weather 18° Маладзечна
weather 18° Вілейка
weather 20° Смаргонь
weather 18° Ашмяны
weather 18° Валожын
weather 18° Мядзел
weather 20° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.3426
1 долар 2.0542
100 рас.руб. 3.0768
20.07.2018 17:00 ,

Ён сніцца ім кожную ноч. Бацькі забітага Андрэя Касяка напісалі Прэзідэнту

Бацькі забітага ўвосень 2016 года ўраджэнца Вілейкі Андрэя Касяка напісалі пісьмо Аляксандру Лукашэнку ў спадзяванні на дапамогу ў пошуках цела свайго сына. Рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» са згоды блізкіх Андрэя Касяка друкуе фрагменты гэтага ліста.

«Добры дзень, Аляксандр Рыгоравіч!

Дачытайце, калі ласка, наш ліст да канца.

Пішуць Вам бацькі Андрэя Касяка, Зоя і Віктар.

У нас засталася адна надзея – на Вас. Мы доўгі час не можам паха­ваць свайго сына Андрэя і па-хрысціянску ўшанаваць яго памяць.

Андрэя па-зверску забілі 4 лістапада 2016 года. І да гэтага часу мы не ведаем, дзе цела нашага дарагога сыночка, брата, бацькі.

У народзе кажуць: няма большага гора, чым хаваць сваіх дзяцей. У нашым выпадку нават гэта не так. У нас якраз і няма цяпер большага жадання, чым аддаць зямлі нашага першынца. Каб было куды прыйсці на магілку, паплакаць, пагаварыць. Распавесці, якімі рас­туць яго сын і дачка.

Хіба маглі мы ведаць у далёкім 1975-м, калі нарадзіўся наш Андрэйка, што праз шмат гадоў будзем беспаспяхова шукаць яго цела?

Мы заўсёды ганарыліся Андрэем. І як сынам, і як паважаным спецыялістам. Ён ніколі не спыняўся на дасягнутым. Таму, напэўна, у яго цудоўна складвалася кар’ера. Працаваў на кіруючых пасадах у «Мінаблгандальпраме», быў яго дырэктарам, кіраваў прадпрыемствам «Белкаапсэрвіс», Слуцкім райспажыўтаварыствам, кіраваў продажамі ў «Малочным гасцінцы». Ён быў поўны новых планаў і ідэй. Яго цікавілі старыя аўтамабілі, ён будаваў свой дом і сваю будучыню. Але ўсё гэта абарвалася ў той лістападаўскі дзень пазамінулага года.

Яго забівалі запланавана, жорстка, па-зверску і з карысці. Падманам зацягнулі ў пейнтбольны клуб на ўскраіне Мінска. І калі адзін з гэтых катаў, А.С., знаёміў Андрэя са сваім прыяцелем Р.С., каб адцягнуць увагу, то ўдарыў Андрэя ззаду малатком па галаве. З усіх сіл. Каб забіць напэўна.

Але нешта пайшло не так. Наш Андрэй быў вельмі высокім, дужым мужчынам. Справіцца з ім аказалася не проста. А.С. усё-ткі задушыў нашага сына. І калі Андрэй ужо не паказваў прыкмет жыцця, забойцы перанеслі цела ў распранальню клуба, раздзелі яго. У адных трусах ён праляжаў там да вечара.

І як ні ў чым не бывала, яны з’ездзілі да Андрэя дадому ў Калодзішчы і забралі грошы. Гэта даказваюць дадзеныя тэлефонных размоў. Цана жыцця Андрэя, на думку забойцаў, была роўная некалькім дзясяткам тысяч долараў, якія выкралі з дому нашага сына.

Увечары забойцы загарнулі Андрэя ў плёнку, закруцілі скотчам і вывезлі ў невядомае месца.

Рэчы Андрэя спалілі ў бочцы на тэрыторыі пейнтклуба.

Адразу пасля гэтага паехалі забаўляцца. Р.С. – на дзень нараджэння сябра, А.С. – на вечар сустрэчы аднакласнікаў. Справа ж атрымалася! Усё прайшло, як і планавалі.

Што яны казалі за святочным сталом, якія тосты прамаўлялі, як усміхаліся? Жахліва падумаць, што нехта быў рады сустрэчы з імі.

У гэты самы час нежывое цела нашага сыночка астывала недзе пад Мінскам…

Усе падрабязнасці, пра якія мы Вам пішам, Аляксандр Рыгоравіч, да самых дробных дэталяў, былі расказаныя гэтымі катамі падчас следства. Вось толькі, дзе пакінулі яны цела Андрэя, забойцы не прызналіся.

Працэс над імі, які пачаўся 2 мая гэтага года ў гарадскім судзе Мінска, не скончыўся. Лета, адпачынкі … Наўрад ці кагосьці трывожыць нязнойдзенае цела ахвяры злачынства так, як яго блізкіх.

Злачынства ўсё ж такі будзе раскрытае, злачынцы панясуць заслужанае пакаранне. І толькі кожнай ноччу маці і бацьку Андрэя ён будзе з’яўляцца ў сне з адной просьбай: «Мілыя мае, прыйдзіце да мяне на магілку. Я так хачу вас бачыць, мне так шмат ёсць чаго распавесці. Тое, што я не паспеў зрабіць у жыцці».

Аляксандр Рыгоравіч, дапамажыце нам знайсці цела Андрэя. Мы выкарыстоўвалі ўсе нашы магчымасці. Мы ўдзячныя і следчым, і суду, што яны імкнуцца ўстанавіць ісціну. Але так атрымліваецца, што і сродкаў, і сіл следчых, як і суда, не хапае, каб знайсці Андрэя.

Чаму забойцы забываюць самае важнае – дзе схавалі цела забітага? Нам кажуць: «Андрэй у іх не адзін. У іх свае могілкі». Калі гэта так, значыць, акрамя нас нехта таксама чакае-не дачакаецца свайго сынка ці дачушку, брата, сястрычку, маці або баць­ку…

Просім, дапамажыце нам знайсці сына.

Бацькі Андрэя Касяка Зоя Самуілаўна, Касяк Віктар Пятровіч».

Цела ахвяры жорсткага забойства не могуць знайсці амаль два гады. Як знік Андрэй Касяк

Ураджэнец Вілейкі 41-гадовы менеджар сталічнай кампаніі Андрэй Касяк выехаў на «Аўдзі Q7» з Калодзішчаў у Мінск на працу раніцай 4 лістапада 2016 года. На месцы не з’явіўся.

Не абазваўся ён і да родных.

Праз пяць дзён сястра Андрэя Людміла падала ў Мінскае РАУС заяву аб знікненні брата.

Праз пару дзён пасля падачы заявы аб знікненні Касяка ў РАУС паступіла інфармацыя пра тое, што ў пасёлку Лескаўка стаіць падобная да зніклай машына.

На апазнанне машыны быў выкліканы знаёмы зніклага Р.С., сённяшні абвінавачаны ў забойстве Касяка.

Сястра Андрэя ў размове з «РГ» кажа, што ёй да гэтага часу незразумела, чаму не паклікалі яе на гэта апазнанне. На яе думку, следчыя меркавалі, што сваякі нешта могуць утойваць ад следства.

– І зразумела, – кажа Людміла, – Р.С. не апазнаў аўтамабіль.

Сваякі звярнуліся па дапамогу ў выратавальна-пошукавы атрад «Анёл». Менавіта тады і «Рэгіянальная газета» надрукавала просьбу да чытачоў дапамагчы знайсці Касяка.

І на аўтамабіль у Лескаўцы зноў звярнулі ўвагу. Людміла апазнала машыну свайго брата. У багажніку знайшлі кроў Андрэя. Завялі крымінальную справу па факце забойства.

Дома ў Андрэя зніклі грошы. Мабыць, забойцы хацелі завалодаць і аўтамабілем, але нешта пайшло не так.

Справу перадалі ў Цэнтральны апарат Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь.

У забойстве абвінавацілі А.С. 1976 года нараджэння і таго самага Р.С. 1988 года нараджэння.

І калі з А.С. Андрэй Касяк не быў знаёмы, то Р.С. нярэдка быў у Касяка, мог падвозіць яго на аўтамабілі. Ужо пасля знікнення Андрэя ён прыязджаў у госці да Людмілы, прапануючы розныя свае паслугі. Сёння Людміла ўпэўненая, што мэтай тых візітаў Р.С. да яе было толькі даведацца, як ідзе следства.

Цела забітага не могуць знайсці да сёння.

У сваім звароце да Прэзідэнта бацькі Андрэя апісваюць, як забівалі іх сына. На следстве абвінавачаныя расказалі ў падрабязнасцях, як гэта адбылося ў пейнтклубе, дзе гаспадаром быў А.С. Паказалі, як забівалі, як загортвалі і пераносілі цела. Відэазапісы прызнанняў ёсць у адкрытым доступе ў інтэрнэце.

Вось толькі следства так і не дазналася, дзе знаходзіцца тое, што засталося ад Андрэя.

Крымінальная справа складаецца з 20 тамоў. Акрамя як у забойстве Касяка, Р.С. і А.С. абвінавацілі ў махлярстве, вымагальніцтве, пагрозе жыццю і крадзяжы.

У пачатку 2018 года следчыя перадалі справу ў суд.

У Андрэя засталіся дачка і сын ад розных шлюбаў, сястра, бацькі, якія жывуць у Вілейцы.

Абмеркаваць
comments powered by HyperComments
Новае на сайце