

Чытаць кніжкі ўмеў, –

Я б і долю здабыў,

Я б і песенькі пеў.

Аднак будзем прытрымлівацца паэзіі Цануніна, які ў падборы рытму і рыфмы выяўленчых сродкаў, думаю, стаіць на правільным шляху. Нам ёсць з каго браць прыклад. Пачаткоўцу ж Янку Купалу не было ў каго вучыцца.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце