weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 5° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 4° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 5° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4488
1 долар 2.082
100 рас.руб. 3.1507
10.07.2018 08:00 ,

“Прыходзіць у краму са сваімі пакетамі – гэта не сорамна, а крута!”. Вілейка стала першым горадам, які наведала каманда “Гарады – ZeroWaste” у сваёй экспедыцыі

Можна завесці сабе некалькі палатняных торбаў і кожны дзень падбіраць пад пад адзенне, усміхаецца Ларыса Якавюк. Фота Аляксандры ПАРАХНІ.

Група экспертаў Цэнтра экалагічных рашэнняў (ЦЭР) і валанцёраў наведала Вілейку. Валанцёры за адзін дзень абышлі ледзь не ўсе магазіны і кантэйнеры для смецця, каб пабачыць, наколькі мясцовыя жыхары дбаюць аб навакольным асяроддзі. Эксперты Марыя Сума, Наталля Блышчык і Антон Барысенка ў сваю чаргу накіраваліся ў мясцовы выканкам, а таксама ў госці да мясцовых жыхароў.

Экспедыцыя не выпадкова называецца “Гарады – ZeroWaste” (англ. – “нуль адходаў”): яна прысвечаная менавіта праблеме смецця. Ці магчыма зменшыць аб’ём адходаў і ў канкрэтным доме, і ў цэлым у горадзе? Ці гатовыя да гэтага жыхары і ўлады? Адказы на гэтыя пытанні каманда экспертаў і валанцёраў шукала на вуліцах Вілейкі 26 чэрвеня.

“Не лянуйцеся сартаваць смецце і таптаць пластыкавыя бутэлькі!”

Проста прайсціся па горадзе разам з камандай не атрымліваецца: мы абавязкова спыняемся ля кожнага кантэйнера са смеццем і зазіраем унутр.

– Калі ў вілейскіх дварах ёсць асобныя кантэйнеры для пластыку ці шкла, то часцей за ўсё ў іх менавіта пластык і шкло, – заўважае Марыя Сума. – Але, вядома, не абыходзіцца і без тых, хто кідае пластыкавыя бутэлькі ў агульнае смецце. Цешыць, што калі кантэйнеры перапоўненыя, то людзі не кідаюць пластык у агульнае смецце, а складваюць яго ля перапоўненага бака. Значыць, жаданне сартаваць у віляйчан ёсць.

Эксперты заўважаюць, што не заўсёды смецце вывозіцца своечасова – нярэдка ў вілейскіх дварах можна пабачыць забітыя пад завязку кантэйнеры для пластыку.

– Калі пластыкавыя бутэлькі змінаць перад тым, як выкінуць, то можна добра зэканоміць месца ў кантэйнеры, – кажа спецыяліст. І пацвярджае словы ўласным прыкладам: дастае выкінутыя бутэлькі і топча іх нагамі. Праз пару хвілін такой працы ў кантэйнеры з’яўляецца вольнае месца.

Калі змінаць пластыкавыя бутэлькі, то ў кантэйнеры іх змесціцца ў некалькі разоў болей.

Але ж найбольш эфектыўны спосаб змагацца са смеццем – гэта не прадукаваць і не купляць яго.

– Паводле сусветнай статыстыкі, аб’ём смецця штогод павялічваецца на 5-10%. І гэта пры тым, што колькасць насельніцтва расце куды меншымі тэмпамі, – заўважае Наталля Блышчык. – Большая частка смецця сёння – гэта ўпакоўка.

Прыгадайце, як хутка запаўняецца ваша сметніца пасля паходу ў магазін. Пакеты, каробкі ад пячэння ці цукерак, кантэйнеры з-пад мясных вырабаў, – яшчэ 20 гадоў таму іх колькасць не была такой вялікай.

– Зразумела, што магазін па санітарных нормах павінны забяспечыць тавар упакоўкай, – тлумачыць спецыяліст. – Якой яна будзе – папяровай ці пластыкавай, – выбірае сам. Але ў нас як у пакупнікоў часта ёсць выбар: напрыклад, купіць 200 грамаў цукерак у новы пакет ці ў сваю торбачку.

Картонная ўпакоўка ад прадуктаў і лекаў — гэта таксама макулатура.

Хочаце дапамагчы прыродзе? Пачніце з уласнай сям’і

Адзін з прыпынкаў у Вілейцы – кватэра мясцовай жыхаркі, якая вядзе экалагічна сяброўскі лад жыцця. Эксперты ЦЭР завіталі ў госці да віляйчанкі Ларысы Якавюк, менеджара грамадскага аб’яднання “Жывое партнёрства”.

Калі ваша сям’я гатовая больш дбаць пра навакольнае асяроддзе і для гэтага крыху змяніць паўсядзённыя звычкі, то прыслухайцеся да парадаў спадарыні Ларысы.

  1. Завядзіце скрыню для макулатуры, у якую збірайце не толькі газеты і рэкламныя буклеты, але і кардонную ўпакоўку ад чая, лекаў, папяровыя пакеты ад мукі і цукру, утулкі ад туалетнай паперы.
  2. Пластыкавыя пакеты выкарыстоўвайце столькі разоў, колькі гэта магчыма. Калі дома іх збіраецца зашмат – выкарыстоўвайце “майкі” як пакеты для смецця, каб не набываць новыя.
  3. Калі ў вас рэгулярна з’яўляюцца пратэрмінаваныя прадукты, паспрабуйце знайсці тых, каму яны спатрэбяцца: магчыма, сусед трымае свіней ці курэй або суседка мае яму з кампостам.
  4. Паспрабуйце прыбірацца ў кватэры з мінімумам хімічных сродкаў, выкарыстоўваючы правераныя гадамі соду і воцат.
  5. Калі разумееце, што некаторымі рэчамі не карыстаецеся, – паспрабуйце прадаць ці аддаць іх тым, каму яны патрэбныя. Вопратка, посуд ці торба – у інтэрнэце хопіць тых, хто адгукнецца на вашу прапанову.
  6. Не рабіце “падарункаў для падарункаў”. Калі збіраецеся ў госці, не нясіце гаспадару рэчы толькі таму, што няёмка прыйсці з пустымі рукамі. Лепей або запытацца ў чалавека, што яму сапраўды неабходна, або падарыць паслугу – напрыклад, адрамантаваць тэлевізар.
  7. Замяніце лямпачкі ў кватэры на святлодыёдныя, не пакідайце электрапрыборы ў рэжыме чакання і адмоўцеся ад электрачайніка, калі маеце газавую пліту. Гэта зэканоміць і электраэнергію, і вашы грошы.
  8. Калі маеце звычку насіць з сабой пітную ваду, то завядзіце бутэльку са шкла або пластыку для шматразовага выкарыстання.

Мой адзіны дапаможнік падчас прыборкі дома — гаспадарчае мыла, — кажа спадарыня Ларыса.

Да таго ж Ларыса Якавюк нагадала пра акцыю, якую ладзіць “Жывое партнёрства”: перадаўшы ў арганізацыю 50 пластыкавых накрывак (ад малака, газаваных напояў і г.д.) вы зможаце атрымаць фірменную льняную торбачку. А за 100 накрывачак – шматразовую складную торбачку.

– У краінах ЕС практыка збору накрывак вельмі пашыраная, – тлумачыць спадарыня Ларыса. – Яны робяцца з адмысловага, шчыльнага пластыку. Калі яго пераплавіць, то з атрыманай масы можна зрабіць, напрыклад, пратэз рукі ці нагі.

Квас – у свой кубак, арэхі – у свой мяшочак

Занятыя даследаваннямі ў Вілейцы былі не толькі эксперты, але і валанцёры. Падзяліўшыся на пары, яны праводзілі свае невялікія эксперыменты.

Кожны з іх меў аднолькавае заданне – купіць у краме любы сыпучы прадукт у сваю тару, папрасіць наліць квас ва ўласны кубак, а таксама выкінуць батарэйкі ў спецыяльныя скрыні.

З батарэйкамі праблем не ўзнікала – амаль у кожнай краме Вілейкі ёсць спецыяльная скрыня для іх збору, паколькі гэта небяспечнае смецце, якое ні ў якім разе нельга выкідаць у звычайную сметніцу. Але і тут не абышлося без непаразуменняў.

Валанцёры Дзмітры Бартош і Аня Пятушак прывезлі ў Вілейку свае слоікі і палатняныя торбачкі, каб купляць прадукты на вагу.

Размовы з вілейчукамі.

– У адной краме я запытаўся, куды можна выкінуць батарэйку, – кажа валанцёр Дзмітры Бартош. – На што прадавец проста працягнуў мне руку са словамі: “Давайце мне, я выкіну”. Калі я запытаўся куды, ён адказаў: “Як куды? У сметніцу”.

З сыпучымі прадуктамі было прасцей. Хоць прадаўцы не хавалі свайго здзіўлення, але выконвалі просьбу пакупніка і насыпалі арэхі ў палатняны мяшочак. Без пытанняў у прынесеным мяшочку ўзважылі і кавалак пірага.

– Вы б бачылі, як на нас глядзелі некаторыя прадаўцы! – кажуць валанцёры. – Чамусьці многія думаюць, што калі ты ходзіш са сваім пакетам, то ты або бедны, або ненармальны. Але дбаць пра прыроду – гэта не сорамна, а крута!

Валанцёры назіралі за іншымі пакупнікамі і адзначалі: многія з іх прыходзяць за пакупкамі са сваімі пластыкавымі пакетамі і не бяруць новыя на касе.

– Але на рынку і ў тых месцах, дзе нешта бярэцца на вагу, рука прадаўца настолькі аўтаматычна адрывае новы пластыкавы пакет, калі падыходзіць новы чалавек, што страшна робіцца, – дзеліцца ўражаннямі Наталля Блышчык. – Можна ўявіць, колькі аднаразовага пластыку за дзень праходзіць праз аднаго прадаўца.

Наступны пункт эксперыментаў – пакупка квасу. Валанцёрам без праблем налівалі напой у іх уласныя тэрмакубкі. Адзінае, што хвалявала пры гэтым прадаўцоў, – іх аб’ём.

Спецыялісты ЦЭР звярнулі ўвагу на тое, што кантэйнеры з сартаваным смеццем не заўсёды вывозяцца сваечасова.

– Мой тэрмакубак разлічаны на 350 мілілітраў, а квас прадаецца па 250 і 1000, таму прадавец спачатку наліў 250 у сваю мерную шклянку, а пасля пераліў мне, – кажа Наталля Блышчык.

У размовах прадаўцы казалі, што часам віляйчане прыходзяць па квас са сваёй тарай. Але калі тара брудная ці кепска пахне, прадавец не налье ў яе квас – у такім выпадку ён не можа гарантаваць якасці прадукту.

– А мой кубак прадавец нават памыла сваёй мінералкай, калі пабачыла ў ім рэшткі кавы, – дадае валанцёрка Аня Пятушак. – Такі клопат вельмі прыемны!

Вынікі эксперыментаў паказалі – сфера паслугаў у Вілейцы адкрытая да тых, хто хоча весці свядомы экалагічны лад жыцця. Валанцёры перакананыя, што гэтым трэба карыстацца. Тады віляйчане будуць усё радзей бачыць здзіўленне ў вачах прадаўца пры словах “у мой пакет, калі ласка”.

Купіць грэцкія арэхі ў свой мяшочак — лёгка!

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце