weather 7° Маладзечна
weather 7° Вілейка
weather 6° Смаргонь
weather 7° Ашмяны
weather 6° Валожын
weather 7° Мядзел
weather 6° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4488
1 долар 2.082
100 рас.руб. 3.1507
11.07.2018 09:00 ,

Як можна пабудаваць бізнес у вёсцы

Андрэй Васілеўскі з вёскі Дзярэчын Капыльскага раёна пачаў свой бізнес з куплі шасці свіней. За 12 гадоў працы на сябе ён адкрыў СТА і кафэ. У планах – будаўніцтва лазні, басейна і крамы.

Вёска Дзярэчын далёка ад райцэнтраў: 20 кіламетраў да Капыля, 35 – да Слуцка, 50 –да Салігорска. У ёй жыве каля 80 чалавек. Ні клуба, ні крамы ў сяле няма, транспарт у райцэнтр не ходзіць. Моладзь з’язджае, старыя ціха дажываюць свой век.

Андрэй Васілеўскі пасля школы скончыў ПТВ па спецыяльнасці «трактарыст-машыніст», да арміі працаваў у калгасе.

«З арміі вярнуўся дадому якраз у пачатку дзевяностых, – расказвае ён. – Ні працы, ні заробку. Уладкаваўся трактарыстам – праца звыклая, зарплата капейкавая. Перайшоў на свінакомплекс слесарам-аператарам. Потым некалькі гадоў працаваў будаўніком у Беларусі і Расіі».

Пасля Андрэй асеў у Капылі. Браўся за любую працу. Але ні дастатку, ні задавальнення ад працы не атрымліваў.

«Рашэнне пераехаць у вёску паўстала не проста так, – кажа Андрэй. – Захварэлі бацькі, на іх апецы заставаўся малодшы брат-інвалід. Трэба было даглядаць і весці гаспадарку».

Пачаў усё спачатку

Андрэй вярнуўся ў Дзярэчын у 2005 годзе. Дапамогі па доглядзе за бацькамі і братам на жыццё не хапала. Эканоміць сямейны бюджэт дазваляла асабістае гаспадарка: куры, качкі, трусы, карова, агарод.

Аднойчы заняў грошы ў родных і знаёмых і купіў шэсць свіней. З іх і пачаўся яго шлях у прадпрымальніцтва. За тры гады пагалоўе свіней павялічылася да 60. Мяса прадаваў спачатку скупшчыкам, а потым сам стаў гандляваць на рынку ў Салігорску. Чысты прыбытак тады складаў каля 10%.

У 2007 годзе пазнаёміўся з будучай жонкай. Яна працавала ў Капылі сакратаром-рэферэнтам, але пагадзілася пераехаць у вёску. Так у доме з’явілася гаспадыня і памочніца ў справах.

У 2009 годзе Андрэй аформіў ІП. Яно дало права прадаваць не толькі прадукцыю з уласнага падворка, але і займацца скупкай жывёлы ў насельніцтва.

Працавалі шмат і жылі нябедна

Даходы сям’і паступова павялічваліся. Чысты прыбытак ад гаспадаркі за вылікам усіх выдаткаў складаў 20-25%. Увесь даход укладвалі ў абарот вытворчасці. «На рынку я прадаваў у месяц 10-15 свіней», – тлумачыць Андрэй.

У 2013 годзе сям’я купіла цялят і коней. «За два гады пагалоўе коней павялічылася да 16. Колькі было бычкоў, дакладна не скажу, пастаянна здавалі скупшчыкам. Чысты прыбытак павялічыўся да 30-35%».

Корм Андрэй купляў у калгасе: ячмень, пшаніцу, сена, а на прадпрыемстве – камбікорм. Прыкладна палову ад неабходнага аб’ёму кармоў вырошчвалі самі.

Для гэтага дамовіўся з уладальнікамі пустуючых участкаў і засейвалі іх збожжавымі, бульбай і травой. Пазней выкупіў два пустуючыя дамы разам з участкамі, яшчэ два арандаваў, адзін участак дастаўся ў спадчыну ад бабулі.

Бяда прыйшла ў 2015 годзе. Гаспадарка страціла ўсіх свіней з-за чумы і панесла вялікія страты. Свіней вырашылі больш не разводзіць.

СТА – больш надзейны бізнес

У 2015 годзе сельсавет выставіў на таргі былы сельскі клуб. Прапанова падалася Андрэю цікавай і своечасовай. «Прыватны падворак – справа прыбытковая, калі не ўмяшаецца прырода. Вырашыў, што кафэ і СТА – больш надзейны бізнес», – тлумачыць Андрэй.

У 2016 годзе прадаў усіх коней і бычкоў, каб купіць будынак і зрабіць рамонт. Узяў у банку льготны крэдыт па праграме развіцця малога бізнесу – 30 недэмінаваных мільёнаў рублёў аформіў на сябе, 45 – на жонку.

Рэшткі старога клуба абышліся Андрэю ў 50 мільёнаў рублёў. Амаль год ішоў рамонт, будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

У верасні 2016 года адкрылася СТА, а 26 снежня – кафэ. За год кафэ і СТА яшчэ не акупіліся. Прыбытак ідзе на пагашэнне крэдыту, працягваюцца работы па добраўпарадкаванні.

Кліенты ў СТА ёсць заўсёды

СТА не прастойвае, заўсёды ёсць кліенты. У майстэрні працуюць два чалавекі: механік-электрык і сам Андрэй. Па заказах кліентаў выязджаюць у іншыя населеныя пункты, рамантуюць і калгасную тэхніку. У дзень у майстэрні абслугоўваецца ад дзвюх да шасці машын.

У кафэ працуюць два чалавекі: кухар і жонка Андрэя. Днём у працоўныя дні ў кафэ наведнікаў мала, часцей мясцовыя прыходзяць купіць што-небудзь з прадуктаў. На кубак кавы або гарбаты зазіраюць гаспадары машын, якія чакаюць заканчэння рамонту.

Бліжэй да вечара прыязджаюць моладзевыя кампаніі з 5-10 чалавек з навакольных вёсак, Салігорска і Капыля. Іх прыцягваюць зніжкі і цэны, якія ніжэй за кошт выкарыстання гародніны і садавіны з уласнага падворка.

У выхадныя дні ў кафэ шматлюдна – праходзяць вяселлі, дні нараджэння, памінкі. Абеды на 30 чалавек рыхтуе жонка, але калі заказаў шмат, Андрэй дадаткова запрашае кухараў.

У планах – пабудаваць побач з кафэ дзіцячую гульнявую пляцоўку, лазню з саўнай і басейнам, магазін.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце