weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3426
1 долар 2.0542
100 рас.руб. 3.0768
19.07.2018 13:25 ,

Праблема вады на вёсцы – адна з самых балючых на Вілейшчыне: пра што гутарылі на сесіі вілейскія дэпутаты

Фота greenbelarus.info.

На апошняй сесіі ў канцы чэрвеня вілейскія дэпутаты абмеркавалі праблему водаадвядзення і водазабеспячэння ў сельскай мясцовасці, а таксама гутарылі пра якасць вады.

У Савеце дэпутатаў адзначаюць, што праблема водаадвядзення і водазабеспячэння на вёсцы адна з самых актуальных і балючых на Вілейшчыне. Менавіта гэтыя пытанні людзі часцей за ўсё закранаюць на прыёмах у дэпутатаў, на сельскіх сходах, у пісьмовых зваротах.

Рашэнне «Аб стане водазабеспячэння і водаадвядзення ў сельскіх населеных пунктах» прынялі яшчэ ў снежні 2015 года. Цяпер слухалі справаздачу пра выкананне гэтага рашэння.

З выступленняў Аляксандра Міны, дырэктара Вілейскага водаканала, Мікалая Сабалеўскага, начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і Наталлі Жаўняровіч, галоўнага доктара Вілейскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прысутныя даведаліся, што з пунктаў рашэння ўжо выканана, а над чым яшчэ трэба папрацаваць.

Усяго на тэрыторыі Вілейшчыны 309 артэзіянскіх свідравін. Падземную прэсную ваду здабываюць са 194. З іх 120 знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемстваў, 58 адносяцца да вілейскага водаканала, яшчэ 15 – на балансе іншых арганізацый. 65 свідравін закансерваваныя. На 50 трэба правесці ліквідацыйны тампанаж – закупорку. Бо тэрмін службы ў іх выйшаў або ёсць дэфекты, таму вада можа забруджвацца.

Летась мадэрнізавалі ачышчальныя збудаванні ў Вілейцы, замянілі помпавае абсталяванне ў Ільі, на ачышчальных збудаваннях горада і раёна. На сямі артэзіянскіх свідравінах помпавае абсталяванне памянялі на новае.

Таксама ў Вілейцы замянілі больш за тысячу метраў зношанага водаправоду. 20 калонак на Вілейшчыне дэмантавалі, на 25 паставілі замкі.

Наталля Жаўняровіч звярнула ўвагу на якасць вады і яе ўплыў на здароўе чалавека. Калі вада не адпавядае мікрабіялагічным і хімічным паказчыкам, гэта можа выклікаць хваробы страўніка і кішэчніка, суставаў, скуры, нервовай сістэмы, печані, з’яўленне камянёў у нырках і развіццё анеміі.

Аналіз, які рабілі спецыялісты Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, паказаў, што ў параўнанні з мінулым годам якасць вады з камунальных водаправодаў палепшылася, а вада з ведамасных водаправодаў і індывідуальных збудаванняў (калодзежаў, свідравін) стала горшай. Найбольш трывожыць спецыялістаў менавіта вада з індывідуальных збудаванняў або, як іх афіцыйна называюць, з крыніц дэцэнтралізаванага водазабеспячэння.

Згодна з Дэкрэтам №7 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  ад 23 лістапада 2017 года «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і іншымі дзяржаўнымі актамі, прадпрымальнікамі павінны выконвацца прынцып добрасумленнасці, стварацца ўмовы, якія б не дапускалі шкоды навакольнаму асяроддзю, жыццю, здароўю, правам і інтарэсам людзей, умоў, якія б спрыялі забеспячэнню грамадзян якаснай пітной вадой. Аднак не ўсе прадпрымальнікі на Вілейшчыне добрасумленна і адказна ставяцца да падобных патрабаванняў.

На Вілейшчыне – 6 тысяч 248 індывідуальных і 34 грамадскія калодзежы. Па выніках праверкі вядома, што 11 грамадскіх калодзежаў знаходзяцца ў нездавальняючым стане. А гэта не лепшым чынам адбиваецца на якасці вады.

Пры гэтым кіраўнікі ўстаноў, на балансе якіх знаходзяцца калодзежы, не праводзяць іх прафілактычную чыстку і дэзінфекцыю, не арганізуюць лабараторны кантроль за якасцю вады, акрамя Любанскага, Людвіноўскага і Даўгінаўскага сельвыканкамаў.

Па выніках сесіі дэпутаты прыйшлі да высновы, што на Вілейшчыне яшчэ ёсць над чым працаваць па праблеме водазабеспячэння і водаадвядзення ў сельскай мясцовасці асабліва сельскагаспадарчым арганізацыям і большасці сельвыканкамаў.

 

 

 

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце