weather -3° Маладзечна
weather -3° Вілейка
weather -1° Смаргонь
weather -3° Ашмяны
weather -2° Валожын
weather -3° Мядзел
weather -1° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4042
1 долар 2.122
100 рас.руб. 3.1935
14.07.2018 12:00 ,

Віляйчанін заклікае паставіць памятны знак фалькларысту ў Вешках

Ілюстрацыйны здымак. Фота Depositphotos.

Такую прапанову агучылі падчас канферэнцыі са скульптарам Уладзімірам Слабодчыкавым 3 ліпеня ў Вілейцы.

Мерапрыемства праходзіла ў межах выставы скульптара ў Доме культуры. З ініцыятывай выступіў аўтар кнігі “Пра Вяллю, рыбу і рыбалку” Міхаіл Міхалевіч. Віляйчанін патлумачыў, што Слабодчыкаў мог бы вырабіць і ўсталяваць памятны знак альбо скульптуру ў гонар вядомага кампазітара і фалькларыста Нестара Сакалоўскага. Усталяваць мемарыяльны знак варта ў вёсцы Вешкі, дзе і нарадзіўся Сакалоўскі.

Сакалоўскі і Слабодчыкаў – землякі

Вёска Вешкі раскінулася ўздоўж  берага вярхоўя Віліі побач з мяжой Вілейскага раёна, на мяжы Бярозкаўскага і Даўгінаўскага сельсаветаў, за Мільчай і Саланым.  Даўней яна ўваходзіла ў склад Вілейскага павета.

З  Вешак   пачынаўся сплаў нарыхтаванага ўзімку лесу па Віліі да Вільні і Коўна. Хаця  адміністрацыйна Вешкі  адносяцца  да  Докшыцкага раёна, іх жыхары  кожную нядзелю хадзілі на кірмаш у мястэчка Даўгінава. Дарэчы, менавіта ў Даўгінаве  нарадзіўся, рос і вучыўся у школе  скульптар Слабодчыкаў. Дзесяць вёрст – не адлегласць для гаспадара з канём.

Толькі ў 1920-1939 гадах  было немагчыма трапіць  з Вешак у Даўгінава, таму што пралягла мяжа. У гады вайны жыхары Вешак хадзілі да святара Мільчанскай царквы Даўгінаўскай парафіі.  Так што Слабодчыкаў і Сакалоўскі – амаль з адной мясцовасці, іх можна назваць землякамі.

Несцер Сакалоўскі.

Памятаюць месца, дзе стаяла хата Сакалоўскіх

Міхалевіч урачыста дарыў кнігу “Пра Вяллю, рыбу і рыбалку” скульптару. У прамове ён прыгадаў, як падчас экспедыцыі “Шляхам графа Тышкевіча” сустрэўся з  жыхаркай Вешак Зосяй Несцяронак. Яна –  апошняя з жыхароў Вешак, хто дакладна памятае месца, дзе стаяла хата славутага кампазітара. Ніхто не пазначыў тое месца на беразе Віліі ні помнікам, ні шыльдай.

Такога стаўлення да значных асоб немагчыма ўявіць сабе ў нашых суседзяў , дзе  цячэ тая самая рака Вялля, але ўжо пад назвай Нерыс. Напрыклад, аўтар гімна Літвы Вінцас Кудзірка ўшанаваны і шыкоўнымі помнікамі, і назвамі плошчы і вуліц. А з Нестарам Сакалоўскім усё вельмі сціпла.

Варта паглядзець, што робіцца ў суседзяў, і пераняць усё лепшае. А ў год, абвешчаны годам малой Радзімы, такія задачы павінны быць у прыярытэце.

Уладзімір Слабодчыкаў пагадзіўся з прапановай і абяцаў падумаць, як арганізаваць пленэр у Вешках са студэнтамі, што вучацца манументальнаму мастацтву. Будзем спадзявацца, што з’явяцца архітэктурныя праекты помніка ці памятнага знака, дастойныя музыкі нашага земляка.

Фото Віктара ТОНКАВІЧА. Падчас канферэнцыі.

Вытрымкі з кнігі “Пра Вяллю, рыбу і рыбалку”

…Вёска Вешкі (8 км/503) Бярозкаўскага с/с Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці.

Ніна Трафімаўна Шустоўская (дзяв. Рудкоўская), 1936 г. н., мясцовая:

– Хадзілі мы з маім мужам у рыбу, як ён кавалерам яшчэ быў. Лавілі, ну як называюць шчупакі, пападаліся, ну плоткі. Дзеці бегалі, дык у бучы лавілі і проста ціскалі рукамі ў траве. Цяпер ужо Вілля зарастае.

Так, пра Нестара Сакалоўскага знаю, і ён яшчэ родсцвеннік нам, а дзе быў дом, так не скажу, не памятаю. Плыты вязалі пад канец вёскі і лес ганялі.

Зося Кандратаўна Несцяронак (дзяв.Сакалоўская), 1934 г. н.:

– … Мая мама, Зося Аляксандраўна, была Нестару стрыечная сястра, а тата мой Сакалоўскі Якаў Кандратавіч, з 1910 г. Мужык мой з Юрылава. Пяць дзяцей у нас, усе раз’ехаўшыся. Вешкі да 39 года былі ня ў Польшчу. Вілля даўней была глыбокая, усе купаліся, а я не ж, ня ўмею і вады баюся. Рыбу лавілі. Шчупакі былі самыя смачныя. Карасі былі сладзенькія, але многа ў іх касцей, а так сладзенькія. Маленькую рыбу нават сын мой лавіў кошыкам. Было і рыбы, і ракаў. Ракаў варылі і елі.

А потым чаму тут рыбы не стала? Во тут во недалёка, там на пагорку з аміякамі былі бальшыя бочкі. Аміяк лілі гэта ўжо пры саўхозе. Спачатку тут калхоз быў, а потым саўхоз. Бочкі там палажылі, ля Вілейкі радам, але на гэтым баку, сюды, да нас. Гэтыя бочкі ўзарваліся, і ўсё ж у раку пайшло. І ўсё, пасля таго няма рыбы, няма ракаў.

…Мой папа быў дзясяцкі, прымаў лес. Ганялі ў Вялейку. Ганяў на плыты. І каля берагоў ішлі, гналі. У іх былі такія длінныя шасты – бусакі. Бусакамі ад берага адганялі і пяшком. Гналі баланс – ну, гэта такія, як дровы прадаюць. Звалі моллю, як цяпер на дровы рэжуць, па 2 мэтры. Быў моль і даўжок. А даўжок — гэта каторы страіцельнае дрэва. Вада была чысценька, пілі ваду людзі з ракі, а ў нас з крыніцы бралі. Вілля памялела і стала зарастаць ужо як перасталі па ёй лес ганяць, як не стала скаціны. Скаціны было поўна. Было людзей, я помню, толькі баб 45 прыходзіла ў брыгаду на работу. А цяпер засталося дзве бабы на стаканніку, адна ўжо зусім ня ходзіць, а другая на калках ходзіць, і там відаць жаўтаваты дом – гэная такая, як і я.

…Сакалоўскія жылі зажытачна, многа зямлі было, кароў, быкоў было. Там авечак было. І вот празднік быў, і на Вялікадне ўсе пайшлі ў цэркву. У Вялейцы была царква. Пайшлі яны ў Вілейку ў царкву. А быў іхні бацька стары. А даўна ж толькі люлькі курылі, самасадам напіхалі. А папірос не было. Самасад сеялі, крышылі. І гэты стары пайшоў есці даваць, закінуў з люлькі ў сена агню. Пакуль з царквы прыйшлі, усё згарэла. Усё згарэла, уся скаціна, усё пагарэла.

Нестар Сакалоўскі – беларускі кампазітар, хормайстар, фалькларыст. Нарадзіўся ў вёсцы Вешкі Докшыцкага раёна. Закончыў Мінскі музычны тэхнікум, Беларускую кансерваторыю. Арганізаваў Ансамбль беларускай народнай песні і танца дзяржаўнай філармоніі. У 1944 годзе заняў пасаду начальніка аддзела мастацкай самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР. Праз два гады стаў старшым рэдактарам рэдакцыі музлітаратуры Белдзяржвыдавецтва.

Ён аўтар музыкі Дзяржаўнага гімна БССР. Менавіта Сакалоўскі пісаў песні на вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Міхася Чарота і іншых выдатных беларускіх паэтаў. Надзвычай важнымі лічаць яго працу з фальклорным матэрыялам. Ён запісаў і апрацаваў больш за 500 песень і найгрышаў.

 

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце